«Культура» запрашае… у радыётэатр!
З сярэдзіны верасня ў межах мерапрыемстваў, прысвечаных 95-годдзю Беларускага радыё, канал «Культура» пачне знаёміць слухачоў з лепшымі сучаснымі айчыннымі радыёспектаклямі, запісанымі ў ХХІ стагоддзі.
«У нашых студыях створаны сотні арыгінальных аўдыяспектакляў і радыёверсій пастановак беларускіх тэатраў. Дзякуючы радыётэатру многія акцёры станавіліся знакамітымі на ўсю краіну, рэжысёры за сваю творчую дзейнасць удастойваліся Дзяржаўных прэмій і ганаровых званняў. Гэты каштоўны аўдыяльны скарб мінулага стагоддзя ў нашы дні можна пачуць у эфіры Першага нацыянальнага канала і «Культуры», — распавядае дырэктар канала «Культура» Уладзімір Трапянок. — У наш час колькасць радыёспектакляў зменшылася, аднак тыя работы, што запісваюцца, уваходзяць у катэгорыю здабыткаў сучаснага літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё. Менавіта гэтыя работы пачуюць нашы прыхільнікі».
Серыя трансляцый адбудзецца ў праграме «Радыётэатр. Лепшае», што выходзіць на канале «Культура» ў кожную суботу ў 10:30. Першы ў афішы 12 верасня — радыёспектакль «Ігнатаў рубеж» па п’есе Васіля Ткачова, які быў запісаны ў 2006 годзе і прымеркаваны да 20-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У ролях — народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, народныя артысты Беларусі Марыя Захарэвіч, Арнольд Памазан, Зінаіда Зубкова і іншыя.
Далей слухачоў чакаюць радыёспектаклі «Паэт і дзяўчына» па п’есе Пятра Васючэнкі, «Крыж» па п’есе Аляксея Дударава і «Пастка» паводле аднайменнага твора Васіля Быкава.
Нагадаем, з кастрычніка 2019 у праграме «Радыётэатр. Лепшае» гучаць радыёверсіі пастановак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы да 100-годдзя галоўнай драматычнай сцэны Беларусі і 95-годдзя Беларускага радыё. Кожны новы выпуск праграмы на працягу месяца захоўваецца ў архіве канала «Культура» на сайце www.radiokultura.by.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Белтэлерадыёкампаніі.