Падарожжа Арыны ў Краіну ягад

Арына была вельмі цікаўная дзяўчынка. Яна многа чытала і за свае адзінаццаць гадоў шмат дзе пабывала. Аднойчы Арына трапіла ў Краіну ягад. А было гэта так…

На летніх канікулах Арына адпачывала ў бабулі і дзядулі ў вёсцы. Амаль кожны дзень праходзіў у дзяўчынкі аднолькава: раніцай дапамагала бабулі ў агародзе, а пасля абеду адпачывала з кнігай ці ноўтбукам у садзе, пад дрэвамі, у гамаку. Так было і ў той дзень. Ціха гойдаўся гамак, шумела ад лёгкага ветрыку лісце яблынь і  груш, і Арына не заўважыла, як заснула… 

Краіна ягад сустрэла Арыну ветліва. Цёпла вітала дзяўчынку сонейка. Дрэвы, кусты і кусцікі радасна махалі галінкамі і лісцікамі, ківалі галоўкамі-ягадкамі. “Ідзі да нас, пачувайся як дома, адпачывай і забаўляйся ў нашай чароўнай краіне, – неслася з усіх бакоў.

Арына ішла па вузкай сцежачцы. Ягады, ягады, ягады… Ягады паўсюль. Вось па зямлі, быццам пацеркі, раскіданы суніцы. “Ягады сунуцца да ног, – падумала Арына. «Мы суніцы», — павіталіся маленькія чырвоныя ягадкі, – «мы ніцыя, нікнем да зямлі». І тут Арына ўспомніла, што бабуля прыносіла з лесу такія ягады і называла іх, як і ўсе жыхары вёскі, пазёмкі. Арына здагадалася, чаму ўзнікла такая назва: ягады растуць так, быццам рассыпаныя па зямлі.

Побач з суніцамі раслі іх блізкія родзічы клубніцы. Клубніцы расказалі Арыне, што яны маюць некалькі імёнаў: тру´скаўкі, труска´ўкі, тру´скалкі. “Мы трашчым на зубах, таму нас так назвалі”, – патлумачылі ягады. “А ў вёсцы маёй бабулі вас завуць клубніцы, таму што лічаць: назва ўтварылася ад слова клубы, якое мае значэнне – нешта круглае”, – расказала ягадам Арына.

На імшарынах маленькая падарожніца ўбачыла невысокія кусцікі з яркімі маленькімі лісцікамі і чорнымі круглымі ягадкамі. “Чарніцы! – здагадалася Арына. – Чорныя ягады, якія пакідаюць чорнымі і рукі, і рот”. Чарніцы пазнаёмілі дзяўчынку з братамі буякамі. І вось якую гісторыю расказалі буякі Арыне. Іх часта блыталі з чарніцамі і называлі буйныя чарніцы. З цягам часу засталася назва буйныя, якая ператварылася ў буякі. А яшчэ некаторыя людзі тлумачаць паходжанне назвы буякі ад слова буяць – зелянець, пышна расці. Буякі паскардзіліся новай сяброўцы, што іх яшчэ называюць дурніцамі, хаця гэтая назва не падабаецца ягадам. Іх так назвалі з-за расліны багун, якая заўсёды расце побач з буякамі – дурніцамі. Багун адурманьвальна-духмяны. Калі побач з ім правесці пэўны час, то можна атрымаць галаўны боль – адурэць, як кажуць у народзе. І тут Арына ўбачыла побач з буякамі высокія расліны з дробнымі белымі кветкамі, сабранымі ў суквецце-парасон. Пах ад іх стаяў салодкі, адурманьвальны, і таму дзяўчынка паспяшыла пакінуць паляну з буякамі.

Адышоўшы трошкі ад чарніц і буякоў, Арына трапіла на балота. Тут яна сустрэла брусніцы і журавіны. Ягады папярэдзілі дзяўчынку, каб яна хадзіла па сцежцы і не збочвала з яе, бо можа трапіць у багну. Маленькімі чырвонымі шарыкамі гарэлі ягады брусніцы. Бабуля расказвала ўнучцы, што ў брусніц карысна ўсё: і ягады, і лісцікі. Лісцікі сушаць і гатуюць з іх чай. Арыну цікавіла: як узнікла назва брусніцы, бо ягады і самі не ведалі, чаму так называюцца. І тады яна адчыніла свой ноўтбук і знайшла ў ім інфармацыю, што ў розных мясцовасцях Беларусі брусніцы называюць па-рознаму:  брушніца, баруўка, бружыніца, мучыльнік. Брушніцай, напэўна, завецца таму, што сцяблом — брушкам ляжыць на мохавым падсціле. Баруўкі збіралі ў бары, і таму месца збору дало назву ягадам. Бружыніцамі назвалі ягады таму, што іх мачылі ў расоле на зіму, і яны брадзілі (брудзілі, бружылі). Назва мучыльнік паходзіць не ад назвы мучыць, а ад слова мачыць. Найменне брусніцы звязваюць з назоўнікам брус у значэнні “тачыльны камень”, а яшчэ з адпаведным старажытным дзеясловам, што значыць “тачыць, гладзіць”. Тлумачыцца такая паралель тым, што ягады брусніцы лёгка зрываць, збіраюць іх, нібыта гладзяць. Аднак ёсць у беларускай мове і дзеяслоў бруснець, які мае значэнне “чырванець, загараць”. Магчыма, назва ягады звязана з гэтым словам.

“Хадзі да нас”,  – паклікалі Арыну чырвоныя пацеркі журавін. Дзяўчынка нахілілася да купіны і дакранулася да яркіх чырвоных ягад. “Добры дзень, – павіталася Арына. – Як вас завуць?”. “Мы журавіны – балотныя ягады, якімі любяць ласавацца журавы. Нас яшчэ называюць жураўлінамі. Мы вельмі карысныя: дапамаем хворым на грып. А яшчэ мы самыя стойкія ягады і не баімся марозу. Нас можна збіраць нават пад снегам”, – расказалі аб сабе ягады.

Выйшла Арына з балота і трапіла ў падлесак. З аднаго боку ўбачыла яна зараснікі маліны, з другога – зараснікі ажыны. Канечне, маліны і ажыны былі не такія буйныя, як у бабуліным садзе, але пах ад іх стаяў такі прыемны, што дзяўчынка вырашыла на нейкі час спыніцца каля гэтых ягад. Маліны і ажыны вельмі падобныя. У іх аднолькавыя галіны, пакрытыя калючкамі, падобныя лісцікі і знешні выгляд ягад. Але гэтыя ягады-сястрычкі розняцца колерам: маліны ружовага ці малінавага колеру (назва колеру пайшла ад назвы ягад), а ажыны чорныя. Костачкі ў ажын буйнейшыя за малінавыя, а смак ягад маліны саладзейшы за ажынавы. Напэўна, назва маліны паходзіць ад слова малы. Ягады маліны ўяўляюць сабой маленькія касцянкі, сабраныя ў адну разетку.

Якія толькі назвы ажыны не сустрэнеш на Беларусі! У народзе ягада вядомая як яжына. Можа, таму што калючая, як вожык. Праз костачкі называюць ягады жа´вікі, жаві´на, жаві´ннік, таму што даводзіцца іх доўга жаваць. Цікавая назва ягады скарбарыха – скора (хутка) бярэцца. Ягады нашапталі Арыне, што ганарацца сваёй назвай ажыны. Таму што яна паходзіць ад слова жывіць, зажыўляць. Ягады і лісцікі расліны зажыўляюць раны, іх выкарыстоўваюць для лячэння многіх скураных і страўнікавых захворванняў. Развіталася Арына з малінамі і ажынамі і пайшла далей.

Праз некаторы час дзяўчынка трапіла на сонечную паляну. Там яна ўбачыла чырвоныя ягады, якія складаюцца з чатырох плодзікаў, а ўнутры кожнага маецца буйная костачка. Арына ніколі не бачыла гэтыя ягады, таму вельмі захацела пазнаёміцца з імі. Сціплыя ягадкі расказалі дзяўчынцы, што завуцца касцянікай. “Давайце, я паспрабую растлумачыць вашу назву, – папрасіла Арына. – Напэўна, вы маеце костачкі і таму так называецеся”. “Так, ты правільна мяркуеш, разумная дзяўчынка, – адказалі ягады.

У цудоўнай Краіне ягад ёсць вялікі сад. Арына ішла да яго паўз невялікую рэчку, і раптам на схілах гэтай рэчкі дзяўчынка ўбачыла кусты з чорнымі, чырвонымі і бела-жоўтымі ягадамі. Ягады быццам былі нанізаны на тонкія зялёныя дроцікі. “Парэчкі”, – здагадалася дзяўчынка. Калі Арына з бабуляй збіралі парэчкі ў сваім садзе, то бабуля расказала ўнучцы гісторыю пра парэчкі. У даўнія часы па берагах рэк раслі дзікія ягады. Яны былі кіслыя. Людзі здагадаліся пасяліць гэтыя ягады ў садах, добра даглядалі за імі. І ягады аддзячылі людзям за добры догляд: яны сталі кісла-салодкімі і пахучымі. А яшчэ павялічылася іх ураджайнасць, а таксама час збору – з чэрвеня да жніўня.

У садзе Арына ўбачыла высокі куст, памерам з дрэва, на ствале якога было шмат шыпоў, а галінкі ўвешаныя вялікімі гладкімі авальнымі ягадамі. “Ад каго куст абараняецца?” – падумалася дзяўчынцы. “Як ты завешся, дзіўны куст? – спытала ў незнаёмца дзяўчынка. “Я глог, – адказаў куст і распавёў пра сябе: – Жыву ў садзе даўно, прыношу людзям карысць, бо з маіх ягад робяць шмат лекаў. Шыпы абараняюць мяне ад птушак, якія хочуць паласавацца маімі ягадамі. У глыбокай старажытнасці мяне звалі глод, дарэчы, гэтая назва і сёння бытуе ў некаторых мясцовасцях. Пакаштуй маю ягаду і здагадаешся, чаму я так называюся. Арына паспрабавала: цалкам ягаду не з’есці, аб’ядаеш толькі мяккую частку, бо ўсярэдзіне знаходзяцца маленькія цвёрдыя костачкі. Славяне карысталіся дзеясловам гладаць, адсюль слова глод, а потым яно ператварылася ў слова глог.

Вандроўка па Краіне ягад заканчвалася, як нешта захапіла ўвагу Арыны. Вялікі калючы куст з зялёнымі ягадамі зачапіўся за спадніцу дзяўчынкі. “Ах, які ты агрэсіўны! – крыкнула яму Арына. – Адчапіся ад мяне!”. “Мяне, сапраўды, лічаць агрэсіўным і нават называюць агрэст, але я знарок цябе затрымаў, бо захацеў пачаставаць сваімі мядовымі ягадамі. Паглядзі, як наліліся яны на сонцы, так і просяцца, каб іх з’елі!” Агрэст прапанаваў дзяўчынцы зазірнуць пад куст, там яна знайшла невялікі кошык, у які і паклала ягады агрэсту.

“Арына! Арына! – пачула дзяўчынка голас бабулі. – Прачніся! Як цябе змарыла!” Калі Арына расплюшчыла вочы, то ўбачыла, што ляжыць у гамаку, побач стаіць бабуля і штурхае яе, каб прачнулася, а каля гамака ляжыць кошык агрэсту. Не ведала бабуля, якое дзіўнае падарожжа здзейсніла Арына.

Ульяна Савіцкая, 6 клас, сярэдняя школа №10, Жлобін

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *