Першая песня. Працяг

Вецер прыносіў з азёрнай даліны шэпты трыснягоў і дробныя пырскі вады. Па чыстай вадзяной паверхні плылі адбіткі падсіненых хмараў, і ўсё вакол выглядала спакойным і заміраным. Толькі ад гэтай навакольнай заміранасці трывога разгаралася яшчэ мацней, і сэрца тахкала часта, быццам спрабавала выскачыць з грудзей.
На дубовым узгорку, гледзячы на возера, у якім згасала неба, яны прыселі адпачыць — ці, як удакладніў Йурай, прычакаць.
— Чаго прычакаць? — не ўцярпеў Лель. Лютніст усміхнуўся. А пасля загаварыў.
След параненай казулі цягнецца па пагорках, быццам зыркая барвовая ніць. Ваўчыным чуццём яе лёгка злавіць, і Йураю ясна: падранак, хістаючыся, ідзе да вады. Сонца сядзе, і на пах крыві пачнуць збірацца мясцовыя драпежнікі, меншыя і большыя. Не змогуць супрацьстаяць адвечнаму Голаду, выберуцца з берлагоў.
— І ты… збіраешся упаляваць іх? — у Леля перасохла ў горле, а сэрца ўпала ў гулкую пустку. Ён прыгадаў, што пры сабе не мае аніякай зброі, і пахаладзеў, і неспакойна закруціўся на месцы. Лелевы продкі не былі ваярамі, і змалку Леля вучылі адно апрацоўваць зямлю ды вудзіць рыбу.
Йурай, аднак, пахітаў галавою.
— Я не паляўнічы, — мовіў, — таму… лепш трымацца падалей ад драпежнікаў.
— Спадзяешся, што атрымаецца, каб падалей? — недаверліва звёў бровы Лель. Йурай паціснуў плячыма з зайздросным спакоем.
— Атрымаецца, — адказаў. Прынамсі, да той пары, пакуль драпежнікі будуць занятыя лёгкай здабычай.
— Ну, давай верыць у шчаслівы выпадак, — падагульніў Лель, цяжка ўздыхнуўшы.
— Як апошнія дурні, — вельмі сур’ёзна паківаў лютніст. — І… на ўсялякі выпадак давай рыхтавацца да горшага.
Верачы і рыхтуючыся, бавілі час у траве пад дубамі: Йурай — сузіраючы мірнае возера ўнізе, Лель — трывожна прыглядаючыся да няспыннага патаемнага руху ў зарасніках. Лелю думалася пра тое горшае, што можа прыдарыцца, і досыць жыва ўяўляліся незлічоныя пачвары, што выпаўзаюць з цёмных куткоў. Успыхнула, пакорлівае слову-без-гучання, пад рукою лютніста чароўнае полымя, і драпежныя цені з віскатам адхіснуліся, і злавесная цішыня раздалася ўбакі, зрабілася не такою густой.
Так, чакаючы, яны паспелі нават падсілкавацца, і травяны ўзвар з Йураевай біклагі разліваўся па ўсім целе пругкімі цёплымі хвалямі. Ад траваў у напоі ў стомленых руках і нагах ажывала прыхаваная сіла і марнеў люты голад — не чалавечы, а мядзведжы, — што патроху накотваў аднекуль знутры і настойліва прасіў выхаду. І ў Леля трохі святлела на сэрцы, нягледзячы на злавесную цішу, што душыла з усіх бакоў.
— Дык усё-такі, што там? — спытаў Лель, ківаючы на возера.
— Прошча, — адказаў Йурай у сваёй звычайнай манеры.
— Гэта я разумею, — Лель пакасіўся на лютніста, які, выцягнуўшы лютню, цяпер важдаўся з ёю, нешта падкручваючы і спрабуючы галасы струн. — Што з тою прошчай?
— Знямела, — мовіў Йурай, і струны загулі неяк не так, як лютністу хацелася, бо ён незадаволена цыкнуў і зноў пачаў заклапочана нешта падкручваць.
— І гэта я разумею, — раздражнёна азваўся Лель. — Што… не пяе ды ўсё такое.
— То нашто пытаеш?
Лель толькі змрочна засоп, адкінуўся на спіну ў траву, і стаў глядзець у неба. Там паступова бляклі апошнія водбліскі захаду, і гусцела, становячыся бяздоннаю, сінь, і хмары плылі ў ёй, як чоўнікі па азёрнай гладзі. Лель заплюшчыў вочы — і раптам уявіў тое ж возера з трапяткімі белымі ветразямі над вадой. І ўскрыквалі над вадою чайкі, і скалы на востраве ў азёрным сэрцы падобныя былі да стромкіх вежаў над вадой.
Уздыхалі вечныя дубы на ўзгорку быццам хвалі, а Лель слухаў шэпты лісця і плыў на хвалях дрымоты, далей і далей. Чоўнікам боўтаўся між Калісь і Цяпер.
— Яна атручана, — нараспеў гаварыў Йурай, і лютня тут жа паставіла на ягоных словах палымяны рабінавы росчырк. — Прошча атручана. Некалі тут грымела зброя і кроў лілася на пясок, змешвалася з азёрнай вадой. Чалавечыя сыны біліся з народам курганаў, раз’юшана хрыпела халоднае жалеза, рассякаючы ніці чараў, разбіваючы жывое срэбра.
Уздыхала сталь на дубовых пагорках, і рассыпаліся баявыя поклічы, і воі падалі быццам каласы пад сярпом, і сыходзілі ў зямлю, і трава прарастала на іхніх костках.
— Срэбра чараў, — распавядаў Йурай, нанізваючы словы на ніць музыкі, — гэта наша кроў, што струменіць у каменных жылах. І адзін з чалавечых сыноў, зразумеўшы гэта, вырашыў ударыць у самае сэрца.
Чайкі ўскрыквалі над вадой — белыя, быццам карагод стаячых камянёў. Шэсць у коле, а адзін, меншы, з ямінкай, запоўненай дажджавой вадой, з наліплым сухім дубовым лістком, укленчыў пасярэдзіне. І Лель быў тым самым каменем і мог толькі глядзець. І бачыў: ішоў, кульгаючы, да яго чалавек. Ішоў, абапіраючыся на страшны чорны меч, пакідаючы за сабою барвовы след на скалах і травах. Чары цесна звіваліся тут, выпешчаныя доўгімі вякамі і песнямі, тут білася іх жывое сэрца, і тое сэрца было ўнутры Леля. А страшны чалавек, замахнуўшыся, з высілкам, апошнім, адчайным, поўным скрухі і помсты, поўным болю і нянавісці, ударыў белы камень мячом.
Лель задыхнуўся і прахапіўся са слязьмі ўваччу, падскочыў, схапіўшыся за грудзі. Бо халоднае жалеза прайшло скрозь яго, і пякло агнём, рассякаючы жывую плоць, і сеяла атруту і немач. Колькі імгненняў яшчэ падавалася: жалезнае церне ўсё яшчэ ўнутры, а сам ён можа толькі нема крычаць, захлынаючыся чужой скрухай, горкай як палын, як попел.
Дуброву вакол патроху паглынаў змрок, дрыжала полымя, крэслячы кола святла вакол іх дваіх. Йурай з лютняю на каленях сядзеў побач, і вочы ў яго цьмяна свяціліся зялёным агнём.
— Там… меч, — глуха выгукнуў Лель, усё яшчэ трымаючыся за грудзі, усё яшчэ адчуваючы там водгаласы нясцерпнага болю. — У сэрцы… у камні!..
Лютніст згодна нахіліў галаву.
— Зараз ты разумееш, чалавечае дзіця.
Пасля азірнуўся на цёмныя зараснікі ляшчыны, што туліліся да схілу ўзгорка, і дадаў гучней і трохі раздражнёна:
— А ты выходзь. Зараз жа, ну.
Дзівячыся, Лель таксама глянуў на арэшнікі — і пабачыў, як на святло выбіраецца, пакрэхтваючы, тое ўпартае дзяўчо, што сустрэлася ім па дарозе на поўнач. Звузіла вочы, падазрона прыглядаючыся да зялёнага агню, скрывіла вусны — маўляў, ведаю-ведаю я вашыя нелюдскія штучкі. Рагавы лук спачываў у яе за спінаю, а на русай макаўцы замёр зжоўклы лісток ляшчыны.
— Хіба я не казаў табе ісці сваёй дарогай? — спытаў Йурай, хмурачыся. Справы народу курганаў, дадаў лютніст павучальна, чалавечых дзяцей не тычацца.
— Можа, гэта і вашыя кургановыя справы, — адказала дзяўчо, падбачыўшыся. — Але тут наша зямля. Наш дом. То — тычацца, нябось!
— «Ваша зямля», — абурана прагаварыў Йурай, варухнуўшы бровамі, але дзяўчо яго не слухала. Загаварыла горача, быццам даўно выношвала словы ўнутры сябе.
Гаварыла так: яшчэ не так даўно ля возера жылі людзі. І прадзед, і дзед яе тут нарадзіліся і выраслі. А пасля з гэтым самым возерам нешта здарылася — упрост жудаснае насланнё. Кашмары душылі па начах і дарослых, і дзяцей, драпежнікі рэзалі скот, збожжа гніла ў палях, а немаўляты нараджаліся мёртвымі. Ліхаманкі папаўзлі ад вады, а ў ваколіцы сталі знікаць падарожныя, і на скрыжаваннях знаходзілі адно абгрызеныя косткі. І мясцовыя не вытрымалі, сталі збягаць, шукаць іншага прытулку, сяліцца падалей. І казалі між сабою, бяссільна разводзячы рукамі: напэўна, праклён.
— …або чары нелюдзей, — заключыла дзяўчо, і голас у яе задрыжаў абвінаваўча.
— О, калі ў нас такія моцныя чары, — адказаў яўна задзеты за жывое Йурай, — дык чаму тады мы саступілі вам нашу зямлю і наш дом? Мы жылі тут раней за вас, дасюль жылі б, каб не… каб не чалавечыя сыны.
— Ён… — Лель кашлянуў і выправіўся: — Мы, то-бок… хочам дапамагчы. Выправіць тое, што сталася з возерам, з краем. Праўда.
Дзяўчо заўважна задумалася, зноў з сумневам зірнула на зялёны агонь, на лютніста, пасля, ацэньваючы, на Леля і зноў на Йурая — з недаверам. Лютніст варухнуў цёмнымі бровамі.
— Выправіць тое, што здзейснілі тут чалавечыя сыны, — удакладніў ён, паставіўшы на струнах лютні пералівісты росчырк. — Што твае прадзеды здзейснілі тут. Так.
Лель зноў неспакойна пакруціўся на месцы. Йурай, падобна, не бачыў асаблівай розніцы паміж прашчурамі і нашчадкамі. Можа быць, у вачах насельнікаў Курганова Поля, жыцці якіх доўжацца стагоддзямі, гэтая розніца і незаўважная, і многія пакаленні чалавечых сыноў для іх, праз доўгажыхарства, зліваюцца ў адно.
Але ўсё-такі не дужа справядліва вінаваціць дзяцей за ўчынкі іх бацькоў. А тым больш асуджаць праўнукаў за правіны прадзедаў.
— Смелыя словы, — сказаў Йурай, насмешліва зірнуўшы на Леля, які паспрабаваў гэтую думку выказаць услых, прычым, як звычайна, няўклюдна. — Але цябе, прынамсі, асуджаюць за твае ўласныя ўчынкі.
«Зараза ты», — змрочна падумаў Лель, патаемна спадзеючыся, што з’едлівы лютніст зможа лёгка прачытаць ягоныя думкі. Але Йурай толькі трасянуў валасамі, дзынкнуўшы завушніцай, і твар у яго быў непранікальны.
— Я… чула, як ты спяваў, — гаварыла, між тым, дзяўчо, сціскаючы кулакі, — пра меч з халоднага жалеза там, на востраве. Быццам бы праз гэта, праз нас усё пачалося. Але… тут жа не было бітваў, можа, век. То як жа…
— Прошчы паміраюць павольна, — нехаця патлумачыў Йурай. — Атрута ў іх збіраецца доўга, перш чым прарвацца як гной у ранцы. І чары нашы адразу не згасаюць. Чапляюцца за аскепкі, за водгаласы. Пакуль не знямеюць канчаткова.
— Але… — дзяўчо зрабіла пару асцярожных крокаў да агню. — Ты можаш яе… ну, гэтую вашу прошчу, ажывіць? Каб усё было як раней?..
Яна з такім шчырым спадзяваннем углядалася ў лютніста яснымі шэрымі вачыма, нават, здаецца, дыханне затрымала, быццам чакала, што зараз, вось-вось чарадзей узмахне вострым рукавом — і адбудзецца цуд. Йурай толькі пакруціў галавою.
— Ніколі так не бывае, дзіця, — адказаў спакойна. — Каб стала ўсё як было.
Адказ яе не дужа суцешыў: дзяўчо расчаравана ўздыхнула і апусціла пагляд.
— Я хачу памагчы, — мовіла яна, і спадылба глянула на зялёны агонь. — Чуеце вы, нелюдзі? Я змалку ў ваколіцы палюю, сцежкі ведаю. Ну і страляю няблага, як што.
— Ну? І ў пачвару пацэліш? — спытаў, звузіўшы вочы, Йурай і скоса зірнуў на Леля, так што апошняму стала трохі ніякавата.
— А што, — дзяўчо паціснула плячыма. — І пацэлю. Як трэба будзе.
І дадала, прыпячатваючы адразу і навечна:
— Гэта мой дом.
Яе звалі Ружанай — яна назвалася, асцярожна ўсеўшы побач з зялёным агнём, якога заўважна пабойвалася. Умацаванае селішча па дарозе на поўнач якраз-такі і пабудавалі людзі, што збеглі некалі ад заклятага возера, і бацька яе быў там князем. Як прадзед і дзед да яго, гаспадарыў у гэтым краі — адно навала злых чараў распаўзалася ад возера ўсё далей і далей, прымушаючы людзей адступаць, пакідаючы абжытыя мясціны.
— …але калі вы ўсё-такі здымеце праклён, — горача казала Ружана, звёўшы ўпартыя бровы, — то мы ўсе, значыць, зможам вярнуцца сюды. Дамоў.
І таропка патлумачыла: людзей тут жыве многа, і з кожным годам толькі большае, а вось зямлі, прыдатнай для будоўлі або ворыва, не стае. Суседзі з поўдня, з Парэчча, ціснуць штогод усё мацней ды мацней, ураджаі меншаюць, бо глеба стамляецца, і прыходзіць нястача. Калі так далей пойдзе, дык раней ці пазней здарыцца вялікі голад, людзі будуць пакутаваць.
Йурай, пакуль яна гаварыла, асцярожна перабіраў струны. Пад ціхі голас лютні Лель глядзеў на русую касу, у якой варушыліся водбліскі ад чароўнага полымя, на белы шрам ля пульхных вуснаў, на тое, як Ружана нецярпліва адкідвала з твару неслухмяныя русыя пасмы. Чамусьці вярэдзіла сэрца жывая гарачнасць, з якой Ружана гаварыла пра гэтую зямлю. Як бы адгукаючыся, быццам абуджаная палкімі словамі, гарачыня ажывала і варушылася ўнутры. Можа быць, таму ад кожнай новай рысы, што заўважалася ў Ружане, таксама рабілася цяплей на сэрцы.
А ўсе заўважаныя драбочкі, спавітыя ціхай музыкай, — і нахіл галавы, і завіткі валасоў на скронях, і многае іншае, дзівоснае па-свойму — у надзвычайнай суладнасці збіраліся ў адзін — адзіны — вобраз. І Лель, забыўшы пра ўсё на свеце, нават пра нястачы і голад у ваколіцы, нават пра блізкіх пачвараў, нават пра ўласны праклён і зарок-абяцанне, глядзеў на яе. І не мог не ўсміхацца, бо тая гарачыня ўнутры сама па сабе была — шчасце.
Прынамсі, да таго моманту глядзеў, пакуль Ружана не зірнула на Леля здзіўлена і трохі нават грэбліва і пацікавілася, чаго гэта ён так па-дурному тарашчыцца.
— …і рот унь яшчэ разявіў.
Лель, сцяміўшы, што і сапраўды тарашчыцца, зніякавеў і ўтаропіўся ў агонь, дзівячыся самому сабе. Абуджаная гарачыня так і не сціхала, хвалямі праходзілася за рэбрамі, сарамліва праступала на шчоках чырванню.
— Дзіўныя, аднак, вы, нелюдзі, — заўважыла Ружана стрымана. І дадала напаўголасу, пакасіўшыся на Леля: — Той хоць гожы, а гэты і ўвогуле быццам бы чалавек.
— А ён чалавек, — сказаў Йурай вельмі сур’ёзна. — Быццам бы.
— Ну?.. — шчыра здзівілася Ружана. Лель няўпэўнена пакруціў галавою, адчуваючы, як сонна варочаецца ў жылах звярыная сіла. Нечаму цёмнаму і касматаму было цесна ў ім, і косткі ламіла, быццам звер, заключаны ў Лелева цела як у клетку, рваўся вонкі.
— Чалавек, — прагаварыў Лель упарта, нібыта сам сябе пераконваючы.
А змрок гусцеў, затапляючы навакольныя ўзгоркі і векавыя дубровы, ажно пакуль не выкацілася, рассыпаючы срэбранае святло, бледная поўня.
І тады над возерам, па якім паплыла, гушкаючыся на хвалях, дарожка месяцовага святла, пранёсся крык, не звярыны і не чалавечы. Роспачны, вісклівы голас далёка раскотваўся над дубровамі, цяжэў, пераходзячы ледзь не ў хрып, і абрываўся. І ад гэтага вусцішнага, нечуванага зыку ажно кроў застывала ў жылах.
— Што гэта?.. — шэптам спытала Ружана, зірнуўшы на лютніста. Той толькі прыклаў палец да вуснаў — маўляў, сцішся.
А пагорак скалануўся — раз, другі, — як бы адгукаючыся на цяжкія крокі. Зялёны агонь задрыжаў і баязліва ачэз, прыпадаючы да зямлі. Йурай, бліскаючы вачыма, уважліва прыглядаўся да цемры ўнізе, засяроджаны, напяты. Ружана перарывіста выдыхнула і бязгучна сцягнула лук з-за плеч, паспрабавала пальцам цеціву, папляскала па калчане. Падміргнула зніякавеламу Лелю, які трывожна прыслухоўваўся да даўкай цішыні.
Далей ад возера чуваць было слабы, як бы прыдушаны цемраю крык казулі, і імклівы рагаты цень, кульгаючы, прамільгнуў унізе, на фоне светлай вады. Прамільгуў — і знік дзесь убаку. І амаль адразу па азёрнай кромцы імкліва пранеслася нешта яшчэ, нешта вялізнае, падобнае да цёмнага стога, і зноў прагучаў такі самы крык, толькі куды як грамчэй. Ружана паморшчылася, прыкрываючы далонямі вушы, Йурай коратка кіўнуў Лелю над вогнішчам.
— Час, — прамовіў лютніст аднымі вуснамі.
Чароўны агонь тут жа цалкам сышоў у зямлю, быццам і не было яго тут. А Йурай пругка падхапіўся і пакрочыў уніз, у цемру, і Ружана з Лелем, пераглянуўшыся, рушылі следам, блытаючыся ў высокай траве. Спускаючыся па схіле, яны абачліва ўзялі трохі ўбок, каб абысці тое месца, дзе толькі што страшнае нешта заходзілася немым крыкам. Льсняныя драпежныя цені падымалі галовы, сычэлі па-змяінаму, заступалі шлях. І пелі — цяпер Лель нават мог разабраць гэты варожы спеў, поўны Голаду, падобнага да таго, што варушыўся і ў яго самога ўнутры.
Ружана, затрымаўшыся, злажылася і наўдачу стрэліла ў віраванне ценяў. Страла мільганула, прайшла наскрозь, не прыносячы ім асаблівай шкоды, і ўдарыла, выбіўшы трэскі, у дрэва. А тое разгневана загуло, быццам было выкавана з металу, і цені, большыя і меншыя, рвануліся скрозь зараснікі і травы сюды, накінуліся, збілі Ружану з ног. Але тут жа ўспуджана адкаціліся: Йурай, азірнуўшыся, рэзка шпульнуў у драпежнікаў прыгаршчаю чароўных агеньчыкаў. Тыя паплылі, ціхутка пазвоньваючы і губляючы калючыя іскры, не дапускаючы драпежныя цені за колы святла. Лель дапамог Ружане падняцца, а тая круціла галавою і аддувалася, быццам толькі што вынырнула з-пад вады.
— Чаму… чаму іх зброя не бярэ? — спытала амаль з роспаччу.
— Бо яны не зусім тут і цяпер, — нягучна адказаў Йурай. Выкліканыя ім агеньчыкі, перагукаючыся ціхімі галасамі, танчылі вакол іх траіх, утваралі абарончае кола.
Цені віравалі і на азёрным беразе: пелі, сычэлі, хрыпелі. Шапталі пра жывую кроў, пра ахвяру, якая дастанецца ім сёння. У Леля ад тых шэптаў перасохла ў горле і досыць ясна ўявіўся салоны смак на вуснах — ажно пацягнула на ваніты. Йурай нахіліўся над слядамі ў мокрым пяску — капытцамі казулі, сям-там пафарбаванымі барвай, і глыбокімі адбіткамі добрага тузіна агромністых лап. Вусцішны крык зноў разарваў змрок — але ў аддаленні, і рассыпаўся абрыўкамі рэха.
— Гэта не проста драпежнік, так? — прашаптала Ружана, крануўшы лютніста за рукаў. — Гэта…
— Пачвара, — працягнуў за яе Йурай. — Так. Стары Звер.
Ён падняўся на ногі, змешваючы на далонях акрываўлены пясок са следу казулі з азёрнай вадой. Пасля, апусціўшы павекі і нахмурыўшыся, сціснуў рукі. Лелю, якому пах крыві туманіў галаву, ці то пабачылася, ці то здалася ўспышка зялёнага агню. А лютніст рэзка ўзмахнуў рукамі, як бы абтрасаючы вострыя рукавы — і з драбочкаў пяску і зялёных агеньчыкаў саткаліся паўпразрыстыя здані казуляў, якія з ціхім бляяннем сыпанулі ў розныя бакі.
— Гэтак мясцовым пачварам будзе чым заняцца, апроч нас.
Ружана толькі ахнула, праводзячы зданяў захопленымі вачыма. Льсняныя цені на беразе сапраўды рвануліся за паўпразрыстымі зданямі і болей не заміналі, не блыталіся пад нагамі. А Йурай выдыхнуў і зябка павёў плячыма. Аблічча ягонае ў святле поўні падалося Лелю хваравіта бледным і стомленым.
— Час, — хрыпла каркнуў лютніст. Не стаў адказваць на Лелева няўпэўненае пытанне — «Ці добра ты?..» — і павярнуўся да вады. Месяцовая дарожка прабегла па хвалях упрост да іх, сцялілася па водным зыбанні. І па гэтай дарожцы, пакорлівыя ўладнаму ўзмаху Йураевай рукі, паплылі чароўныя агні. Святло поўні, змешваючыся з зялёным полымем, цяжэла, набывала формы, рэчыўнасці. Хутка па вадзе ад вострава працягваўся сатканы са святла, агню ды чараў мост.
Йурай першым на яго ступіў — і пахіснуўся, і Лель, не задумаўшыся, паспешліва падставіў яму плячо, падтрымаў за руку.
— Халоднае жалеза, — працадзіў лютніст скрозь сціснутыя зубы. — Яно ў вадзе і ў пяску, у паветры нават. Сачыцца атрутаю, выцягвае сілу, і я не магу…
Ён задыхнуўся — ад болю. Нешта душыла і труціла яго, выварочвала саму прыроду, і Лель, па сабе ведаючы, як гэта пакутліва і страшна, не мог не паспачуваць.
— Нішто, братка, — казаў ён Йураю супакойліва, цягнучы яго за сабой. — Ты, галоўнае, пацярпі трохі. А там — выправім усё. Без жалеза-та будзе лягчэй?
— Будзе, — з высілкам вымавіў лютніст. І яны ўтраіх крочылі па хісткім мосце са святла да цёмнай кароны скалаў. Азёрны вецер налятаў на іх, трапаў адзенне і валасы, але патыхаў не сырымі трыснягамі ды начною свежасцю, а гніллю і мярцвячынай. І зноў пракотваўся над вадою вусцішны крык, то набліжаючыся, то аддаляючыся, і сэрца ў Леля штораз баязліва замірала ад гэтага голасу.
Між цёмных скалаў іх крокі абудзілі гулкае рэха. Зялёныя агеньчыкі, распадаючыся на меншыя драбочкі святла, цягнуліся ўздоўж ледзь прыкметнай сцежкі, якую нехта высек у камянях. Па сцежцы ў дрогкім святле чароўных агнёў узбіраліся ўверх, і Лель прыкусваў вусны, каб не услухоўвацца ў спеў звярынага Голаду, што панаваў тут, аплятаючы ўсё вакол як ліпкае павуцінне.
Сцежка вывела іх уверх, на прасторную пляцоўку з латкай шапяткой травы сярод зубцоў скальнай кароны. Святло поўні лінула зверху, выхопліваючы кола з шасці белых камянёў, што цягнуліся ў неба. Сёмы камень, што спачываў у сярэдзіне каменнага кола, зеўраў адкрытаю ранаю. З раны той, пабліскваючы пад поўняю, цёмным крыжам падымалася дзяржальна старога мяча. Між плюшчу, што абвіваў і камяні, і зямлю, што караскаўся па скалах, прабіваліся то каліўцы шорсткай травы, то жоўты пясок, дзе перламутрава бліскалі раструшчаныя ракавінкі. Не было вакол няспыннага руху льсняных ценяў, не было шоргатаў, шэптаў і хрыпаў, але тым больш вусцішнымі падаваліся нямыя камяні, абкручаныя сухімі плецямі расліннасці.
Йурай, прыпыніўшыся па-за колам, кіўком паказаў на чорны крыж дзяржальна. Чароўныя агні, драбнеючы, абступілі знямелыя камяні яшчэ адным карагодам і ўсхвалявана мільгацелі, то ўспыхваючы ярчэй, то амаль гаснучы. Ружана з напятым лукам у руках трывожна аглядалася — мусіць, не дужа спакойна пачувала сябе тут, зусім побач з нелюдскімі чарамі. Пачвара віскліва ўскрыкнула бліжэй, адразу зайшлася дзікім рогатам, захрыпела — і скалы вакол дробна затрэсліся.
— Паспяшайся, — сіпла мовіў лютніст. Цень ад дзяржальна — чорны крыж — выцягнуўся, папоўз па пяску і траве да Лелевых ног.
І Лель зрабіў крок наперад — быццам нырнуў у халодную непраглядную ваду. Плеці плюшчу дрыжалі, нібы ліпкія ніці павуціння, а спеў Голаду, ненажэрнага, раз’юшанага, зацягваўся, быццам пятля на шыі. Крок — і выбеленыя ветрам косткі жаласна храбусцяць пад нагамі. Крок — і разліваецца па пяску густая барва, і салоны пах трывожыць ноздры, і смягнуць вусны. Скаштаваць бы, напіцца б. Крок — і ў твар б’е гнілым смуродам, ажно ў вузел завязваюцца вантробы, ажно вочы слязяцца. Дрыжаць чароўныя агні, бліскае зялёнае святло, а старэчы голас аднекуль здалёк, здавён, усё яшчэ крычыць, нема і віскліва крычыць, і рассыпаецца рогатам, і паўтарае:
— Праклён, праклён!..
Аслеплы, аглушаны, Лель аступіўся і ніцма ўпаў на паранены камень, намацаў лязо клінка — і парэзаўся: меч з заклятага жалеза ўсё яшчэ быў драпежна востры. Лель скінуў плюшч, ронячы на рану каменя кроплі ўласнае крыві, і пабачыў на цёмным метале вастраносыя знакі, што, мусіць, складваліся ў заклік або закляцце.
Зыбалася паветра ўкруг камянёў — быццам колы разыходзіліся па вадзе. І скрозь тое зыбанне праступалі, накладваючыся адзін на другі, ледзяныя слаі, на кожным з якіх была свая выява, свой час і свая прастора. Вось бязмежная снежная роўнядзь з чорнымі радкамі слядоў. Вось бура і хрыпенне зброі, і самі камяні дрыжаць у страху ад прадачування ўдару. Вось косткі, што тлеюць у берлагу пачвары. А вось — хісткае Тут-і-Цяпер, і ад асляпляльна-белай постаці цягнецца, пранізваючы сэрца, указваючы адзіны шлях, срэбраная ніць. Чараў ніць? Ці ніць песні? Ды хіба ёсць розніца?
— Пралі сваю кроў, вызвалі мае камяні ад жалезнай атруты, — прашаптаў над Лелевым вухам жаночы голас, падобны да звону рачных хваляў. І ў твар дыхнула халоднаю свежасцю, і зыбанне вакол сцішылася, быццам часы і прасторы, злучаныя каменным колам, нарэшце прыйшлі ў раўнавагу.
Рана камня, падалося, сцякала чорным льсняным гноем, і ад гною таго патыхала жалезам і мярцвячынай, а пачварнае павуцінне распаўзалася далёка вакол, лепячыся на стаячыя камяні і скалы. Лель зажмурыўся, пакруціў галавой — і зноў пабачыў адно расколаты пасярэдзіне камень, шчыльна абкручаны плюшчам. Ён удыхнуў і выдыхнуў, а пасля схапіўся аберуч за дзяржальна і пацягнуў на сябе. Меч, нібы за гады жалезнымі каранямі ўрос у каменнае сэрца прошчы, не паддаўся, хіба што з храбусценнем хіснуўся ў ране. І прошча задрыжала, працятая болем, і загулі скалы.
Лель, сцяўшы зубы, рвануў яшчэ раз, з апошніх сіл, упершыся адною нагою ў белы камень. І, вохнуўшы, пакаціўся па зямлі: меч вырваўся з камню нечакана лёгка, вызваліўся і ўпаў у траву побач з Лелем. А востраў цяжка ўздыхнуў, як уздыхаюць людзі, калі сняць цяжкія сны. Лель, ніцма лежачы на зямлі, пачуў, як каменная глыбіня заварочалася і раптоўна азвалася глухімі мернымі ўдарамі, быццам забілася сэрца.
Але спеў Голаду нікуды не знік, толькі ўзмацніўся, уз’юрыўся, аблёг шчыльней. І Лель чуў быццам на ўласныя вушы, як храбусцяць на страшэнных іклах косткі загнанай казулі, і звадлівы смак крыві стаяў у ягоным роце, круцячы голаў. Звер у ім рваўся вонкі, адгукаючыся на спеў усеабдымнага, вечнага Голаду, які панаваў тут.
Лель, хапаючы ротам паветра, ледзьве падняўся на ногі. Няўпэўнена і разгублена зірнуў на зазубраны клінок ля сваіх ног. Падняў вочы, шукаючы за колам белых камянёў, за чароўнымі агнямі Йурая, шукаючы ягонай парады, накірунку — і тут ад скальнай сцежкі ўстрывожана падала голас Ружана:
— Зверху! Пачва…
Не дагаварыла: слова абарвалася на яе вуснах і згасла. Затое над Лелевай галавою злосна засвісцелі яе стрэлы. А тады скалануўся ўвесь востраў ад цяжкага тупату, і на грэбні скалы вырасла ўпрост з ніадкуль, разрываючы дрогкае кола агнёў, касматае нешта, якое засланіла сабою поўню. Блытаючыся ў шматлікіх бледных лапах, падобных да павучыных, паўзло яно па амаль гладкай скале, прыпадаючы брухам і пакідаючы за сабою склізкі смуродны след. А ў чорнай поўсці — застылы Лель глядзеў акругленымі вачыма і не мог адарваць пагляд — зеўрала шырачэзная пашча, поўная вострых іклаў, і чорная бездань клекатала ў горле пачвары. Вачэй над пашчаю не было, але позірк быў, позірк драпежніка, позірк Звера.
Лютня рэзка ўскрыкнула ў Йураевых руках — і час замёр, і замерлі, успыхнуўшы асляпляльна, чароўныя агні. Лель як бы збоку бачыў самога сябе, застылага ў каменным коле. Бачыў засяроджанага Йурая, ад якога пляліся, паступова наліваючыся цяжкім срэбрам, звонкія ніці. Бачыў, бліжэй за ўсіх да крыважэрнай пашчы, Ружану — і стралу, што зрывалася і ніяк не магла вызваліцца з цецівы, і стрэлы, што яшчэ ляцелі, а пакуль бездапаможна павіслі ў паветры. Позірк без вачэй, галодны і прагны, утаропіўся ў лучніцу, і бледныя павучыныя лапы падбіраліся, рыхтуючыся да скачка.
Гэта было як тады, на начным беразе лясной ракі. Каменнае кола, драпежнік — і чалавечае жыццё, якое ад звера трэба любымі спосабамі абараніць, выратаваць, засланіць сабою. Бо іначай нельга.
Бо срэбраная ніць, што пранізвае і вядзе, указвае адзіны правільны шлях.
І душная гарачыня паднялася знутры, распіраючы рэбры, і звер, заключаны ў чалавечым целе, падняў галаву і зароў. І Лель, паддаўшыся звярынаму поклічу, які зараз перамяшаўся, пераблытаўся з хвалямі радаснай гарачыні, рвануўся наперад, вырастаючы, вызваляючыся.
Аброс густою чорнаю поўсцю, ацяжэў, увесь наліты тугою мядзведжаю сілай. Вырас і падняўся ледзь не пад самую поўню, роўны ростам са стаячымі камянямі. Запаволены час са стогнам рушыў наперад, працягваючы свой адвечны бег, а бязвокую пачвару ў лёце сшыбла і пакацілася з ёю па скалах, рвучы кіпцямі ды раздзіраючы ікламі, другая пачвара.
