«Я хачу аазісам пустыні напаіць пяскоў бясконцых плыні»

Мілагучнымі і рэзкімі, глыбокімі і бессэнсоўнымі, рамантычнымі і імклівымі бываюць песні. А якія яны пра родную зямлю? Ці можна іх пачуць і перадаць у лірыцы? Каб адказаць, звернемся да зборніка вершаў магілёўскага паэта Алеся КАЗЕКІ «Песня роднай зямлі».

Прыцягвае шматколернасць і разнастайнасць зместу. У невялікай кнізе і філасофія («Скрыжаванні лёсаў»), грамадзянская лірыка («Песня роднай зямлі»), любоў да Радзімы («Край буслоў»), споведзі пра каханне («Покліч адвечны адвечнага свету…»). Разнавобразныя паэмы і паэтычныя апавяданні ў апошнім раздзеле «Ноч прайшла. Мы будзем жыць»: ад трагічнай, жудаснай гісторыі дзяўчынкі са спаленай вёскі («Марыйка») да міфалагічна-народнай «Медуніцы» і вяскова-лірычных «Радоўкі» і «Часу сяўбы».

Дваістасць натуры, духоўны шлях творцы, адзінота, сяброўства, дарога да Бога і святла — вось над чым разважае аўтар і задае ў вершах адвечныя пытанні: «Куды ісці?», «На каго спадзявацца?», «Ці можна ў наш час не страціць сябе і не здрадзіць сваёй любові да Радзімы?», «Чаго шукаць і кім быць?» І сам спрабуе адказаць — пошук ісціны ў ягоным выкананні нязменна вядзе ад змроку і сумненняў, ад дваістасці і варожасці да дабрыні і неба, да чагосьці простага, але па-сапраўднаму значнага.

Дай Божа нам
Ачысціцца ад фарбаў,
Якімі нас расквеціў гэты век,
Каб не шукаць ні знатнасці, ні скарбаў,
А звацца проста — добры чалавек.

Гэты прысмак не аднадзённасці чутны нават у вершах пра канкрэтныя сацыяльныя з’явы ці гістарычныя падзеі. Так, у вечнасці застаецца вобраз помніка савецкаму салдату, неўміручая памяць павінна перайсці да нашчадкаў, бо

Яна душу Зямлі няспынна раніць,
Не здрадзіць веры ў праўду і не зманіць.
Вытокам існавання мірных раніц
Дае натхненне спраўджвацца ў жыцці.

Вечны вобраз Ма­рый­кі з аднайменнай паэмы — сімвал усіх бязвінных ахвяр фашысцкіх катаў. У творы — адчайны пошук таго, што ўратуе ад варожасці. Безвыходнасць болю дзяўчынкі са спаленай вёскі нездарма пераплаўляецца ў гарачую малітву за сваю зямлю:

Ойча наш!
І на сэрцы цяплее,
І малітва мацнее ў душы,
І заранак жыцця палымнее,
І зліваюцца ў Слове надзеі:
Божа, Людзі Твая зберажы!

Эмацыянальнасць і метафарычная ўзнёсласць асабліва характэрныя для твораў пра родную зямлю. Увогуле, раз­дзел «Край буслоў» — сэрца кнігі. Захапляе безліч адценняў любові да Айчыны. Чытач поплеч з творцам праходзіць шлях ад шчымліва-трывожнага:

Ведаеш, а сёння мне здалося,
Што мяне зусім не засталося,
І крыніца змоўклае душы
Недзе затаілася ў цішы…


— да ўсёахопнай самаадданасці, гатоўнасці зрабіць дзеля роднай зямлі літаральна ўсё — магчымае і немагчымае:

Я хачу аазісам пустыні
Напаіць пяскоў бясконцых плыні,
Чэрствасці людской пустэчу-ляда
Замяніць спагады райскім садам,
Растапіць бяздушнасці каменне
Веры і духоўнасці праменнем,
Знішчыць бед усёй Зямлі прычыны —
Каб мая смяялася Айчына…

Беларусь паўстае перад чытачом рознай: ад вёсачкі ў лесе да Святой Еўфрасінні Полацкай, ад краю буслоў да вобраза пяшчотнай маці. І любоў лірычнага героя да зямлі таксама ў розных адценнях: ад захаплення прыгажосцю да ўспамінаў пра маленства, ад трывогі за лёс зямлі і абурэння на тых, хто здрадзіў ёй, — да імкнення цалкам зліцца з подыхам Радзімы. Мабыць, лепшым чынам пачуцці паэта перадаюць радкі:

І напэўна, я тут не зраблю адкрыцця,
Я — звяно неўміручага роду,
Што на ніве бясконцага поля жыцця
Беларускім завецца народам.

У наш хісткі час чытач знойдзе ў вершах Алеся Казекі якраз тое, да чаго і трэба ісці: нязмушаны, шчыры патрыятызм, імкненне да справядлівасці і цэльнасці, памяць аб сваіх каранях, вернасць высновам і ўрэшце — «шлях да святла». Пры гэтым паэзія Казекі не падобная да агітплакатаў — з-за лірычнасці, метафарычнасці, вытанчанасці і маляўнічасці мовы. Някрасаў пісаў, што чалавек можа не быць паэтам, але абавязаны быць грамадзянінам. У Алеся Казекі насамрэч творы грамадзяніна. Пафас часта пераплецены з глыбокай інтымнасцю, шчымлівай лірычнасцю, душэўнасцю.

З аднаго боку — сувязь з класічнымі творамі беларускай паэзіі, развіццё вечных тэм класікаў, з другога — арыгінальныя метафары, эпітэты, параўнанні і «смачныя» рыфмы. Таму вершы здаюцца адначасова знаёмымі і новымі, простымі і элегантнымі, яснымі для чытача, але здольнымі здзівіць. Мабыць, такой і павінна быць сапраўдная песня роднай зямлі.

Ёсць зямля, дзе Анёлы з блакіту прадуць
Пражу дзіўнай красы для нябесных абрусаў.
На зямлі той прыгожай шчасліва жывуць,
Праслаўляючы працай яе, Беларусы!

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *