“Маладосць” стварае “дзіцячы” нумар
Часопіс “Маладосць” даўно хацеў стварыць “дзіцячы” нумар, у які ўвайшлі б… Не, не дзіцячыя вершы або “казкі для чытання нанач” (хаця і яны таксама, чаму б і не), а ўсё тое, што закранае, уздымае, узварушвае, зрушвае, пракладае: пытанні-праблемы-задачы-шляхі, звязаныя з выхаваннем новага пакалення. З выхаваннем, у першую чаргу, эстэтычным, грамадзянскім, маральным, эмацыйным, духоўным, літаратурным.
Што патрабуецца / прымаецца на разгляд / будзе сустрэта прыхільна / з удзячнасцю прынята ў друк:
- яркія, вострыя, “паваротныя” артыкулы тых, хто ведае, што піша;
- гутаркі з тымі, каму ёсць што сказаць;
- аўтарытэтныя меркаванні па актуальных пытаннях, выказаныя ў форме невялікіх эсэ;
- развагі, назіранні, прапановы, парады — усё, што сапраўды мае карысць;
- мастацкія творы “на тэму”.
Рэдакцыя хоча бачыць аўтарамі гэтага выпуска:
- настаўнікаў з вялікай літары;
- сапраўдных псіхолагаў;
- свяшчэннікаў;
- бацькоў, бабуль, дзядуль;
- дзяцей, якім ёсць што сказаць дарослым;
- празаікаў і паэтаў.
“Дзіцячы” нумар “Маладосці” запланаваны на першае паўгоддзе 2021 года.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах часопіса «Маладосць».