Запазычанні ў дыялекце вёскі Павіцце
Цікавасць да гісторыі краіны, свайго народа, роднага горада ці вёскі ўласцівая чалавеку: кожны з нас, разумее ён гэта ці не, вырастае на спадчыне, у якой сканцэнтраваны векавы досвед, светапогляд і духоўнае багацце народа. Але самае вялікае багацце народа — гэта яго мова. На нас ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родную мову, узбагачаць свой народ ведамі і культурай.
Нягледзячы на распаўсюджанасць літаратурнай формы беларускай мовы, значная частка сялянскага насельніцтва, асабліва старэйшыя жыхары, карыстаюцца дыялектамі. Даследаванне асаблівасцей дыялектаў не толькі ўзбагачае літаратурную мову, але і дапамагае бліжэй пазнаёміцца з культурай пэўных рэгіёнаў нашай радзімы.
Безумоўна, для развіцця кожнай мовы (і дыялекту ў тым ліку) характэрны працэс запазычання слоў з іншых моў. Гэта адзін з самых яскравых прыкладаў узаемадзеяння моў і культур, стварэння агульных каштоўнасцей. Але асабліва цікавае жыццё запазычанняў у дыялекце.
Мы сабралі і паспрабавалі сістэмазаваць дыялектныя запазычанні ў маўленні жыхароў вёскі Павіцце, а таксама зразумець іх паходжанне. Вынікам нашай працы стаў «Слоўнік запазычанняў дыялекту вёскі Павіцце», які ўтрымлівае 180 слоў.
Гісторыя Павіцця
Вёска Павіцце ўпершыню згадваецца ў 1546 годзе, яна ўваходзіла ў склад ВКЛ. Але існавала яна, здаецца, і да першай пісьмовай згадкі. Наш край знаходзіўся ў складзе Кіеўскай Русі да другой паловы XI ст., а калі яна распалася, увайшоў у Валынскае княства, з 1199 г. — у Галіцка-Валынскае княства. Слядоў татара-мангольскіх набегаў у нашым краі не захавалася, хутчэй за ўсё, іх тут не было. У 1385 г. гэтая тэрыторыя апынулася ў складзе Рэчы Паспалітай, а пасля трэцяга падзелу РП ў 1795 г. — адышла ў склад Расійскай імперыі.
У 1915 г. Кобрын быў акупіраваны нямецкімі войскамі, наша вёска аказалася па-за межамі фронту, аднак многія сем’і сталі бежанцамі. Па ўмовах Брэсцкага міра Брэстчына, а разам з ей і вёска Павіцце, з 1918 г. увайшлі ў склад Украінскай народнай рэспублікі. Але ўжо 18 сакавіка 1921 г. паміж Савецкім саюзам і Польшчай была падпісаная Рыжская мірная дамова, па якой значныя часткі Беларусі і Украіны аказаліся пад уладай Польшчы. Пачаўся новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, і вёска Павіцце стала часткай Лелікаўскай гміны Камень-Кашырскага павета Палескага ваяводства. У асноўным пражывалі там украінцы. У 1936 г. была пабудаваная школа, у якой навучанне вялося на польскай мове.
У 1939 г. наша вёска апынулася сярод вызваленых раёнаў Заходняй Беларусі, якія далучылі да БССР. Жыхары вёскі ў 1940 г. звярталіся ў Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт з просьбай далучэння Павіцця да УССР, але ім адмовілі. У тым жа годзе быў утвораны Павіццеўскі сельскі савет, у складзе якога большасць жыхароў — гэта украінцы, некалькі сем’яў палякаў, беларусаў-усходнікаў, а таксама 57 яўрэяў. У гэты час навучанне ў школе вялося на рускай і беларускай мовах.
Жыхары ўбачылі немцаў ужо на другім тыдні ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны. 20 жніўня 1940 г. быў створаны рэйхскамісарыят «Україна», у яго акругу «Валынь-Падолія» з цэнтрам у Роўна ўвайшло і Павіцце. Але ж ў 1945 г. наша вёска зноў аказалася ў складзе БССР. У сучаснай Беларусі, як і многія іншыя вёскі, Павіцце стала аграгарадком.
Шматмоўная вёска
Вёска Павіцце адметная сваёй моваю, паколькі яна ўвабрала элементы як беларускай, так і рускай, украінскай, польскай моў. Мы зафіксавалі лексічныя адзінкі, якія адрозніваюцца ад літаратурных адпаведнікаў, а таксама безэквівалентную лексіку (словы, якія не маюць у літаратурнай мове аднаслоўнага адпаведніка і тлумачацца апісальным спосабам): насіннік — стары жоўты агурок.
Асновай даследавання сталі назіранні за тым, як гаворым мы самі, нашыя аднакласнікі, бацькі, бабулі і дзядулі. Я прыслухоўваўся да гаворкі на вуліцы, у магазіне, у хаце. Дыялекты жывуць толькі ў вуснах гаворачых, таму я развярнуў «паляванне» на ўсёй тэрыторыі вёскі. Я параўноўваў вымаўленне жыхароў Павіцця з літаратурным, знаходзіў розніцу ў значэннях слоў.
Мы апыталі 15 старажылаў нашай вёскі. Адабраўшы лексічныя і семантычныя дыялектызмы, падзялілі іх на дзесяць лексічных груп:
- Харчаванне (сюды ўваходзяць словы, якія абазначаюць стравы і пітво);
- адзенне і знешні выгляд чалавека (прадметы адзення, абутак, тканіна, упрыгожванні);
- хатняя гаспадарка і двор (сюды ўваходзяць словы, якія жыхары Павіцця выкарыстоўвалі ў час сельскагаспадарчых работ);
- хатнія прылады (прадметы, якімі карыстаўся чалавек);
- характарыстыка і пачуцці чалавека (словы, якія апісваюць чалавека па прафесіі, родзе дзейнасці, характары);
- раслінны і жывёльны свет, з’явы прыроды;
- часткі цела чалавека, яго дзеянні;
- транспарт;
- адзінкі вымярэння, часавыя паняцці;
- іншыя словы.
Сабраныя словы мы апрацавалі, выкарыстоўваючы «Слоўнік іншамоўных слоў» А. М. Булыкі, «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» Г. А. Цыхуна, «Этимологический словарь русского языка» М. А. Фасмера, інтэрнэт. Паходжанне слоў, што не знайшліся ў слоўніках, мы імкнуліся вытлумачыць з дапамогай фанетычных прыкмет.
У складзе прааналізаваных намі 180 запазычанняў самай значнай групай па колькасці з’яўляюцца ўкраінізмы (35%), што абумоўлена шматлікімі беларуска-ўкраінскімі моўнымі кантактамі. Меншую, але значную частку складаюць паланізмы (26%), германізмы (16%). Нязначную колькасць складаюць балтыйскія запазычанні (9%) і цюркізмы (6%). Зусім нешматлікімі з’яўляюцца запазычанні з іншых моў: лацінскай (2%), французскай (2%), англійскай (1%), турэцкай (1%), фінскай (0,5%), яўрэйскай (0,5%). Адзначаюцца і царкоўнаславянізмы (1%).
Па сваіх значэннях запазычанні ў дыялекце Павіцця вельмі шматвобразныя. Украінізмы прадстаўлены ў большасці ў наступных тэматычных групах: раслінны і жывёльны свет (сэлёх, чіколас, лукачі, чорнобрівці), хатнія прылады (гарчік, макітра, тропэшка), часткі цела чалавека (чупрэна, патлыхе), стравы і напоі (галёпа, палёхі, сэлэнэц).
Польскамоўныя запазычанні найбольш сустракаюцца ў такіх тэматычных групах, як дзеянні чалавека (голэтэ, заварэць, прыматкабожыцца), адзенне і абутак (брэжэ, вэлён, марынарка, окапа), хатняя гаспадарка (баляскэ, дубэльтівка, коцюба, кутух, павал), адзінкі вымярэння (ацёнгло, гендэ).
У германізмах пераважаюць словы, што азначаюць характарыстыку чалавека (гіцель, рэхтык, шэхворост) і транспарт (фура).
Запазычанні з літоўскай мовы найперш адносяцца да сельскагаспадарчай сферы: кловня, свэрэнь, кулык, куське, клуня і інш.
Цюркізмы служаць назвамі адзення, абутку і ўпрыгожванняў: башлык, кітайкэ, малахайка і інш.
Словы лацінскага паходжання сустракаюцца толькі ў дзвюх катэгорыях: хатняя гаспадарка (сода) і іншыя словы (рэмедыя). Ужываюцца такія царкоўнаславянізмы, як «чэрэваты» і «колыва».
Няшмат запазычанняў у нашым дыялекце з заходнееўрапейскіх моў, галоўным чынам з англійскай (азначаюць адзенне — макінтош, і транспартныя сродкі — ровер), французскай (азначаюць толькі адзенне, тканіну і ўпрыгожванні — плат, повпальтык, редікюль).
Турэцкія запазычанні таксама нешматлікія і сустракаюцца толькі ў адной тэматычнай групе: адзенне, абутак і ўпрыгожванні (кутас, кясэтык).
Запазычанне з фінскай мовы прадстаўлена толькі адным словам у катэгорыі характарыстыка чалавека — лахудра. А яўрэйскае запазычанне сустракаецца ў найменнях страў (гугель).
Большасці запазычанняў у дыялекце адпавядаюць літаратурныя эквіваленты, якія, аднак, адрозніваюцца сваім семантычным аб’ёмам або стылістычнай афарбоўкай. Апраўданае выкарыстанне слоў іншамоўнага паходжання, правільнае іх асваенне не толькі не парушае нацыянальнай самабытнасці беларускай мовы, але і ўзбагачае яе лексічную сістэму.
У выніку бачна, што маўленне жыхароў Павіцця насычана запазычаннямі з украінскай і польскай моў, што можна патлумачыць тым, што наша вёска доўгі час была часткай Украіны, і таксама ў свае часы знаходзілася ў складзе Польшчы.
Для чаго ж захоўваць тое, што не ўваходзіць у літаратурную мову? Ці страцім мы што-небудзь, калі не захаваем гэтых слоў? Так, страцім, і не менш, чым страцілі б, калі б не захавалі тыя помнікі даўніны, якія клапатліва збіраюцца і беражліва захоўваюцца ў музеях, архівах, бібліятэках: старадаўнюю вопратку, прылады працы, хатняе начынне. Для навукі ўяўляе каштоўнасць кожнае слова, незалежна ад таго, уваходзіць яно ў літаратурную мову ці толькі належыць якой-небудзь мясцовай гаворцы. Страціць запазычанні ў дыялектах — гэта значыць страціць частку гісторыі нашага народа, яго духоўнай культуры, таго, што складала змест жыцця людзей на працягу многіх стагоддзяў. Вось чаму наш абавязак, наш святы абавязак — захаваць гэтыя неацэнныя скарбы жывой народнай гаворкі.
Іван Астапук
9 клас, Павіццеўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа,
Кобрынскі раён
Кіраўнік: Наталля Васільеўна Цецярук,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Спіс інфарматараў
- Брышцен Валянціна Іванаўна 1938 года нараджэння;
- Цецярук Людміла Мікалаеўна 1956 года нараджэння;
- Радковіч Алена Іосіфаўна 1942 года нараджэння;
- Дзенісюк Зоя Сцяпанаўна 1953 года нараджэння;
- Любчук Марыя Сцяпанаўна 1959 года нараджэння;
- Брышцен Аляксандра Астапаўна 1947 года нараджэння;
- Цецярук Алена Рыгораўна 1955 года нараджэння;
- Кузіч Ганна Іванаўна 1946 года нараджэння;
- Касынюк Аляксандра Сідараўна 1941 года нараджэння;
- Радковіч Ганна Міхайлаўна 1937 года нараджэння.
“Слоўнік запазычаных слоў дыялекту вёскі Павіцце”
А
Ацё́нгло (ад польскага) – заўсёды
Б
Бадзя́к (ад рускага бодяк) – асот
Балдэ́жка (ад рускага балда – «палена») – галава
Балі́́́я (ад польскага balia) – жалезнае карыта
Баля́скэ (ад польскага balas) – жардзіны для плота
Бату́г (ад польскага batog – “короткий кнут”) – кнут
Башлы́к (ад цюрскага baslyk – “капюшон”) – капюшон
Бі́льмэ (ад украінскага більма – “запаленне вока”) – вялікія вочы
Бля́ха (ад польскага blacha) – рознае начынне
Боя́рэ (ад цюрскага bolar) – мужчыны на вяселлі, якія дапамагалі нявесце перанесці пасаг
Брэ́жэ (ад польскага bryzy) – галаўны ўбор свахі
Бу́сэнь (ад украінскага бусень) – бусел
В
Ве́дріхся (ад рускага дрыхнуть – “драмаць”) – выспаўся
Ве́карак (ад украінскага выкарак) – ненармальны, не такі чалавек
Віціка́нэ (паходжанне не вызначана) – дзёрзкі
Волоцю́га (ад украінскага волоцюга – “бяздомны”) – той, хто ўвесь час ходзіць
Вужэ́шча (ад польскага voze) – вяроўка, лейцы
Вэ́варка (ад польскага variti) – бачок
Вэ́лён (ад польскага welon) – вэлюм
Вэ́лыця (ад дыял. украінскага вилиці) – рот
Вэ́шкэ (ад рускага вышь – “вышыня” ) – сенавал
Г
Галё́па (ад украінскага галёпа – “піражок у выглядзе лапы птушкі”) – ляпёшка з цеста ў выглядзе рукі
Гадко́е (ад лацінскага Guidcay – «брыдкі») – паганы чалавек
Га́нітыся (ад нямецкага hona) – ругацца
Га́рчік (ад украінскага гарчык) – саламяная бочка для захавання пер’яў
Гачё́к ( ад украінскага гачок) – кручок
Ге́ндэ (ад польскага) – тут
Ге́патэ (ад украінскага гепати) – кашляць
Гердзола́ (ад польскага gardziel) – глотка
Гі́цэль (ад польскага hycel – “жывадзёр”) – хуліган
Голэ́тэ (ад польскага golic) – красці
Гу́гель (ад яўрэйскага kugel – “выраб з цеста”) – вялікі блін з бульбы
Гу́гза (ад нямецкага) – соска для малога
Гязу́ндэ (ад нямецкага gesund) – здаровыя вантробы жывёлы
Д
Дубэльті́вка (ад польскага dubeltowka) – ружжо двухстволка
Ду́дяхэ (ад украінскага дудяхи) – трубачкі на качцы, калі яе ашчыпалі
Дэрка́ч ( ад украінскага деркач) – бярозавы венік
Е
Е́годы (ад украінскага егуды) – чарніцы
Ж
Жэд (ад лацінскага judaeus – “іудзей”) – сквапны чалавек
З
Заварэ́ць (ад польскага дыялектнага zawierac – “зачыняць”) – перашкаджаць
За́вій схватэ́в (паходжанне не вызначана) – апендыцыт
Закуга́ріло(ад украінскага) – хмурна
Заля́ска (ад украінскага) – рыдлёўка
Замазю́раны (ад украінскага) – брудны
Зату́лка (ад украінскага) – фартух
Здзьму́хе (ад украінскага дух – “дыханне”) – дрыгва
Зе́ньке (ад рускага зеница) – вочы
К
Кавду́н (ад польскага kaldun – “вантробы”) – страўнік
Калю́жа (ад праславянскага kaluza) – лужына
Каплу́н (ад літоўскага kap – “ крышыць”) – суп з тлушчам
Каро́ста (ад рускага костра – “адходы пры апрацоўцы льну”) – смецце
Кацяхе́ (ад украінскага кецяхи) – расліна (камыш)
Ква́рта (ад польскага kwarta) – кружка
Ква́шалнэ (ад рускага дыял.) – халадзец
Кітайкэ́ (ад татарскага kitai – “шаўковая тканіна”) – ленты для вянка
Кло́вня (ад літоўскага hlamma – “пастка”) – сетка для лоўлі рыбы
Клу́ня (ад літоўскага kluonas) – месца, дзе захоўваецца сена
Кнур (ад літоўскага kъrnъ – “абрэзаны” ) – кабан, якога пакінулі на племя
Кобэ́ляхі (ад польскага kobyla – “гатунак вялікіх сліў” на аснове адзнакі вялікі) – грыб свіннушка
Ко́йка (ад літоўскага кooi) – жалезны ложак
Ко́лыва (ад грэчаскага праз царкоўную лексіку) – памінальная куцця
Копэ́ця (ад нямецкага kobel) – стог сена
Корч (ад рускага корч) – хмызняк
Ко́рэ (ад балгарскага кор) – прыгожы мужскі абутак
Коць (ад нямецкага kotze) – коўдра
Коцюба́ (ад польскага kociuba) – качарга
Кры́пка (ад нямецкага Krippe – “жолаб”) – лодка
Кулі́ш (ад літоўскага kulesь) – рэдкая мучная каша
Ку́лык (ад літоўскага kulys) – сноп
Куськэ́ (ад літоўскага kosъ) – вілы
Кута́с (ад турэцкага kutas – “аздабленне на галаве”) – пучок нітак, звязаных разам на адным канцы, які служыць для ўпрыгожвання
Куту́х (ад польскага kutnia – “сець”) – куратнік
Кясэ́тык (ад ад турэцкага kese – “машна на грошы”) – кашалёк
Л
Ла́гвіця (ад нямецкага laga – “мера”) – драўляны яшчык для захавання і засольвання сала
Лагу́н (ад рускага ложиться) – бервяно, каб сена не выпадала з воза
Лапсерда́к (з ідыша лапсердак – “рытуальная кашуля”) – верхняе адзенне
Ла́тка (ад польскага olta – “кавалак тканіны”) – ануча
Лату́ха (ад літоўскага oltati – “прышываць латкі”) – каптан
Лаху́дра (з фінскага lauchutra – “няшчасны бадзяга”) – неахайны чалавек
Лёх (ад нямецкага loch – “закрытае месца”) – пограб пад падлогай у хаце
Лукачі́ (ад украінскага дыял. локачи) – буякі
Лэпэ́ха (ад украінскага лепеха) – чарот
Лю́стрыка (ад нямецкага Luster – “асвятляць”) – ліхтарык
Лю́хта (ад нямецкага Luft – “адтуліна”) – заслонка дымахода
М
Маё́ра (ад украінскага майорці) – кветкі цыніі
Ма́зя (ад украінскага мазя) – плакса, размазня
Майда́н (ад украінскага майдан – “плошча”) – загон для жывёлы
Макінто́ш (ад англійскага makintosh – “паліто”) – рабочае адзенне
Макі́тра (ад украінскага макітра) – 1. Вялікая драўляная міска; 2. Галава
Малаха́йка (ад татарскага malachai) – шапка
Маро́няны (ад украінскага марэна – “кветка, з якой здабывалі чырвоную фарбу”) – ружовы
Марына́рка (ад польскага marynarka) – піджак
Матэру́шка (ад украінскага) – расліна для гарбаты
Молодэ́ця( ад украінскага молодіця) – жанчына ў першы год замужжа
Морэ́чка (ад польскага morek – “хвароба на жывёлы”) – праклён з пажаданнем хваробы
Моць (ад стара-польскага moc) – многа
Н
Нагаве́цэ (ад украінскага ногавіці – “суконныя штаны”) – штаны
Наподэрэ́нзэ (ад польскага) – побач
Нарэ́да (ад рускага нарядить) – адзенне для пакойніка
Натэ́на (ад украінскага натина “дзікая лебяда”) – бацвінне
На́шчё (ад украінскага нашо) – навошта
Ніго́да (ад рускага погода) – дождж
Но́чьвэ (ад украінскага ночэй – “карыта мыць бялізну”) – карыта з дрэва
Нэ́нька (ад польскага нэнька – “калыска”) – люлька для нованароджаных
Нэць( ад украінскага) – няма нічога.
О
Огэ́лле (ад украінскага) – попел
Ока́па (ад польскага kapa) – пакрывала
П
Пава́л (ад польскага powala – “столь з бярвення”) – столь
Пазюрі́ (ад польскага pazur – “кіпцюр”) – пазногці
Палё́хе (ад украінскага палёшки) – страва з цеста
Палушкэ́ (ад украінскага) – жалезная вялікая ванна
Па́сок (ад польскага pasek “гульня з рэменем”) – рэмень
Па́тлыхэ (ад украінскага патла) – распушчаныя воласы
Патэ́ка (ад украінскага патик) – палка
Плат (ад французскага plat – “плоскі”) – самаробная тканіна
Повпа́льтык (ад французскага paletot – “верхняя вопратка”) – кажушок
Поку́шатэ (ад рускага покушать) – паспрабаваць
Полонэ́на (ад польскага) – гора
Полянэ́ця(ад украінскага паляниця) – маленькая выпечка хлеба
Помэло́ (ад украінскага помело) – балбатлівы чалавек
Понэвэ́рыцца (ад украінскага) – быць няўпэўненым
Порто́к (ад украінскага порт) – абрус
Поскрі́птуха (ад польскага poskrobek) – рэшткі хлеба
Постолэ́ ( ад цюрксага postal – “туфель”) – абутак з лазы
По́тас (ад польскага pocieś – «прасніца”) – прыстасаванне для пражы нітак
Прічаві́тэ (ад украінскага причавити) – прытуліць да сябе
Просторі́кваты (ад украінскага просторікати – “многа гаварыць”) – пярэчыць
Прыматкабо́жыцца (ад польскага Matko Boża – “Божая Маці”) – прымасціцца
Пры́старч (ад польскага pristark –“калючка”) – бадылле
Прэ́нздэ (ад польскага prędki) – хутка
Прэ́святок (ад украінскага присвяток) – невялікае свята
Пудпі́рнач( ад украінскага) – пярына
Пэ́літыся (паходжанне не вызначана) – упраўляцца па гаспадарцы
Р
Радно́ (ад польскага radno – “тканае палатно”) – пакрывала
Редікю́ль (ад французскага ridicule) – сумачка
Ро́вяр ( ад англійскага rover – “вандроўнік” праз польскую мову) – веласіпед
Рэбрэ́на (ад рускага ребро) – лесвіца
Рэме́дыя ( ад лацінскага remedium— “сродак супраць чаго-небудзь”) – шкода
Рэ́хтык ( ад нямецкага richtig – “правільны”) – падобны чалавек
Рэ́шка (ад украінскага рашка –“драўляны сасуд у выглядзе нізкага вядра) – карыта для жывёлы
С
Сага́н (ад цюркскага sagan – “кацёл”) – від чыгуна
Самоту́жкі (ад украінскага саматужка – “разлічваць на ўласныя сілы”) – санкі з дрэва
Свэ́рэнь (ад літоўскага svirna – “кладоўка”) – маленькі хлеў
Со́да (ад лацінскага soda) – парашок для мыцця бялізны
Сторко́ваты (ад украінскага сторковатий) – нястрыманы
Стэ́жур – сена для подсцілу
Сухо́та (ад рускага сухой) – занудлівы чалавек
Сы́лнэ (ад рускага сильный) – вялікія ягады
Сэ́лёх (ад украінскага селюх) – качар
Сэлэнэ́ц (ад украінскага оселенець) – селядзец
Сэрнэ́га (паходжанне не выяўлена) – кажух
Т
Такмачы́ (ад татарскага tokmak – “даўбешка”) – тоўчаная бульба
Тепе́рече (ад стара-славянскага топръво) – зараз
Тнэ́тыся ( ад праславянскага tъno) – крыўдзіцца
Тропэ́шка (ад украінскага) – глыбокая скаварада
Тру́скавке (ад польскага) – клубніцы
Ф
Фу́ра (ад нямецкага Fuhre) – вялікі нагружаны воз
Х
Хнэ́лык – цвік
Худо́ба (ад польскага chudoba – “невялікі скарб”) – скот
Ц
Цунд (ад нямецкага Pfund – “мера вагі ад 317 да 560 гр.”) – мера вагі (400гр.)
Цэбахі́ (ад украінскага цибахи) – стрэлы на цыбуле
Ч
Чвэ́ріць – рабіць
Чікола́с (ад украінскага) – апалыя сасновыя іголкі
Чу́ні (ад цюрксага suna – “сані”) – стары разношаны абутак
Чупрэ́на (ад украінскага чупер – “чуб”) – чуб
Чэрэва́ты (ад царкоўна-славянскага чрево) – з вялікім жыватом
Чэрэвэ́ке ( ад украінскага черевики – “башмакі”) – боцікі жаночыя
Чорнобре́вцэ (ад украінскага чорнобривці) – аксаміткі
Ш
Шаліні́ўка (ад украінскага) – квяцістая хустка
Шапа́рня – драўляны яшчык для захоўвання зерня
Шарова́рэ ( ад цюркскага salvar) – штаны шырокія.
Ша́хер-ма́хер (ад нямецкага Schacher und Macher) – абы-як
Шлэ́га (ад нямецкага) – драўляны малаток
Шно́бель ( ад ідыш snobl – “дзюба”) – вялікі нос
Шпацырава́ць (ад нямецкага spazieren) – ісці, горда падняўшы галаву, ні на кога не звяртаючы ўвагі
Шпэ́рка (ад нямецкага Speck) – сала
Шу́фля (ад нямецкага Schaufel) – рыдлёўка
Шэ́хворост (ад украінскага шихворост) – рухомае дзіця
Ю
Ю́бка(ад рускага юбка) – сарочка
Шчыры дзякуй, добрая праца!