Пра кнігу і кніжніцтва — у фармаце анлайн-трансляцыі

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі завяршыў сваю работу VII Міжнародны кангрэс «Бібліятэка як феномен культуры. Краязнаўства і краіназнаўства ў захаванні культурнага шматаблічча». Знакавай падзеяй кангрэса стаў Міжнародны круглы стол пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго», які Нацыянальная бібліятэка Беларусі правяла сумесна з Выдавецкім домам «Звязда». У фармаце анлайн-трансляцыі ўдзел у рабоце круглага стала прынялі прадстаўнікі 11 краін свету: Беларусі, Азербайджана, Грузіі, Казахстана, Літвы, Малдовы, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны.


Да абмеркавання былі зададзены наступныя пытанні: 

1. Свет мастацкай прасторы і партрэт часу. Роля слова ў сцвярджэнні ідэалаў прагрэса і гуманістычнага развіцця грамадства. 

2. Міжнародныя сувязі літаратур — аснова ў стварэнні партрэта сучасніка. Магчымасць асэнсавання і разумення розных укладаў грамадскай свядомасці, дзяржаўных уладкаванняў праз прызму мастацкага слова. 

3. Культурнае будаўніцтва, мастацкі пераклад як неад’емная частка кніжных узаемаадносін паміж народамі і краінамі.

Мадэратарамі Міжнароднага круглага стала выступілі дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч і намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі кнігазнаўца, бібліёграф Алесь Суша. З беларускага боку ўдзел у круглым стале прынялі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь паэт, перакладчык, публіцыст Мікола Мятліцкі, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» паэт, празаік, перакладчык, літаратурны крытык Алесь Бадак, намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» — галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» перакладчык і публіцыст Аляксей Чарота.

З відэазваротам да ўдзельнікаў міжнароднай дыскусійнай пляцоўкі звярнулася перакладчыца, пісьменніца, бібліёграф з Сербіі Даяна Лазаравіч, якую ў Беларусі ведаюць як перакладчыцу паэзіі Максіма Багдановіча і Янкі Купалы. 

Асобна хацелася б адзначыць прыкметнае, багатае на генерацыю розных ініцыятыў выступленне публіцыста, дацэнта кафедры журналістыкі Палтаўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя У.Г.Караленкі Глеба Кудрашова, які падкрэсліў, што менавіта Мінск аб’ядноўвае розныя літаратурныя, мастацкія сілы, служыць месцам нараджэння многіх ініцыятыў. Часам дастаткова індывідуальных, як, напрыклад, знаёмствы пісьменнікаў розных краін штоверасень у Дзень беларускага пісьменства альбо на Міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час» у лютым у межах праграмы міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Часам і такіх, як выпуск калектыўных кніг мастацкага перакладу, як, напрыклад, «Францыск Скарына на мовах народаў свету» ці альманахі «Далягляды» , «Созвучие», «Першацвет».

Сваімі думкамі, грунтоўнымі развагамі пра вартасці супольнай працы па выхаванниі грамадства, чытацкіх густаў падзяліліся пісьменнік, перакладчык, літаратурны крытык, галоўны спецыяліст аддзела міжнародных літаратурных сувязяў мастацкага перакладу Саюза пісьменнікаў Узбекістана Рысалат Хайдарава, намеснік дэкана гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, актывіст беларускай дыяспары ў Маскве, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аксана Солапава, старшыня Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Башкартастан паэт Закі Алібаеў (Расійская Федэрацыя), галоўны рэдактар літаратурна-мастацкай газеты «Горцы» (Дагестан, Махачкала) паэт, перакладчык, публіцыст, мастак Марат Гаджыеў, малдаўскі празаік, эсэіст, драматург, публіцыст Мікалай Русу, літаратуразнаўца, загадчык аддзелам аналітыкі і знешніх літаратурных сувязяў Інстытута літаратуры і мастацтва імя М.А.Ауэзава Міністэрства навукі і адукацыі Рэспублікі Казахстан, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Святлана Ананьева, іншыя пісьменнікі, вучоныя, грамадскія дзеячы.

Падрабязнасці работы круглага стала «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго» — на старонках аднаго з бліжэйшых нумароў газеты «Звязда», а таксама ў газеце «Літаратура і мастацтва».

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда»

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *