Сказаць пра важнае, не страцiўшы аўдыторыю
Кнiгi «Сiмвалы Беларусi» i «Я — грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь» — гэта выданнi, якiя не толькi разлiчаны на шырокае кола чытачоў, бо маюць цiкавы змест, але i iлюструюць iмкненне беларускiх выдавецтваў расказваць пра грунтоўныя рэчы, арыентуючыся на патрабаваннi часу i попыт аўдыторыi.
— Iдэя праекта, вынiкам якога стала выданне «Сiмвалы Беларусi», узнiкла яшчэ зiмой падчас кнiжнай выстаўкi-кiрмашу. Мы размаўлялi з дырэктарам Нацыянальнага гiстарычнага музея i сышлiся на тым, што хацелi б зрабiць праект пра Беларусь, якi раскрываў бы ўсе яе гранi. Паказваў бы ўсе нашы адметнасцi, але так, каб гэта не было стандартна. I мы прапанавалi канцэпцыю, якую ўхвалiлi i падтрымалi ў фiлiяле Нацыянальнага гiстарычнага — у Музеi сучаснай беларускай дзяржаўнасцi. Яго супрацоўнiкi зразумелi сутнасць нашай задумы: сабраць тыя знакавыя з’явы гiсторыi i сучаснасцi, якiя вызначаюць нашу дзяржаву, якiя ўзнiкаюць у асацыяцыях, калi мы гаворым пра краiну i наш народ. Побач i тое, што мы, беларусы, самi пра сябе думаем, i тое, што ўзнiкае ва ўяўленнi iншых людзей у тым лiку i за мяжой, — тлумачыць канцэпцыю стварэння кнiгi дырэктар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi» Вольга Ванiна.
Складальнiкi вырашылi для зручнасцi выкласці ўсю iнфармацыю ў раздзелы: «Дзяржаўныя сiмвалы» (дзе размова iдзе пра герб, сцяг, гiмн, а таксама Канстытуцыю, Дэкларацыю незалежнасцi i iншае, што характарызуе краiну ў згаданым кантэксце); «Прырода» — апiсвае самыя розныя аб’екты, сярод якiх i валошкi, i зубр, i азёры; «Народныя традыцыi i рамёствы» (ручнiкi, арнамент, iх значэнне, будова беларускай хаты, беларуская кухня i гэтак далей); «Беларускiя класiкi» (знаёмiць з прадстаўнiкамi розных вiдаў мастацтва); «Праўда памяцi» (раздзел, прысвечаны ўвекавечанню тэмы Вялiкай Айчыннай вайны) i шэраг iншых. Кнiга змяшчае фотаздымкi i iнфармацыю па кожным сiмвале на трох мовах — беларускай, рускай i англiйскай, што дазваляе прэзентаваць для замежных гасцей.
Яшчэ адна кнiга з падобным зместам, але крыху ў iншай стылiстыцы падачы iнфармацыi перавыдадзена ў выдавецтве «Адукацыя i выхаванне» — гэта «Я — грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь». Яе найперш ведаюць i змогуць згадаць тыя юныя беларусы, якiя ўжо атрымалi свае першыя пашпарты ў далёкiм 2007 годзе. А цяперашняе выданне 2019 года ўжо мае абноўлены выгляд i змест. Перапрацавана з улiкам не толькi ўзросту аўдыторыi, на якую разлiчана, але i грунтуючыся на лiчбавыя тэхналогii i з мэтай зрабiць яе больш даступнай для сваiх чытачоў, не згубiўшы пры гэтым якаснага зместу.
— Главы нашай кнiгi расказваюць i раскрываюць змест асноўных раздзелаў Канстытуцыi нашай краiны, распавядаюць пра дзяржаўную будову i гiстарычныя этапы фармiравання дзяржаўнасцi. Тут асвятляюцца розныя галiны айчыннай эканомiкi, гiсторыi, традыцыi. Абмяркоўваюцца пытаннi экалогii, падаткаў, а таксама гаворыцца пра людзей, якiя адыгралi ключавую ролю ў станаўленнi беларускай дзяржавы. У кнізе шырока выкарыстоўваюцца схемы, iнфаграфiка, фотаздымкi, QR-коды i мiнiмiзавана тэкставая iнфармацыя, што адпавядае сёння попыту сучасных падлеткаў, — адзначыў на прэзентацыi намеснiк дырэктара выдавецтва «Адукацыя i выхаванне» Вiктар Якжык.
Асобна варта сказаць пра тое, што раней гэтая кнiга мела дадаткi на кампакт-дысках, а цяпер выпусцiлi электронныя дадаткі «Я i закон», якi дазваляе азнаёмiцца i сарыентавацца ў свеце законаў, i «Шэдэўры культуры», дзе ёсць магчымасць паслухаць творы беларускiх аўтараў i iх бiяграфii. Распрацаваны і спецыяльныя iнтэрактыўныя заданнi па тэмах. Развiваць электроннае напаўненне выдання плануюць i надалей.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».