“Хочаце гаварыць прыгожа, слухайце радыё”

Менавіта так у савецкія часы гаварылі школьныя настаўнікі і адзначалі пры гэтым асаблівую прыгажосць жывой роднай мовы… За ўсю сваю 95-гадовую гісторыю Беларускае радыё было знакавым культурным асяродкам у жыцці краіны, прапагандавала высокія мастацкія каштоўнасці, стварала ў эфіры шэдэўры музыкі, літаратуры, тэатральнага мастацтва.

У адной з самых першых перадач радыёстанцыі “Савецкая Беларусь” свае вершы перад мікрафонам чыталі Паўлюк Трус, Алесь Дудар, Кандрат Крапіва. Літаратурныя перадачы заваявалі аўтарытэт у слухачоў. Родная літаратура, мастацкае слова знаходзілі асаблівы эмацыянальны водгук сярод людзей.

На нашым радыё працавалі людзі, многія з якіх сталі гонарам айчыннай культуры. Музыканты, пісьменнікі, артысты разам з журналістамі, рэпарцёрамі, рэжысёрамі, гукааператарамі стваралі летапіс народнага жыцця, станавіліся шчырымі і дасведчанымі суразмоўцамі для мільёнаў людзей. Радыё станавілася для іх жыццёвым і творчым лёсам. Нельга не згадаць, да прыкладу, Уладзіміра Міхайлавіча Юрэвіча – аднаго з першых айчынных дыктараў. У гады Вялікай Айчыннай вайны яго голас нёс беларускаму народу роднае слова, заклікаў на барацьбу з ворагам, усяляў веру ў Перамогу. У пасляваенны час Юрэвіч узначальваў аддзел літаратурна-драматычнага вяшчання, амаль сорак гадоў вёў радыёклуб “Жывое слова“ —праграму, якая вучыла  любіць і шанаваць родную мову. Паслядоўнікам Юрэвіча быў паэт Мікола Чарняўскі. На Беларускім радыё ў розны час працавалі пісьменнікі Валянцін Лукша, Уладзімір Мехаў, Віктар Шымук, Казімір Камейша і многія-многія іншыя.

Радыё развівалася, удасканальвала вяшчанне, прыходзілі новыя тэхналогіі. Але роднае слова заставалася прыярытэтам.
І пра гэта нялішне нагадаць, бо ў патоку разнастайнага эфіру каналы нашага радыё вылучаюцца сваёй пастаяннай увагай да слова, да беларускай культуры, да высокай духоўнасці. Беларускае радыё і сёння прадастаўляе мікрафон выдатным людзям краіны, яно па-ранейшаму вучыць, раіць, дзеліцца каштоўнымі ведамі і культурнымі набыткамі. Урокі беларускай мовы для замежнікаў, моўныя хвілінкі, парады, як правільна гаварыць па-беларуску,  атрымалі пастаянную прапіску ў эфіры. 

Напярэдадні шаноўнага юбілею радыё пра гэта можна гаварыць з гонарам і верай у тое, што лепшыя традыцыі не проста захаваюцца, але будуць і надалей увасабляцца ў штодзённым эфірным жыцці. 

З надыходзячым святам і вас, любімыя нашы слухачы.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *