Прайшоў экспертна-медыйны форум Пастаяннага Камiтэта Саюзнай дзяржавы

 

Традыцыйны экспертна-медыйны форум Пастаяннага Камiтэта Саюзнай дзяржавы, Мiжнароднага iнфармацыйнага агенцтва «Россия сегодня» прайшоў адразу на некалькiх пляцоўках — у Маскве i Мiнску.

Удзельнiкi дыскусiй змаглi паразважаць, абмяняцца думкамi, зрабiць пэўныя высновы ў студыях Мiжнароднага мультымедыйнага прэс-цэнтра МIА «Россия сегодня» (Масква), Нацыянальнага прэс-цэнтра Рэспублiкi Беларусь (Мiнск) i Дома прэсы (Мiнск). На гэты раз была разгледжана тэма «Iнфармацыйная бяспека Саюзнай дзяржавы: сучасныя выклiкi i новыя тэхналогii». З прывiтальнымi словамi выступiлi Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Беларусi i Расii Рыгор Рапота, старшыня Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносiнах i СМI Генадзь Давыдзька, старшыня Саюза журналiстаў Расii Уладзiмiр Салаўёў, старшыня Савета дырэктараў газеты «Комсомольская правда», генеральны дырэктар радыёстанцыi «Говорит Москва» Уладзiмiр Мамантаў, старшыня Камiсii па развiццi iнфармацыйнага грамадства, СМI i масавых камунiкацый Грамадскай палаты Расiйскай Федэрацыi Аляксандр Малькевiч.

Адна з секцый была прысвечана наступнай тэме — «Iнфармацыйная абарона Саюзнай дзяржавы. Сiстэмны падыход i аб’яднанне намаганняў». Удзел у яе рабоце прынялi дэкан факультэта фiласофii i сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, кандыдат гiстарычных навук Вадзiм Гiгiн, палiтолаг, галоўны рэдактар партала imchoclub.by Аляксей Дзермант i шэраг iншых палiтолагаў, аўтарытэтных экспертаў у галiне мас-медыя. А на тэму масавай дэзынфармацыi, фэйкаў i работы з аўдыторыяй розных медыя паразважалi старшыня Саюза журналiстаў Беларусi Андрэй Крывашэеў, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмiтрый Жук, галоўны рэдактар часопiса «Беларуская думка» Iгар Ганчарук, генеральны дырэктар Цэнтра вывучэння перспектыў iнтэграцыi, галоўны рэдактар партала RuBaltik.Ru Сяргей Рэкеда. Апошнi, у прыватнасцi, прысвяцiў сваё выступленне тэлеграм-рэальнасцi беларуска-расiйскiх адносiн.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецкага дома «Звязда»

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *