Фінансавая адукаванасць = фінансавы дабрабыт

У 2020 годзе Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя. І. Х. Каладзеева ініцыявала рэгіянальны асветніцкі праект «З фінансамі на «ты». Праект працягнецца і ў 2021-м, калі горад Барысаў абвешчаны культурнай сталіцай Беларусі.
Навошта гэта патрэбна?
Сучасны свет немагчымы без грошай, людзі карыстаюцца імі амаль кожны дзень. Аднак не кожны з упэўненасцю можа сказаць, што добра ўмее распараджацца грашыма, ведае, у якое рэчышча іх накіраваць і як прымусіць «працаваць».
Веданне асноўных фінансавых паняццяў і ўменне іх выкарыстоўваць дазваляе правільна кіраваць сваімі грашовымі сродкамі: весці ўлік даходаў і расходаў, пазбягаць залішняй запазычанасці, планаваць асабісты бюджэт, ствараць зберажэнні і так далей.
Што мы прыдумалі?
Бібліятэка, канешне, не фінансавая арганізацыя, але ж адна з яе функцый – асветніцкая. Значыць, неабходна надаць увагу фінансавай асвеце жыхароў Барысаўскага рэгіёна. Таму ў 2020 г. у Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя. І. Х. Каладзеева з’явіўся рэгіянальны асветніцкі праект «З фінансамі на «ты»». У ім актыўна ўдзельнічаюць практычна ўсе аддзелы ўстановы, гарадскія і сельскія бібліятэкі.
Праект дасягае сваёй мэты шляхам правядзення асветніцкіх мерапрыемстваў: інфармацыйных гадзін, квэстаў, эканамічных гульняў, пасяджэнняў сямейных клубаў, лекцый, віртуальных выстаў, трэнінгаў, майстар-класаў, конкурсаў, сустрэч са службоўцамі банкаў і страхавых прадпрыемстваў, калекцыянерамі.
Як працаваў праект у 2020-м?
Мерапрыемстваў сапраўды адбылося шмат. Пра ўсё расказаць фізічна немагчыма, таму адзначым самыя яркія моманты.
У зале дзіцячага аддзела цэнтральнай бібліятэкі доўгі час працавала выстава сувенірных скарбонак «Накапілкі» – рознакаляровых, яркіх, маляўнічых фігурак з розных матэрыялаў і розных форм. Чаго і каго сярод іх толькі не было! Нібы вытанчаныя статуэткі, мульцяшныя персанажы або героі дзіцячых кніг і іншыя прадметы, яны быццам замерлі на паліцах і кубах. Вырабы для экспазіцыі прадставілі супрацоўнікі і чытачы бібліятэкі. Некаторыя з іх сталі пастаянным упрыгожваннем дзіцячага аддзела, іншыя па заканчэнні экспазіцыйнага тэрміну вярнуліся да сваіх уладальнікаў.

Таксама супрацоўнікі дзіцячага аддзела арганізавалі цікавыя сустрэчы для школьнікаў. На «Сябрую з фінансамі» гаварылі пра лічбавую бяспеку асабістых фінансаў, правільнае карыстанне банкаўскай карткай, разглядалі прыклады махлярства ў інтэрнэце. Запомнілася падлеткам размова са страхавым кансультантам «Стравіты» Людмілай Захарэвіч: госця распавяла, як працуе страхаванне, што такое накапляльнае страхаванне, адказала на шматлікія пытанні дзяцей.

Вы ведаеце, якія грашовыя знакі дзейнічалі, напрыклад, пры імператары Пятры І? У галерэі «ARTквартал» прыцягвала ўвагу кожнага наведвальніка выстава «Мая калекцыя». Экспазіцыю са свайго прыватнага збору прадставіў наш зямляк, калекцыянер Сяргей Казлоў. Можна было палюбавацца манетамі з каштоўных металаў, старадаўнімі, а таксама біметалічнымі, калекцыйнымі, манетамі з некаштоўных металаў – выпушчанымі малым накладам.
Яшчэ адна падзея — конкурс малюнкаў «Займальны свет фінансаў». Тут сумесна папрацавалі дарослыя і дзеці: банкаўскія работнікі, бібліятэкары, бацькі, педагогі, юныя мастакі. Спатрэбілася ўспомніць мастацкія творы і літаратурных герояў, якія так ці інакш звязаны са светам фінансаў, нават паспрабаваць уявіць, як могуць выглядаць новыя грошы, – і адлюстраваць іх на палатне. Для ўдзелу ў конкурсе было даслана 163 работы ад 164 талентаў з розных устаноў культуры і адукацыі Барысаўскага раёна. У галерэі «Праменад» адбыліся адкрыццё выставы конкурсных прац і ўрачыстае ўзнагароджванне 51 пераможца.
Разам з супрацоўнікамі цэнтральнай бібліятэкі актыўны ўдзел у працы журы, а таксама фінансавую падтрымку конкурса ажыццявілі член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканоміцы, бюджэце і фінансах Алена Зяблікава, РДУСП «Стравіта», банкі «АСБ Беларусбанк», «Белаграпрамбанк», «Прыорбанк ААТ», «Ідэя Банк».
Таксама запомніліся мерапрыемствы «Калі дэбет з крэдытам не сыходзіцца, альбо Як кіраваць асабістымі фінансамі», «Грошы Рускага царства», іншыя.
А мы працуем з праектам далей і запрашаем да супрацоўніцтва.
З інфармацыяй аб усіх асветніцкіх праектах можна пазнаёміцца на сайце ДУК «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя. І. Х. Каладзеева» і на старонках у сацыяльных сетках.
Алена Брыцкая,
фота з архіва Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя. І. Х. Каладзеева
