Бярозка №12. Анонс

Дайджэст
Маргарыта Латышкевіч прапануе вам простыя інструменты для працы над святочным настроем. Дзіўна, як у такім маленькім тэксце памясцілася так шмат варыянтаў на самы розны культурны смак.

Праектар
Фільм «Стажор» Нэнсі Маерс у форме камедыйнай драмы даследуе, якую карысць можа прынесці сутыкненне супрацьлегласцей, і ці настолькі мы на самай справе супрацьлеглыя адно аднаму. Мабыць, іншы можа заўважыць і адкрыць у табе нешта, што ты сам не заўважаў усё жыццё?

Беллліт
Калі вам падаецца, што знакамітая аповесць Алеся Бадака «Адзінокі васьмікласснік хоча пазнаёміцца» — гэта толькі драма пра няўдалае першае каханне, то вам дакладна трэба прачытаць гэтую рэцэнзію.
Аўтаркі расклалі тэкст на матывы і вобразы, асэнсавалі іх праз свой вопыт і склалі з гэтага шматзначны сэнсавы малюнак. Задумваешся не толькі пра тое, наколькі цікавыя вобразы выкарыстаў Алесь Бадак ці якая глыбокая думка ляжыць за простай гісторыяй, але ж і пра свае ўласныя пачуцці і вопыт, якія напэўна тым ці іншым чынам закрануў гэты тэкст.

Гісторыя поспеху
Нам вельмі падабаецца працаваць з гісторыямі сапраўдных людзей. Яны заўсёды распавядаюць пра непаўторны шлях, рост і цвіценне асобы. Але што аб’ядноўвае гісторыі самых розных людзей — у выніку кожны перамагае любыя цяжкасці і становіцца новай, лепшай версіяй сябе. І гэта дае надзею і моц нам самім ісці далей.
Гэты тэкст — гісторыя Кацінага жыцця з разладам харчовых паводзін. Гісторыя не разладу, а Каці. Пра зносіны ў сям’і, захапленні, пачуцці, — ды як на ўсё гэта паўплываў РХП. І як Каця вырашыла больш не дазваляць яму ўмешвацца ў сваё жыццё.

Месца
Працягнуцца разважанні пра незвычайныя малыя радзімы. Апошнім разам аўтаркі падзяліліся, як гэта, калі твая малая радзіма — індустрыяльны раён Мінску. Гэтым разам сітуацыя яшчэ цікавейшая. Што, калі малых радзім — дзве? З аднаго боку, вялікі шумны горад, а з іншага — схаваўшыся ў лесе хутар на беразе Нарачы. Здаецца, складана захаваць у сваім сэрцы абодва такія розныя месцы. Ці, наадварот, гэта сапраўднае багацце?

Заяўка на парнас
Вось вы калі-небудзь спрабавалі напісаць сваю п’есу? Калі не, то пачытайце працу Карыны і натхніцеся. Актуальную думку пра тое, што з інфармацыйнымі тэхналогіямі трэба абыходзіцца пільна, аказваецца, можна ўдала змясціць у даволі класічную форму, і дадаць да гэтага гумар!
А ў тэксце Анастасіі вы знойдзеце цікавую легенду пра тое, адкуль пайшла назва журавін.
Далей — вершы, куды ж без іх. Усё яшчэ адбіраем творы з літаратурнай гасцёўні «Думаць вершы», якая прайшла ў кастрычніку! Удзельнікі спрабавалі праз гумар узняць нейкую значную сацыяльную тэму ці праблему. Нам падаецца, што атрымалася цудоўна — і рассмяшыць, і прымусіць задумацца.

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *