Ляўша, леў ці левы?

Адкуль пайшла назва вёскі і прозвішча

Пройдзе не так многа часу і ад многіх вёсак застануцца толькі найменні. Не застанецца людзей, якія змаглі б нам расказаць пра гэтыя вёсачкі.

Зараз многія цікавяцца родным краем. Для мяне малая радзіма – гэта пасёлак Обаль у Шумілінскім раёне. Амаль каля самага пасёлка ёсць маленькая вёсачка  Ляўшы, сугучная майму прозвішчу. І мне падалося, што яна мае нейкае дачыненне да маёй сям’і.

Я вырашыла гэта высветліць шляхам даследвання.

У цэнтры даследчай думкі, безумоўна, антрапаніміка як навука аб назвах чалавека і тапаніміка — навука аб назвах населеных пунктаў.

Асноўная мэта даследавання – высветліць паходжанне, шляхі фарміравання і заканамернасці  развіцця назвы вёскі Ляўшы і прозвішча Ляўшова.

Для рэалізацыі мэты я ставіла для сябе  наступныя задачы:

  • выявіць і апісаць семантыку і этымалогію ўтварэння прозвішча Ляўшова;
  • разгледзіць гісторыю ўзнікнення назвы вёскі Ляўшы;
  • высветліць узаемасувязь назвы вёскі і паходжання прозвішча.

Гіпотэза: Я лічу, што існуе лексічная сувязь паміж назвай вёскі (Ляўшы) і маім прозвішчам, што можа мець агульную гісторыю ўзнікнення.

Актуальнасць работы мне бачыцца ў тым, што кожны чалавек павінен імкнуцца спазнаць гісторыю і культуру сваёй мясцовасці і сям’і.

Навізна  работы заключаецца ў тым, што ранней гэта пытанне не разглядалася, і пра вёску, а таксама і пра прозвішча, не існуе ніводнага пісьмовага тлумачэння.

Метады даследвання: падбор і пошук неабходнага матэрыялу; сустрэча з работнікамі сельсавета; аналіз і сінтэз матэрыялу.

Антрапаніміка і тапаніміка

Імя суправаджае чалавека на працягу ўсяго яго жыцця, становіцца яго спадарожнікам. Кожны чалавек мае імя, імя па бацьку, прозвішча, інакш кажучы, афіцыйную назву. Часта, асабліва ў вёсках, сустракаюцца і неафіцыйныя назвы людзей – мянушкі.

Тое самае можна сказаць і пра назвы вёсак.

Усе гэтыя тыпы найменняў гістарычныя: кожнае ўзнікла ў пэўны перыяд гістарычнага развіцця чалавецтва.

Антрапаніміка – навука, якая займаецца вывучэннем найменняў людзей.

Падрабязна пра найменні геаграфічных аб’ектаў дазваляе даведацца тапаніміка – навука, якая вывучае геаграфічныя назвы, іх паходжанне, сэнсавае значэнне, развіццё, сучасны стан, напісанне і вымаўленне. Тапаніміка з’яўляецца навуковай дысцыплінай, якая знаходзіцца на памежжы трох галін ведаў: геаграфіі, гісторыі і лінгвістыкі. Тапонімы ж – гэта ўласныя імёны прыродных аб’ектаў на Зямлі, а таксама аб’ектаў, створаных чалавекам.

Прозвішчы – спадчынныя афіцыйныя найменні людзей, якія паказваюць на прыналежнасць чалавека да пэўнай сям’і. Аднак праблема вывучэння антрапонімаў і тапонімаў застаецца далёкай да свайго канчатковага вырашэння. Неабходна праводзіць вялікую колькасць рэгіянальных апісанняў беларускіх уласных імёнаў і назваў вёсак, а таксама іх даследваць.

Несумненна, менавіта рэгіянальныя даследаванні найбольш актуальныя і перспектыўныя. Разгляд якога-небудзь моўнага матэрыялу, асабліва ў сферы імёнаў уласных, варта праводзіць глыбока і ўсебакова на пэўнай тэрыторыі.

Характарыстыка і паходжанне прозвішча

Найстаражытнейшая форма назвы чалавека – імя цесна звязана з мянушкай (жартоўным або канспірацыйным імем чалавека). Мянушка спачатку выконвала функцыю імені ў дахрысціянскі перыяд, потым ужывалася побач з уласнымі асабовымі імёнамі.

Пазней, у 16-17 ст. імёны-мянушкі набліжаюцца да прозвішчаў, аб’ядноўваючы ўсіх членаў аднаго рода, сям’і. Мянушкі абазначаюць асоб з аднолькавымі прозвішчамі, выдзяляюць іх па якой-небудзь рысе сярод усіх жыхароў.

Яшчэ мне стала вядома, што маё прозвішча ўтварылася ад назваў асоб паводле знешняга выгляду ці фізічных якасцей.  Ёсць думка, што прозвішчы, Левуш і Ляўша з’яўляюцца аднакаранёвымі і ўзніклі яны яшчэ ў дахрысціянскую пару як мянушкі. Так маглі называць чалавека, які валодаў левай рукой лепш, чым правай, інакш кажучы, быў ляўшой. Паводле іншай гіпотэзы, прозвішча Леўша  паходзіць ад мянушкі Леў. Прыхільнікі гэтага пункту погляду лічаць, што такую мянушку чалавек мог атрымаць на аснове асацыяцый з буйным драпежнікам. Так маглі назваць чалавека па яго знешнім выглядзе, фізічных якасцях  або рысах характару: Львом маглі назваць таго, хто вызначаўся магутнай сілай, смеласцю і адвагай. Аднак назвы экзатычных для беларускіх зямель жывёл у старажытнасці звычайна выкарыстоўваліся ў якасці мянушак вельмі рэдка.

         На маю ж думку, прозвішча – Ляўшоў- ляўша, левы. Прозвішча магло быць дадзена чалавеку з сям’і, дзе гаспадаром быў ляўша.

Утварэнне прозвішча

Па структуры ўсе прозвішчы падзяляюцца на першасныя і другасныя. =Першасныя – прозвішчы, утвораныя ад уласных асабовых імён і мянушак без далучэння  прозвішчаўтваральных  фармантаў.  Другасныя – прозвішчы, утвораныя ад уласных імён, мянушак  ці тапонімаў шляхам далучэння прозвішчаўтваральных фармантаў.

Спынімся на апісанні цікавага для нас тыпу (маё прозвішча) больш падрабязна. Што датычыцца Шумілінскага  раёна, то прозвішчы на –оў/ -еў/ -аў складаюць амаль 53% , і гэта даволі высокі паказчык.

Прычына высокай частотнасці такіх прозвішчаў на ўсходзе вобласці бачыцца нам у гістарычных асаблівасцях фарміравання гэтай тэрыторыі: у 1772 г. некаторыя землі сучаснай усходняй Віцебшчыны былі далучаны да Расіі, пасля чаго іх насельніцтва стала афармляцца прозвішчамі на -оў/-еў/-аў.

Позірк праз стагоддзе

Сустракаюцца выпадкі, калі прозвішча ўтворана ад назвы населенага пункта. Адзначаны нават факты, калі жыхары вёскі носяць адно прозвішча, якое паходзіць ад назвы гэтай вёскі. Гэта ж праблема цікавіць і мяне. Я звярнулася да свайго дзеда (Аляксандра Сяргеевіча Ляўшова) з пытаннем:

— Ці можа такое быць, што нашы продкі жылі ў вёсцы Ляўшы і наша прозвішча бярэ пачатак з гэтай вёскі?

Мы склалі радаслоўнае дрэва і выявілі, што за апошнія амаль сто гадоў нашы родныя не пражывалі ў гэтай вёсцы.

Распаўсюджаная і адваротная з’ява: назвы вёсак утвараліся ад прозвішчаў. Характэрна, што ў большасці такіх вёсак і зараз жывуць карэнныя жыхары з прозвішчамі, якія далі назву вёсцы. Я таксама хацела даведацца: ці пражывалі ў вёсцы Ляўшы людзі з прозвішчам Ляўшовы?

З гэтым пытаннем мы вырашылі з бацькамі наведацца ў Обальскі сельскі Савет. Мы сустрэліся са старшынёй сельсавета Будневічам М.А. і сакратаром Камовіч С.І. Па нашай просьбе яны прадставілі дакументы, якія сведчылі, што з такім прозвішчам людзі ў Ляўшах не пражывалі.

Уважлівы аналіз паказаў, што пачынаючы з 1936 года  прозвішча  Ляўшова ў вёсцы Ляўшы не было.

Назвы нашых вёсак: дзе легенды, а дзе гісторыя?

Пераважная большасць нашых вёсак паўстала ў другой палове XVI ст., калі здзяйснялася “Устава на валокі” – усе каралеўскія землі былі падзелены на фальваркі, а сяляне сселеныя ў вёскі з хатамі ў радок уздоўж дарогі. Таму назвы з большага ўжо славянскія і паходзяць ад уласных імёнаў жыхароў або мянушак-прозвішчаў (тады гэты было амаль тое самае, бо трывалыя прозвішчы таксама паўставалі ў той час).

Я лічыла, што пачынаючы  высвятляць паходжанне назвы сваёйго населенага пункта трэба звярнуцца да першакрыніц. Гэта, ў першую чаргу, шматлікія, ужо надрукаваныя і прысутныя ў інтэрнэце кнігі Літоўскай метрыкі, пропісы эканомій, выданні прывілеяў і актавых дакументаў. Трэба знайсці першую згадку пра населены пункт, якая ў большасці выпадкаў не будзе старэйшай за XV–XVI ст. і высветліць арыгінальную назву, тады і адгадка стане значна бліжэй.

Але ўсе пошукі не далі ніякага выніку. І было прынята рашэнне звярнуцца да мясовых легенд і меркаванняў мясцовага насельніцтва.

Зімовым днём я з татам і матуляй выправіліся ў вёску Ляўшы.  Нас сустрэла заснежаная вёска. У вёсцы 17 дамоў, але пражываюць толькі ў дзвюх хатах. Астатнія хаты пустуюць. Давялося нам пагаварыць са старажыламі і пастаяннымі жыхарамі вёскі. Іх усяго тры: Лузгіна Таісія Лукінічна, Лузгін Анатолій Іванавіч, Курыленка Раіса Ільінічна.  Нас цікавіла пытанне: адкуль пайшла назва вёскі  Ляўшы? Усе нашы субяседнікі сышліся ў думцы, што напэўна заснавальнік вёскі быў ляўша.

У мяне таксама ёсць свой пункт погляду. Я лічу, што гэту назву магла атрымаць вёска яшчэ і таму, што стаіць на левым беразе ракі Обаль. Нібы сама вёска і з’яўляецца ляўшой. Чамусьці гэтай думкі мне хочыцца прытрымлівацца болей.

Заключэнне

Разгледзіўшы дасканала шляхі ўтварэння  майго прозвішча, магу сцвярджаць, што другасныя прозвішчы (да якіх належыць і маё) даволі шырока распаўсюджаны на нашай тэрыторыі.  І звяртаючыся да гіпотэзы можна адзначыць, што прозвішча Ляўшова і вёска Ляўшы маюць толькі блізкае лексічнае значэнне, але канкрэтная сувязь паміж імі адсутнічае. Ніякага ўплыву падчас ўтварэння адзін на аднаго не было зроблена. Усё гэта сведчыць, што гіпотэза пацверджана толькі часткова.

         Задача працы – прааналізаваць узнікненне назвы вёскі Ляўшы і прозвішча Ляўшова   з улікам  семантыкі і этымалогіі выканана. Даследаванне мае культурна- гістарычную цікавасць.

         Аналіз паходжання прозвішчаў  і  ўзнікнення назваў вёсак дазваляе меркаваць, як утварыліся словы ў пэўны гістарычны перыяд. На сёння ў навуцы няма пакуль поўных крыніцаў па атрапаніміцы і тапаніміцы, якія б раскрывалі даследуемыя словы. Лічу, што мая праца будзе хоць і маленькай, але карыснай кропелькай па дадзенай тэме.

         Такім чынам, яшчэ раз параю тым, хто хоча знайсці праўдзівую інфармацыю аб паходжанні назвы сваёй вёскі, – звярніцеся  да першакрыніц, заглыбцеся як мага далей у папярэднія стагоддзі, і вас напэўна чакаюць адкрыцці, бо можа аказацца так, што вашая вёска чатырыста гадоў таму мела зусім іншую назву.

 

Подпіс да схемы: Карта-схема  вёскі  Ляўшы з надпісамі  ўладальнікаў  сядзіб

Вікторыя Ляўшова, 6 клас Обальскай сярэдняй школы Шумілінскага раёна

Лілія Уладзіміраўна Нячай, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Спіс выкарастаных крыніц

  1. Бірыла, М. В. Беларуская антрапанімія. Уласныя імёны, імёны, мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы / М. В. Бірыла. — Мінск: Навука і тэхніка, 1966. — 328 с.
  2. Бірыла, М. В. Беларуская антрапанімія: Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі / М. В. Бірыла; рэд. Р. І. Аванесаў. — Мінск: Навука і тэхніка, 1969. — 508 с.
  3. Бірыла, М. В. Тыпалогія і геаграфія славянскіх прозвішчаў / М. В. Бірыла. — Мінск: Навука і тэхніка, 1988. — 67 с.
  4. Ліпскі, У. С. Мы: Аповесць пра нашы прозвішчы / У. С. Ліпскі. — Мінск: Беларусь, 2006. — 262 с.
  5. Мезенка, Г. М. Беларуская антрапанімія: вучэб. дапам. / Г. М. Мезэнка (навук. рэд.) [і інш.]. — Віцебск: УА «ВДУ імя П. М. Машэрава», 2009. — 254 с.
  6. Мезэнка, Г. М. Віцебшчына ва ўласных імёнах: мінулае і сучаснасць: манагр. / Г. М. Мезэнка, В. М. Ляшкевіч, Г. К. Семянькова. — Віцебск: УА «ВДУ імя П. М. Машэрава», 2006. — 238 с.
  7. Шур, В. В. Беларускія ўласныя імёны. Беларуская антрапаніміка і тапаніміка/ В. В. Шур. – Мн.: Маст. Літ., 1998.
  8. 8. Шур, В. З гісторыі ўласных імёнаў/ В. В. Шур. — Мн.: Выш. школа, 1993. — 156 с.
0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *