Круглы стол «Роля падлеткавых СМІ ў развіцці творчага патэнцыялу маладых аўтараў»

12 лютага 2020 г. ў 11.00 у Прэс-цэнтры Дома прэсы адбыўся круглы стол на тэму: «Роля падлеткавых СМІ ў развіцці творчага патэнцыялу маладых аўтараў».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел:

  • Кацярына Каплун — рэдактар часопіса «Бярозка»;
  • Алена Масла — дзіцячая пісьменніца;
  • Маргарыта Латышкевіч — пісьменніца, паэтка, мастачка;
  • Таццяна Данілава — супрацоўніца аддзела інтэлектуальнай творчасці Мінскага гарадскога палаца дзяцей і моладзі;
  • Кацярына Тарасава — пісьменніца, паэтка, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.

Інтэлектуальны падлеткавы часопіс «Бярозка» цягам 95 гадоў аб’ядноўвае тых, хто хоча арыентавацца ў сучаснай культурнай прасторы, ведаць мінулае Беларусі, актыўна ўдзельнічаць у сацыяльных і творчых праектах — і ствараць свае. На старонках часопіса змяшчаюцца публіцыстычныя і крытычныя матэрыялы, прысвечаныя творам масавай культуры, самаразвіццю, псіхалогіі, гісторыі і г. д. Таксама публікуюцца празаічныя і паэтычныя творы маладых аўтараў, школьныя навуковыя працы на цікавыя гуманітарныя тэмы. Завяршаецца кожны нумар літаратурнымі творамі сучасных беларускіх пісьменнікаў.

Праз старонкі Бярозкі ў свой час прайшлі шмат вядомых беларускіх пісьменнікаў: Янка Маўр, Уладзімір Мазго, Алесь Карлюкевіч, Алесь Бадак, Адам Глобус і г. д.

Маргарыта Латышкевіч — маладая пісьменніца, творчы шлях якой таксама пачаўся ў “Бярозцы”. Маргарыта зазначыла, што “Бярозка” — не толькі цудоўны старт, але і цудоўны працяг творчай кар’еры: пачаўшы публікавацца ў падлеткавым узросце, цяпер Маргарыта друкуецца ў “Бярозцы” як сталы аўтар. “Ад супрацоўніцтва цяжка адмовіцца”, — дадала пісьменніца.

Доўгая гісторыя супрацоўніцтва з “Бярозкай” і ў вядомай дзіцячай пісьменніцы Алены Масла: “Я была вельмі ўсцешаная, што мая праца знайшла водгук у маладой каманды і чытачоў, і я спадзяюся, што працягнем супрацоўніцтва”. Алена лічыць СМІ, якія падтрымліваюць маладых аўтараў, важнай літаратурнай школай: “Чалавек мае магчымасць зваротнай сувязі і бачыць як пішуць яго аднагодкі. Таксама важна бачыць, што адбірае для друку прафесійная рэдакцыя”. Алема Масла бачыць каштоўнасць у моладзевых часопісах і для сябе: “Сталаму аўтару чытаць тое, што піша моладзь, дапамагае трымаць руку на пульсе часу”.

Таццяна Данілава распавяла, як працуе з маладымі аўтарамі Мінскі гарадскі палац дзяцей і моладзі. Часопіс “Бярозка” трэці год запар у якасці журы удзельнічае ў конкурсе “Думаць вершы” і публікуе лепшыя творы. “Для ўдзельнікаў нашага конкурсу надрукавацца — гэта ўжо ўзнагарода за працу. Дзеці нават пытаюцца, ці будзе сёлета магчымасць надрукавацца”, — адзначыла Таццяна Данілава.

          Але ж праца з творчай моладзю актуальная не толькі ў Мінску. Галоўная рэдактарка “Бярозкі” Кацярына Каплун заўважыла, што вялікая колькасць маладых аўтараў часопісу — з іншых гарадоў і вёсак. Рэдакцыя трымае сувязь з літаратурна-журналісцкімі гурткамі па ўсёй краіне, прапаноўвае іх удзельнікам публікавацца і запрашаць рэдакцыю да сябе на заняткі. “Я заўважаю, што падлеткам вельмі цяжка прапанаваць сваю працу рэдакцыі, таму да кожнага трэба шукаць падыход, каб з’явіўся давер”, — лічыць Кацярына Каплун.

          Удзельнікі круглага стала закранулі і важнасць творчай свабоды для падлеткаў, а таксама абмеркавалі, што маладыя аўтары павінны бачыць: на беларускай мове можна пісаць на якія заўгодна тэмы.

Больш падрабязнасцяў — у поўнай відэаверсіі прэс-канферэнцыі на Youtube-канале Дома прэсы.

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *