Скандынаўскія міфы па-беларуску

Калі нам прапанавалі надрукаваць тэкст пра Ісландыю, мы здзівіліся. Калі ж мы даведаліся, што аўтар тэксту Яўген Папакуль перакладае старажытныя мастацкія тэксты са шведскай і старажытнаісландскай на беларускую мову… Натуральна, мы не здолелі прайсці міма і распыталі спадара Яўгена пра яго ўнікальную працу.

Перадгісторыя

— Што падштурхнула Вас да працы з мовамі, мастацкімі тэкстамі, міфалогіяй? Мабыць, яшчэ ў дзяцінстве? Ці ўсё атрымалася ў жыцці нечакана?

— Увогуле размаўляць я пачаў раней, чым хадзіць. Магчыма, так я адразу даў зразумець, што гуманітарый, а не тэхнар. Дзякую бацькам, што аддалі мяне ў школу з паглыбленым вывучэннем замежных моваў, дый мовы мяне заўжды цікавілі болей за дакладныя навукі, хаця ў свой час я ўдзельнічаў не толькі ў алімпіядах па беларускай мове, але і па геаграфіі. Адтуль, верагодна, мая прага да падарожжаў. Пасля школы ў мяне не ўзнікала аніякіх пытанняў наконт таго, на якую спецыяльнасць паступаць: «Англійская мова. Нямецкая мова» ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. А вось да літаратуры і мастацкіх тэкстаў я прыйшоў толькі ў магістратуры, бо хацеў працягнуць навучанне ў альма-матар, і паміж педагогікай і літаратуразнаўствам без ваганняў выбраў другі варыянт. І гэта, як мне падаецца, быў правільны выбар.

Як усё закруцілася

— У 2011 годзе Вы трапілі на летнія курсы шведскай мовы ў самой Швецыі. Як гэта атрымалася? Дагэтуль Вы ўжо захапляліся Скандынавіяй ці зацікавіліся толькі пазней?

— У канцы чацвёртага курса на нейкай лекцыі па партах пусцілі аркуш з табліцай, дзе трэба было запісацца на электыў (дысцыпліну на выбар) на наступны год. Прапаноўвалі чатыры варыянты: тры звязаныя з ангельскай мовай, а чацвёртым варыянтам была шведская мова. На той час я пра яе не ведаў абсалютна нічога, дый асабліва і не цікавіўся, але аўтарытэт выкладчыка — Вольгі Іванаўны Любецкай — сыграў сваю ролю. Таму я запісаўся на шведскую мову. Гэта было складана, бо на пятым курсе болей думаеш пра дыплом, дзяржаўныя іспыты і размеркаванне. Але я падаўся на праграму акадэмічнага абмену і выйграў месца на летніх курсах у вышэйшай народнай школе Ольста.

Наогул гэта быў мой першы выезд за мяжу, і сказаць, што ў мяне быў культурны шок, — не сказаць нічога. Швецыя ўразіла тым, што гэта быццам бы іншая планета. Ва ўсім. У стаўленні людзей адно да аднаго, да прыроды, да праблем. Шведы ніколі нікуды не спяшаюцца, яны жывуць у асалоду. Нам такога стаўлення вельмі бракуе.

— Пасля першай паездкі Вы зноў трапілі на летнія курсы шведскай у 2015 годзе, а ў наступным годзе ўжо скончылі курсы для выкладчыкаў шведскай мовы, літаратуры і культуры ў вышэйшай народнай школе Більстромска. Як Вы прайшлі такі выдатны шлях?

— У 2012 годзе Вольга Іванаўна звольнілася з універсітэта, а таму кіраўніцтву давялося тэрмінова шукаць выкладчыка шведскай мовы. Зразумелая справа, што такія людзі пад кожным хмызом не валяюцца, таму выкладаць прапанавалі мне. Я на той час працаваў у наваполацкім корпусе, але марыў вярнуцца ў родныя езуіцкія сцены. Хаця выкладаць трэцюю для сябе замежную мову, правучыўшы яе толькі пяць месяцаў — шчыра скажу, я вельмі хваляваўся. Але гэта стала выдатным стымулам далей вучыць яе самому і ўдасканальваць веды. Таму я ўдзельнічаў ва ўсіх магчымах праграмах, каб павучыцца ў Швецыі яшчэ. Напрыклад, у 2015 годзе я скончыў курсы шведскай літаратуры ў Малюнгу, што вельмі прыдалося мне для маёй кандыдацкай дысертацыі. Курсы для выкладчыкаў былі таксама надзвычай карыснымі.

 

Валяніцна Красоўская

Працяг — у новым нумары часопіса «Бярозка»

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *