Словы і фарбы

 

З 18 па 21 лютага адбудзецца XXVIII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Без перабольшвання можна сказаць, што гэта сапраўднае свята пісьменнікаў, выдаўцой і, зразумела, чытачоў. Але ж немагчыма прадставіць на адной, нават вялікай выставе ўвесь творчы патэнцыял нашай багатай на таленты краіны. Таму, карыстаючыся магчымасцю, сёння мы пазнаёмім вас з полацкай паэтэсай членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Галінай Загурскай. У яе скарбонцы — пяць зборнікаў вершаў, да якіх яна сама малявала ілюстрацыі. Ёсць і шматлікія ўзнагароды за творчасць. А ў хуткім часе Галіна Пятроўна плануе выпусціць шосты зборнік вершаў пад назвай «Словы просяцца на волю».

Галіна Загурская (у дзявоцтве Міснік) нарадзілася ў вёсцы Лявонпаль Мёрскага раёна, потым з сям’ёй пераехала ў горад Інта ў Комі АССР. Калі жылі там, бацькі і яна з сястрой часта ўзгадвалі прыгожыя беларускія краявіды і сумавалі па іх.

Настальгію па малой радзіме паэтэса зарыфмавала ў адным са сваіх вершаў. Вось урывак з яго: 

У кожнага з людзей ёсць месца на зямлі —
Куточак самы любы, самы мілы,
Дзе дні шчаслівыя дзяцінства адгулі,
І дзе мацнелі для палёту крылы.
Куточак запаветны ёсць і у мяне —
Лявонпаль, старадаўняе мястэчка.
І колькі дзён маіх яшчэ ні праміне,
Імкнуцца буду да яго на стрэчу…
Там многае было прачута ўпершыню,
Таму і ў памяці змагло застацца…
Адтуль нясём мы нашых душаў чысціню,
Каб быць людзьмі ў жыцці —
не толькі звацца…

Яшчэ ў пачатковай школе Галіна Загурская зразумела, што ў ёй жыве дух мастака. Дзяўчынка цікавілася літаратурай, выяўленчым мастацтвам і… тэхнічнымі навукамі. У ёй сышліся фізік і лірык! Калі надышоў час паступлення ў ВНУ, дзяўчына абрала фізіка-матэматычны факультэт Комі педінстытута — дакладныя навукі перамаглі. Думаеце, творчасці не было месца ў жыцці студэнткі тэхнічнай спецыяльнасці? Памыляецеся!

— У Сыктыўкары была шыкоўная рэспубліканская бібліятэка, дзе я праводзіла амаль увесь вольны час пасля заняткаў. Захаплялася творчасцю Аляксандра Блока, Сяргея Ясеніна, Ганны Ахматавай. Знаёмілася з карцінамі мастакоў і атрымоўвала ад гэтага вялікую асалоду, — гаворыць Галіна Загурская.

Сям’я вярнулася на малую радзіму ў Лявонпаль. Каб быць бліжэй да баць­коў, Галіна Пятроўна перавялася ў Віцебскі педінстытут імя С. М. Кірава і скончыла яго з адзнакай. Разам з мужам працавала на Гродзеншчыне, потым пераехала са сваёй сям’ёй у Полацк, дзе жыве і зараз. У горадзе над Дзвіной яна працавала выкладчыкам і метадыстам у медвучылішчы, у ГПТВ-66 будаўнікоў і ў Полацкім Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур. Работу сваю вельмі любіла, аддавала ёй усю сябе. Калі працаваць, то толькі на вынік! Прызнаецца, што сіндром выдатніцы не дазваляў ёй рабіць нешта абыякава. Адначасова з асноўнай працай яна пакрысе пісала вершы і карціны.

— Актыўна займацца творчасцю я пачала, калі пайшла на пенсію. З’явілася шмат вольнага часу і энергіі для гэтай дзейнасці. Вось тады ўсё і закруцілася… Былі перагледжаны ранейшыя вершы, напісаны новыя, і ў хуткім часе іх назбіралася на першую кнігу, — узгадвае Галіна Пятроўна.

У 2007 годзе выйшаў яе першы лірычны зборнік «З далоняў сэрца». Калегам-літаратарам вельмі спадабалася дэбютная кніга пачынаючай пісьменніцы. А ўжо ў 2009-м з’явіўся другі зборнік пад назвай «Да зямлі прытуліцца». Праз год пасля выхаду гэтай кнігі яна стала членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У 2013 годзе паэтэса парадавала чытачоў чарговым зборнікам «З росаў святаянных». Менавіта за яго Галіна Пятроўна атрымала літаратурную прэмію імя Уладзіміра Караткевіча. Узнагарода дала новы імпульс творчасці. У 2017-м пабачыў свет новы зборнік лірыкі «У месяцовым перламутры». А кніга «Бераг зарападаў», выдадзеная ў 2019-м, праз год прынесла Загурскай літаратурную прэмію імя Петруся Броўкі.

— Асабліва прыемна было атрымаць гэту важкую ўзнагароду ў юбілейны год нашага славутага земляка. Броўка пачынаў літаратурную дзейнасць менавіта ў Полацку. Яго першыя творы былі надрукаваны ў альманасе полацкіх літаратараў «Наддзвінне». Прыемна, што маёй творчасці даюць такую высокую адзнаку і прызнаюць на такім узроўні. Гэта абавязвае, як кажуць, трымаць марку і рухацца наперад, — каментуе паэтэса.

Галіна Пятроўна напісала больш за 1000 вершаў. Прыгажосць родных краявідаў, чалавечыя стасункі, жыццё і смерць — палачанка закранае разнастайныя тэмы. Кожны твор выклікае шмат эмоцый і прымушае падумаць над нечым вельмі важным. У мітусні дзён трэба не заблытацца ў жыцці. Мяркую, кнігі паэтэсы могуць даць адказы на хвалюючыя сэрца пытанні.

Мяне як чалавека, далёкага ад літаратурнай творчасці, заўсёды цікавіў алгарытм напісання вершаў і падрыхтоўкі зборніка. Галіна Пятроўна расказала пра гэты складаны, але вельмі займальны працэс:

— Вершы пішуцца не заўсёды, а тады, калі ў гэтым узнікае ўнутраная патрэбнасць. Калі проста немагчыма не выразіць думкі ў творы. Можна выдаць кнігу з рознай колькасцю вершаў, я ж для сябе вырашыла, што іх павінна быць не менш за 100. Рыхтуючы новую кнігу, спачатку адбіраю для яе творы, перачытваю іх не адзін раз. Некаторыя перапрацоўваю, многія застаюцца ў першапачатковым выглядзе. Рэдка бывае, што верш не падабаецца зусім і я яго выкрэсліваю з будучай кнігі.

Пасля выбраныя творы трэба размеркаваць па раздзелах, каб чытачу было зручней арыентавацца. З малюнкамі кнігі выглядаюць прывабней, таму для кожнага зборніка Галіна Пятроўна самастойна распрацоўвае ілюстрацыі — яна ж не толькі пісьменніца, але і мастачка. Работы палачанкі экспанаваліся на выставах у Віцебску, Полацку, Наваполацку і нават у Маскве. У 2019 годзе яе карціны былі ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Вось такая шматгранная асоба.

Больш чым змена пор года ўспрымаюцца радкі з верша Галіны Загурскай «Восені гаркавы дым»: 

Засмужэла адчайнае спелае лета,
Восень крыламі б’е — абвяшчае гады,
Ды буянствам вясны мы заўсёды сагрэты,
А прыгожа цвітуць і старыя сады…

Важнае месца Галіна Пятроўна адводзіць чытанню — трэба добра арыентавацца ў айчыннай і замежнай літаратуры. Бывае, за дзень прачытвае цэлую кнігу, прыхапіўшы іншы раз для гэтага і частку ночы. Навукова даказана, што чытанне спрыяе пашырэнню кругагляду і павялічвае слоўнікавы запас. Нядаўна Галіна Загурская перачытала ўсе творы Уладзіміра Караткевіча. Гэта адзін з яе любімейшых пісьменнікаў. Добра ставіцца і да дэтэктываў. Яны дапамагаюць на пэўны час адысці ад праблем уласнага жыцця. У мінулым годзе паэ­тэса перачытала ўсе кнігі Агаты Крысці. Гаворыць, творы гэтай пісьменніцы захапляюць сваёй непрадказальнасцю і дынамічнасцю сюжэта.Палачанка не любіць загадваць далёка наперад:

— Жадаю і далей займацца тым, што мне падабаецца. Я ўжо не ўяўляю свайго жыцця без творчасці. Зараз актыўна працую над новым зборнікам. Хочацца, каб ён не саступаў папярэднім. Думаю, будуць новыя карціны і яскравыя выставы.

Ці тое яшчэ будзе! Гледзячы на ўлюбёныя ў жыццё вочы палачанкі, разумееш: усё магчыма. Трэба толькі плённа працаваць і верыць у свае сілы.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах СБ «Беларусь сегодня».

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *