Памяць

Заяўка на Парнас

1.

 — Я буду памятаць цябе ўсё жыццё, абяцаю.

 — Як гэты горад нас?

— Напэўна… хаця ён – наўрад ці.

 — А як жа! Ведаеш, колькі людзей прайшло тут? Колькі слёз, усмешак, пацалункаў і болю бачылі гэтыя вуліцы? І яны ўсё памятаюць.

— Хацеў бы я пачуць.

— Ну дык слухай…

Садзілася сонца. Было надзвычай ціха навокал. Надзіва бязлюдна для такога часу. І раптам я адчуў: гэта было спачатку як подых ветру. Але ніводная травінка ля дарогі не варухнулася. Тады я прыслухаўся. І (цуд!) пачуў шэпт. Усё яшчэ думаючы, што што мне здалося і такога не бывае, я азірнуўся. Яна ўсміхалася, а ў вачах чыталася: “я ж казала”.

Вуліцы

— Мы памятаем сотні людзей, тысячы гісторый, мільёны размоў і бясконцасць момантаў. Гэтыя моманты складаюцца ў карціну. На ёй намалявана мноства твараў. Ты хацеў пачуць пра тых, каго ніколі не бачыў? Дай падумаць…

Гэта было 70 гадоў таму… І мы запомнілі вочы той дзяўчынкі. Яны былі блакітныя. Як неба ў чароўны дзень, як самае чыстае возера. Яны з бабуляй прыехалі на кані, хутчэй за ўсё з бліжэйша        й вёскі. Гэта была першая паездка ў горад для яе. Пазней з гэтым горадам яна будзе звязаная вялікай часткай свайго жыцця, можа нават палюбіць яго. Але не зараз. Зараз ён ёй не падабаецца. І на чыстае неба набягаюць аблокі.

Праз некалькі гадоў пасля той паездкі яна зноў тут. Дарога праз сэрца горада ідзе да рынку. А вось і ён.

— Дзе ж? Тут жа толькі дамы?

— Усё мяняецца. Перабудоўваецца. І застаецца толькі памяць. Часам мне здаецца, што людзі адмыслова зносяць старое і будуюць новае, каб не ўспамінаць.

Раней тут быў вялікі рынак. Шэрагамі стаялі шапікі і крамы, у якіх можна было купіць усё, што заўгодна. Жыхары вёсак паблізу прыяжджалі са сваімі таварамі, прадавалася і дзяржаўнае. Тая дзяўчынка прыехала з мамай, каб прадаць гародніну. Размясціўшыся за адным з прылаўкаў, яна ненаўмысна перастала слухаць, што ёй кажа маці, і стала разглядаць натоўп. Позірк блакітных вачэй пералятаў ад аднаго твара да другога, намагаючыся ўбачыць як мага больш, каб захаваць гэта ўсё ў памяці на доўгія гады.

Сквер:

Прайшло яшчэ крыху часу з той пары. Дзяўчынка канчаткова вырасла. Яна часта прыяжджала ў горад, ўжо адна. Часта шпацыравала па маіх яшчэ не асфальтаваных сцежках. І ўвесь час думала пра нешта. Побач у той час была бібліятэка. Я памятаю, як яна пару разоў у тыдзень бегала туды з ззяйкімі вачыма, а праз некалькі гадзін ішла назад са стосам кніг і тысячай новых думак. Я бачыў, як яна любіла кнігі, але ніколі б не падумаў, што яна звяжа з імі ўсё жыццё. Аднак, як я здзівіўся, калі праз нейкі час яна прыяжджала ў бібліятэку працаваць. Я адразу зразумеў, пра што яна марыла ўсе гэтыя гады. І мара дзяўчынкі з яскравымі вачыма нарэшце здзейснілася. Яна прысвяціла сваё жыццё кнігам.

 — І што, праўда настолькі любіла сваю працу? Такога ж не бывае.

— Бывае. І тады чалавек робіцца сапраўды шчаслівым.

 

Так мы абыйшлі амаль увесь горад. Усё, што адбылося, настолькі ўразіла мяне, што я ніяк не мог сабрацца з думкамі. Цішыню перарвала яна.:

 — Цяпер ты верыш, што яны ўсё памятаюць?

 — Так, але як гэта магчыма? Прайшло 70 гадоў. Столькі людзей тут перабыло.

— І ўсе яны назаўсёды ў сэрцы гэтага горада. Кожная гісторыя. І такіх гісторый мноства.

— Як бы я хацеў даведацца, дзе цяпер тая дзяўчына… Шкада, што гэта немагчыма.

Яе вочы дзіўна засвяціліся.

 — Можаш. Гэтая дзяўчына з вачыма колеру неба – мая бабуля. Адпрацаваўшы нейкі час тут, яна перабралася ў Мінск, выйшла замуж і так засталася там. У дзяцінстве яна часта распавядала мне пра маладосць, пра гэты горад. Менавіта таму я так часта прыяжджаю. І менавіта таму з першага погляду закахалася ва ўсё, што зараз вакол нас. І ў цябе.

Я хацеў сказаць яшчэ нешта, але яна працягвала:

 — Ты не будзеш памятаць мяне ўсё жыццё. Памятаюць гарады. Запомніць гэты горад і нас. А людзі забываюцца. І ты забудзешся.

  1.  

Давай будзем рабіць выгляд, што мы не знаёмыя. Я буду проста моўчкі любіць цябе. А ты будзеш шчаслівы. Я для цябе ўжо ніхто, толькі цень мінулага. А ты –маё сучаснае. Дзякуй, што робіш мяне лепшай кожны дзень. Ты, мабыць, нават не падазраеш, што ты – стваральнік лепшай версіі мяне. Так, абсалютна ідэальных людзей не існуе, але калі параўноўваць мяне сёння са мной у мінулым, то зараз я шматкроць лепшая. Кожную раніцу я прачынаюся з думкай пра тое, што не маю права здацца. Нават у тыя моманты, калі неверагодна цяжка, я не падаю да канца, бо ў мяне ёсць надзея, што ўсё наладзіцца. Што аднойчы ты вернешся і ўсё стане як мае быць. Гэтая надзея растае с кожным днём, як снег зараз, але лепш жыць ілюзіяй, якае не дае ўпасці, чым рэчаіснасцю, якая цябе знішчае.

Творчасць, як ты звык называць тэксты, якія я пішу, таксама твая заслуга. Маё жыццё так моцна пераплеценае з імі, а ты – сувязь. Я нават імя табе прыдумала. Мой любімы Лірычны герой. У кожнага, хто піша, ёсць любімы герой, праўда? У Дастаеўскага гэта Наташа з Ванем, у майго суседа-паэта – Вуліцы, а ў мяне – ты.

Усё, што я пішу апошнім часам, — лісты да мінулага. Але маё мінулае – маё цяперашняе. Не так і кепска, я скажу, жыць мінулым, калі яно падштурхоўвае да стварэння будучыні.

Памятаеш, як ты не любіў, калі я сумавала? Не хвалюйся, цяпер я больш задуменная. А яшчэ я зноў пачала пісаць тэксты ў метро. Апошні раз такое было ўвесну, калі ты быў побач. Зараз ты толькі ў маіх думках. Але гэтага дастаткова. Нават тады, увесну, я разумела, што ты ненадоўга ў маёй рэчаіснасці, але мне спатрэбіўся амаль год, каб усвядоміць іншую. Праўда, яна пакуль вельмі крохкая. Часам я “прачынаюся” і заўважаю, што засталася адна, без цябе, але гэта хутка прамінае. Я замяняю адсутнасць цябе ў маім жыцці вучобай, развіццём, спортам. А калі робіцца зусім цяжка, пішу лісты. Хоць, мне здаецца, што апошняе – добры знак. Бо гэта таксама тэксты, а я пішу іх толькі тады, калі я нешта адчуваю. А раз пішу зараз – значыць, я яшчэ здольная адчуваць. І гэта цудоўна. Мой самы вялікі страх – перастаць адчуваць. Гэта як памерці, мне здаецца. Хіба ёсць сэнс у жыцці без пачуццяў? Не. Так што можна сказаць, што ты – сэнс майго жыцця.

Часам я пачынаю сумаваць па табе. Гэта невыносна – усведамляць, што ты больш не вернешся. Зараз люты, а я ўпарта чакаю вясну, наіўна мяркуючы, што штосьці зменіцца. Хоць у мяне ёсць нагода для веры. Тры мінулыя вясны прынеслі мне самае лепшае, што ў мяне было ў жыцці. А яшчэ я проста хачу цеплыні. Зараз пастаянна халодна і я часта мерзну, хоць і хаджу ў паліто.

Будзе смешна і сумна, калі ты аднойчы прачытаеш гэта. Так, мне цікава, што ты адкажаш, але будзе лепш, калі ты ніколі нічога не даведаешся, бо я абяцала не нагадваць пра сябе, пра мінулае.

Ты разумнейшы за мяне ў гэтым сэнсе. Ты не жывеш тым, што прайшло.

Спадзяюся, што ў цябе там усё добра, хоць я адчуваю, што табе можа быць нават цяжэй, чым мне. Але ты моцны і з усім справішся. Я веру.

Кацярына Косарава

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *