Майстэрства падарунка: сціслы даведнік

Не ведаю, як вы, а вось я, напрыклад, заўжды губляюся, калі трэба выбраць падарунак для кагосьці.

Асабліва для кагосьці з блізкіх. Менавіта для кагосьці з блізкіх – сяброў ці радзіны. Па-першае, хочацца падарыць штосьці сапраўды вартае, а па-другое, людзям, якія побач з табою досыць часу, здаецца, паперадарыў ужо ўсё, што толькі можна. А апроч таго мае блізкія часта на прамое пытанне – ну што ж табе гэтым разам падарыць, што? – адказваюць шчыра і проста:

– Ды мне нічога і не трэба…

Што, канечне ж, дужа дапамагае. Кажуць, цяжэй за ўсё выбраць падарунак таму, у каго ўсё ёсць. Лухта! Цяжэй за ўсё парадаваць чалавека, якому нічога не трэба.

Падавалася б, лагічна было б кіравацца парадаю пра “нічога” і гэтае самае нічога і падарыць. То бок, забыцца на падарункі ўвогуле. Але мы не шукаем лёгкіх шляхоў! Ды і мне заўжды падавалася, што нашае жыццё занадта кароткае, радасцяў у ім не так і шмат. І калі адмаўляць сабе ў маленькай (а насамрэч вялікай) радасці парадаваць іншага чалавека – што гэта за жыццё-та будзе, пагадзіцеся.

Так што прапаную вам кароткі даведнік, выпрацаваны метадам спробаў і памылак. Парады, як выбраць падарунак для тыповых і закаранелых нехачухаў, мненятрэбаў і нунавоштаў.

Таму што цуды і святы ў сваім жыцці мы робім уласнымі рукамі.

Калі не зробім самі – іх у нас і не будзе.

А трэба, каб былі. Праўда?

 

  1. Звярніце ўвагу на тое, чым цікавіцца ваш нехачуха. Самыя моцныя прыхільнасці схаваць, як-ніяк, немагчыма. Так што заўважайце! Аматар Гары Потара, верагодна, будзе рады прадмету, звязанаму з любімай кніжнай серыяй. Футбольны фанат парадуецца рэчам з сімволікай любімай каманды, а рыбак-заўзятар – чамусьці з экіпіроўкі. Заўважце, што падарунак зусім не абавязкова павінен быць нечым даражэзным і грандыёзным. Каштоўныя, насамрэч, менавіта ўвага і вашае веданне чалавека.

 

  1. Кніга. Кажуць, гэта лепшы падарунак. І гэта сапраўды так – пры ўмове, што адрасат падарунка любіць чытаць. Можна нават падарыць электронныя кнігі для чыталкі – калі ведаеце, што чалавек звычайна чытае ў такім фармаце. Або, калі ваш сябар ці сваяк цікавіцца букіністыкай, можна нагледзець штось цікавае ў адпаведнай краме (тут, праўда, і самому варта быць у тэме).

 

  1. Зрабіце падарунак сваімі рукамі. Можа быць, вы хораша малюеце? Лепіце? Вышываеце? Вяжаце? Робіце ўпрыгажэнні? Можа, складаеце вершы або пішаце музыку? Часам намаляваная ад рукі паштоўка або самаробная рамачка для фота будуць больш дарагія і блізкія сэрцу, чым любыя пакупныя падарункі. Бо ў такіх рэчах ёсць частачка вас, вашага клопату і любові да чалавека. І напамін пра вас, несумненна, будзе радаваць.

 

  1. Правядзіце час разам. Пабуду зараз капітанам Відавочным, але блізкія людзі таму і блізкія, што – блізка. І хай мы ў шалёным тэмпе жыцця не заўжды можам быць разам, нельга забывацца пра тое, як важна сумесна праводзіць час. Прадумайце візіт у музей, на літаратурную вечарыну або на майстар-клас. Галоўнае, каб тэма вам абаім падабалася. Зрэшты, у цяперашніх эпідэміялагічных умовах вам нават не абавязкова выходзіць з дома. Правесці ўтульны вечар за цікавым фільмам – чаму б і не? Галоўнае, разам.

 

  1. Ежа! Вылучаю гэта ў асобны пункт, таму што людзі (сюрпрыз!) любяць есці. Ува ўсякім выпадку, большасць з іх. Калі ў дарагога вам чалавека ёсць любімы рэцэпт, чаму б не паспрабаваць прыгатаваць гэтую страву? Або спячы пірог да гарбаты, калі выпраўляецеся ў госці? Нарэшце, можна проста набыць смачную шакаладку або любімы фрукт. Радасць забяспечаная! Адно, канечне, трэба ведаць, ці няма ў чалавека алергіі або іншых асаблівасцяў дыеты. І ўлічваць такія нюансы, калі рыхтуеце для кагосьці святочны абед.

 

  1. Сумесныя ўспаміны. Пра гэта таксама часта забываюцца, выбіраючы падарунак. Але: блізкія людзі хочуць вас бачыць і часта сумуюць. Каб не сумавалі, чаму б не выбраць некалькі вашых удалых фота, асабліва тых, што звязаныя з лепшымі ўспамінамі? І падарыць у рамках паасобку, у альбоме або ў калажы. Вы важныя адзін для аднаго, і таму важная вашая сумесная памяць.

 

  1. Сертыфікаты. Калі нічога не дапамагае, можна прыгадаць, у якую краму чалавек часта завітвае. Можа, купляе касметыку або смешныя шкарпэты? Можа, чакае, пакуль з’явяцца ў продажы канкрэтныя пазлы ці кнігі? А можа, торбамі носіць з крамы фарбы ды пэндзлі? Большасць папулярных крамаў на сёння дае магчымасць набыць сертыфікаты на розныя сумы. Многія можна ўжыць нават падчас замовы анлайн! Някепскі выхад, калі падумаць, але ўсё-такі сертыфікатамі лепей не злоўжываць (як па мне, дык нуднавата гэта).

 

З якой нагоды варта дарыць падарункі, спытаеце?

Як мне падаецца, з любой. Дужа няправільна саромецца сказаць “дзякуй” або “мне дужа важныя нашыя стасункі”, бо пасля, не сказаўшы, будзеш толькі перажываць і мучыць сябе бясконцымі “калі б”. Паўтаруся: жыццё занадта кароткае, каб не дарыць сваім блізкім любоў. З любой нагоды. Проста таму, што вам хочацца, каб нехта ўсміхнуўся. Проста таму, што нейкі чалавек для вас важны. Або проста таму, што вам хочацца кагосьці парадаваць

Ключавыя навыкі тут, як мне падаецца, – уменне слухаць і адчуваць. Слухаць, калі чалавек распавядае пра тое, што для яго важна. Слухаць, калі чалавек дзеліцца нечым, няважна, горам ці радасцю. Адчуваць, калі ў чалавека цяжка на душы, каб дапамагчы яму несці цяжар.

Бо падарункі – зусім не пра тое, што вы дорыце. Нават, калі падумаць, зусім не пра тое. Гэта не абмен прыблізна адпаведнымі па кошце прадметамі на дні нараджэння, не спроба “задобрыць” кагосьці, каб пасля атрымаць ад яго нешта ўзамен.

Справа ў любові. У жаданні, каб чалавеку побач было добра і ўтульна, каб ён узрадаваўся, хай сабе і на хвілінку.

Адна мая знаёмая – былая калега, калі дакладней – некалькі дзён хадзіла на працу паўз прыпаркаваны ля ліхтара ровар. Нечы чужы зялёны ровар з ярка-жоўтым клаксанам. Клаксан быў з вялізнаю трэшчынай – і знаёмай, якая любіць жоўты колер, яго стала шкада. Ёй, разумееце, штораніцы так радасна было бачыць менавіта гэты клаксан (а часам і пагудзець у яго). І яна набыла новы клаксан для гаспадара ровара і павінула яго на раме са сціслай запіскаю – канечне, не назваўшыся.

Бо ёй не трэба было нічога за падарунак. Бо ёй было радасна ад усведамлення, што ў некага на зялёным ровары будзе гудзець вясёлы жоўты клаксан.

Толькі і ўсяго.

Але гэтага, як мне падаецца, досыць.

То любіце і дарыце любоў вакол сябе, калі ласка. Гэтак свет робіцца трошкі лепшым. І мы ўсе – таксама.

Маргарыта Латышкевіч

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *