14 красавіка ў 11.00 адбылася прэс-канферэнцыя, прымеркаваная да 130-годдзя з Дня нараджэння Максіма Багдановіча і 40-годдзя Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, на тэму: «Музеі і моладзь. Паспяховасць культурнай інстытуцыі і сацыяльнага ўзаемадзеяння ў Беларусі».

14 красавіка 2021 г. у 11.00 у Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя, прымеркаваная да 130-годдзя з Дня нараджэння Максіма Багдановіча і 40-годдзя Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, на тэму: «Музеі і моладзь. Паспяховасць культурнай інстытуцыі і сацыяльнага ўзаемадзеяння ў Беларусі».

Удзел у мерапрыемстве прымалі:

  • Бараноўскі Міхаіл Аляксандравіч – загадчык філіяла «Літаратурны музей Максіма Багдановіча» установы «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры»;

  • Шніп Віктар Анатольевіч – галоўны рэдактар ​​выдавецтва «Мастацкая літаратура»;

  • Мышкавец Ірына Вітальеўна – вядучы навуковы супрацоўнік філіяла «Літаратурны музей Максіма Багдановіча» установы «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры»;

  • Рабініна Лізавета Андрэеўна – вядучы навуковы супрацоўнік дома-музея М.Багдановіча філіяла «Цэнтр беларускай культуры. Музея Максіма Багдановіча «Муніцыпальнай установы культуры «Музей гісторыі г.Яраслаўля» (анлайн);

  • Рапінчук Алена Іосіфаўна – загадчыца літаратурнага аддзела УК «Гарадзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей» (анлайн).

Сёлета адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння вялікага беларускага паэта Максіма Багдановіча. Так ужо склалася, што ў гэтым жа годзе адзначаецца яшчэ і юбілей музея Максіма Багдановіча – ён адзначае сваё 40-годдзе.

Па словах загадчыка Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіла Бараноўскага, юбілей – гэта добры шанец падвесці вынікі, а таксама намеціць планы на будучыню. Юбілейны год музей пачаў з кніжных дасягненняў. Адна з іх – гэта каталог аўтографаў Максіма Багдановіча. Над кнігай працаваў увесь калектыў музея, доўга і карпатліва збіраючы інфармацыю. Другая – выданне архіўных матэрыялаў пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча.

«У ёй сабрана эпісталярная спадчына бліжэйшага акружэння Максіма, яго родных. Праз гэтую кнігу мы больш даведаемся пра ўнутранае жыццё сям’і, як яны размаўлялі, якія ў іх былі адносіны»,  – падкрэсліў Міхаіл Бараноўскі.

Музей Багдановіча цесна супрацоўнічае з расійскімі і іншымі замежнымі ўстановамі. Так, сумесна з Інстытутам сусветнай літаратуры пры падтрымцы Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы музей выдаў кнігу «Максим Горький и Адам Богданович. Дружба, рожденная на берегах Волги».

Кажучы пра кнігі, варта адзначыць, што музей Максіма Багдановіча сумесна з выдавецтвам «Мастацкая літаратура» рыхтуе новае выданне пра паэта з серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Як распавёў галоўны рэдактар ​​выдавецтва Віктар Шніп, кніга будзе ў фармаце фаліянта. На дадзены момант ідзе вёрстка, але ўжо ў хуткім часе кніга будзе гатовая да выхаду.

Сям’я Максіма Багдановіча доўгі час пражыла ў Расіі, Яраслаўлі, таму, зразумела, гэтая акалічнасць не магла застацца па-за ўвагай. У Яраслаўлі ёсць дом-музей Максіма Багдановіча, які таксама супрацоўнічае з беларускімі музеямі. Па словах вядучага навуковага супрацоўніка Лізаветы Рабінінай, музей шчыльна працуе над прыцягненнем аўдыторыі. Так, напрыклад, да канца года ў музеі арганізаваны бясплатны ўваходны білет.

«Зроблена гэта для таго, каб людзі, якія не адразу вырашаліся наведаць музей, маглі зайсці і першасна азнаёміцца. У далейшым, часцей за ўсё, усё даходзіць да экскурсійнага білета і гэтак далей», – распавяла Лізавета Рабініна.

Да юбілею Максіма Багдановіча рыхтуецца не толькі літаратурны музей у Мінску, але і Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Як распавяла загадчыца літаратурнага аддзела Алена Рапінчук, у гэтым годзе запланавана некалькі праектаў, прысвечаных юбілею. Сярод іх, напрыклад, віртуальны праект «Максім Багдановіч на мовах свету».

«У рамках праекта студэнты Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту  прачыталі «Раманс» («Зорка Венера ўзышла над зямлёю…») на сямі мовах свету. Да праекту далучыліся вучні ДУА «Сярэдняя школа № 4 імя П.І.Батава г.Слоніма». Дзеці прачыталі вершы М.Багдановіча на іспанскай мове», – паведаміла Алена Рапінчук.

Як музеі прыцягваюць моладзь? Якія яшчэ праекты рыхтуюцца да 130-годдзя з Дня нараджэння Максіма Багдановіча? Як пра беларускага пісьменніка распавядаюць у расійскім музеі?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў відэаверсіі прэс-канферэнцыі на нашым Youtube-канале.

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *