Падлеткавае жыццё — гэта суровы квэст, які цяжка праходзіць аднаму. Здаецца, таму і існуе падлеткавая літаратура — як падтрымка. Яна дапамагае пазнаёміцца з вопытам іншых і праз гэта неяк палегчыць сваё жыццё. Аповесць Аляксандры Хамянок «Італьянскае падарожжа», напрыклад, можа адказаць на такое цяжкае пытанне: як жыць гэтае жыццё, калі ты падлеткам сутыкнуўся са смерцю роднага чалавека?
Каці адзінаццаць. Яна страціла маму і жыве з дзядзькам і цёткаю. Яна адчувае сябе разгубленай і пакінутай, нягледячы на тое, што ў яе добрыя адносіны з апекунамі. Дзяўчынка трапляе ў праграму дапамогі дзецям-сіротам і едзе ў Італію. Яна шмат марыла пра гэта, але доўгачаканае падарожжа аказваецца зусім не такім, якім уяўлялася Каці. Яна не разумее ні слова, сумуе па маме і марыць хутчэй вярнуцца дахаты. Дзяўчынку акаляюць незнаёмыя людзі, зусім розныя: маладыя і не вельмі, спагадлівыя і грубаватыя. Аднак, нягледзячы на абставіны, Каця паступова знаходзіць шлях да паразумення з гэтымі незнаёмцамі і адкрывае для сябе новы свет.
Вы ведалі, што ўжо шмат гадоў у нашай краіне існуе праграма па аздараўленні беларускіх дзяцей у Італіі ды іншых краінах? Часцей за ўсё, туды адпраўляюцца дзеці з тэрыторый, пацярпелых ад выбуху Чарнобыльскай АЭС, і дзеці-сіроты. Гэта каштоўны шанс на рэабілітацыю для людзей, якія страцілі нешта важнае, і менавіта гэта мы бачым у кнізе.
У першую чаргу «Італьянскае падарожжа» — гэта кніга пра пераадоленне адзіноты. У жыцці Каці гэтага пачуцця зашмат: яна страціла сваю маму і яшчэ не разумее, як з гэтым справіцца. З-за таго, што яна сірата, з ёй перасталі сябраваць аднакласнікі, а цётка і дзядзька амаль увесь час працуюць ці завозяць Кацю да старой бабулі, з якой цяжкавата размаўляць на цікавыя Каці тэмы. Відавочна, гэта ўплывае на ментальны стан гераіні, яна пачынае замыкацца ў сабе і адчувае сябе крыху белай варонай.
Калі ў родным асяроддзі яе «інакавасць» яшчэ не такая відавочная, то ў Італіі вельмі заўважная. Як толькі яна туды трапляе, то разумее, што не можа пачаць давяраць сваёй «італьянскай сям’і», хоць яны і выглядаюць як дабрадушныя і бяскрыўдныя людзі. Там ёсць свая «мама», якая просіць Кацю ўсміхацца і заўсёды пра нешта з ёй балбоча, нават ведаючы, што Каця яе не разумее. Ёсць і свой добры «тата», які заўсёды ўсміхаецца і маўкліва падтрымлівае ўсё, што робіць галоўная гераіня, але Каця аўтаматычна шукае ў паводзінах «італьянскіх бацькоў» падвох і не верыць у тое, што да яе можна добра ставіцца без жадання потым параніць. Цяжка давяраць свету вакол сябе, калі ён да цябе жорсткі, але Каця пакрысе вучыцца. Праз некаторы час яна разумее, што італьянцы ўсміхаюцца і просяць усміхацца іншых не з-за таго, што прыкідваюцца шчаслівымі, а з-за таго, што гэта частка іх культуры, што насамрэч ніхто не хоча зрабіць ёй балюча і не збіраецца дыктаваць ёй умовы існавання ў італьянскай рэчаіснасці. Часам людзі проста бываюць добрымі і ўсё.
Мне «Італьянскае падарожжа» спадабалася тым, што ў ім апавяданне вядзецца выключна ад асобы адзінаццацігадовай Каці: мы разумеем ход яе думак, і таму можам лёгка прасачыць, як некаторыя здарэнні ў жыцці ўплываюць на яе эмацыйны стан. Напрыклад, акрамя адзіноты, Кацю мучыць яшчэ і сваеасаблівае пачуццё віны за тое, што здарылася з яе мамай. На працягу ўсёй аповесці мы бачым, як у выпадковыя нават шчаслівыя моманты яна раптам пачынае сумаваць праз гэта. Каця часам праводзіць вельмі просты лагічны ланцуг: калі адбылося нешта дрэннае, то ў гэтым хтосьці вінаваты, і калі гэта здарылася са мной, то, здаецца, гэта маё пакаранне за нейкі дрэнны ўчынак ці няправільныя паводзіны. З Кацяй мала хто абмяркоўваў смерць маці, таму яна застаецца адна пасярод вялікай асабістай трагедыі, якую нават даросламу зразумець цяжка. Гэта нармальна, што яе думкі ідуць у такім накірунку. Драматычныя падзеі аднолькава траўміруюць людей, незалежна ад іх узросту, і ў тэксце гэта бачна. Кніга паказвае, што бедаваць нармальна і кожны праходзіць праз гэта па-свойму.
Адзінота Каці ўзмацняецца з-за таго, што яна сірата. Якімі б добрымі ні былі яе «італьянскія бацькі» і цётка з дзядзькам, яны не могуць зразумець яе пачуцці, бо гэта спецыфічны вопыт, з якім ні Каця, ні дарослыя не ведаюць, што рабіць. Гэта аддзяляе Кацю ад усяго яе асяроддзя, робіць яе іншай на ўсіх узроўнях. Але ўсё змяняецца, калі падчас сваіх італьянскіх вакацый яна сустракае Даніэлу, сяброўку «італьянскай мамы», якая адразу пранікаецца да Каці сімпатыяй. Яны збліжаюцца, а потым мы даведваемся, што Даніэла таксама сірата, і ўсё ў жыцці Каці становіцца на свае месцы. Яна разумее, што праз такую страту можна прайсці і ўсё роўна стаць добрым і прыемным чалавекам, такім як Даніэла. Гэты вопыт не ставіць кропку на яе жыцці. Нягледзячы на тое, што Каця дрэнна ведае італьянскую мову, яны з Даніэлай разумеюць адна адну. Адзінота Каці заканчваецца, пачынаецца нешта іншае. Цяпер яна ведае, што дзесьці ёсць чалавек, які падзяляе яе пачуцці, і ад гэтага жыць становіцца крыху лягчэй. Каця вяртаецца дадому і разумее, што ў яе ёсць будучыня і яна будзе добрай.
Гэтая кніга пра надзею. Вядома, пустэчу ў душы галоўнай гераіні ніхто і нішто не запоўніць, але жыццё Каці працягваецца. У ім яшчэ будуць новыя прыемныя знаёмствы, добрыя людзі, якія не зычаць ёй нічога благога, сяброўства, любоў і сонечная Італія.
Антаніна Бабіна

«Фіялка з фіялетавымі кветкамі — мая ўлюбёная. Яе заліваю да краёў. Падваконне спрэс застаўлена лакіраванымі зялёнымі вазонамі — такія ёсць амаль ва ўсіх маіх сяброў. Дакладней, былі. Дакладней, былых сяброў. Цяпер у класе і ў двары я персона нон грата, таму што сірата, хоць і з радыё. І кветкі таксама сіроты, бо я не гаспадыня ім, а так, апякун».

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *