Кастрычніцкі выпуск «Бярозкі»
Кастрычнік лічыцца адным з самых загадкавых месяцаў, і гэта нездарма. Напрыканцы года ў розных культурах адзначаюцца містычныя святы, звязаныя з замагільным светам. Аднак не варта сумаваць і паддавацца дэпрэсіўным настроям, бо на наступным тыдні выйдзе кастрычніцкі выпуск «Бярозкі»! Шчыра спадзяемся, што ён выклікае ў вас шырокую ўсмешку і натхніць на цікавае баўленне часу.
Пра што ж будзе гэты нумар?
- Мінчукі, прызнавайцеся: калі апошні раз былі на Камароўскім рынку з бацькамі? А ведаеце легенду пра Камароўку? Не? Тады highly recommended: звярніце ўвагу ў свежым выпуску на артыкул пра містычную гісторыю, звязаную з гэтым месцам. Абяцаем, што пасля прачытання вы будзеце хадзіць на самы вядомі мінскі рынак з іншым адчуваннем! А хадзіць на яго ў хуткім часе ўсё роўна давядзецца, бо…
- У канцы кастрычніка ва ўсім свеце традыцыйна адзначаецца Хэлоўін. Акрамя таго, што трэба шукаць гарбузы (іх якраз і можна выбраць на Камароўцы), варта ўжо пачынаць думаць над касцюмам для загадкавай вечарынкі. Самы лепшы варыянт, як здзівіць сяброў, таксама знаходзіцца ў новым нумары. Мы прапаноўваем вам вобразы, натхнёныя беларускай міфалогіяй! Дайце волю вашай фантазіі, і тады з нашымі ідэямі ў вас дакладна атрымаецца цудоўны касцюм!
- Да тэмы беларускай міфалогіі ў кастрычнікім выпуску мы звярнуліся неаднойчы. Вы дакладна чулі пра такое народнае свята, як Дзяды. А ці ведаеце вы, як менавіта яго адзначалі нашы продкі! Мы вось зацікавіліся гісторыяй пытання, і высветлілася, што нашы Дзяды – прыстойны аналаг Хэлоўіна! Ці наадварот… Карацей, чытайце і рабіце ўласныя высновы!
- Калі ж вам спадабаецца гэты кісторыка-куьтуралагічны экскурс, настойліва раім звярнуць увагу на артыкул, які адкрывае выпуск. Там мы згадалі на лепшыя містычныя кнігі на беларускай мове! Захапляльныя прыгоды, таямнічыя паданні, неверагодныя сюжэтныя павароты, – і ўсё гэта наша літаратура! Дракула нервова паліць у завуголлі!
- Калі вам больш даспадобы замежная містычная класіка, але ж вы і не цураецеся роднай мовы, ёсць выдатны кампраміс: чытанне замежнай класікі ў перакладзе на беларускую мову! Напрыклад, мы прачыталі «Гары Потэра» у перакладзе на беларускую Алены Пятровіч, і нам вельмі спадабалася! Натхніліся самі і натхняем вас!
- Спецыяльна для тых, каму не да кніг, але міфалогія ўсё ж уваходзіць у кола захапленняў, мы згадалі на багоў і герояў, якія сустракаюцца ў мабільных гульнях. Хто ведае, раптам знаёмыя персанажы па той бок экрану адкрыюцца для вас з іншага боку, і вам захочацца дазнацца пра іх падрабязней?
Карацей, раім усім не сыходзіць разам з небам у шэры настрой і чытаць «Бярозку» для таго, каб нават у такія змрочныя дні ўнутранае святло не гасла!