Правілы энергазберажэння ў цытатах беларускіх пісьменнікаў

У сярэднявечча асаблівую папулярнасць мелі ўніверсаліі, або агульныя паняцці. Мы, рэдакцыя «Бярозкі», лічым, што да ўніверсалій можна аднесці і цытаты беларускіх пісьменнікаў. З нагоды міжнароднага Дня энергазберажэння мы падрыхтавалі для вас такія ўніверсальныя выказванні нашых славутых землякоў, якія тычацца ў тым ліку і беражлівага стаўлення да энергіі. Не верыце, што так можна? Чытайце далей!

Першае – самае агульнае. «Мы павінны быць рабамі законаў для таго, каб мець магчымасьць карыстацца свабодай,»  –  пісаў Леў Сапега, і дакладна меў рацыю. Ні для каго з адукаваных людзей не навіна, што ёсць невычарпальныя крыніцы  энергіі, а ёсць вычарпальныя. Каб карыстацца апошнімі як мага даўжэй, трэба выконваць пэўныя правілы энергазберажэння.

Сярод такіх правіл – рэгулярнае мыццё вокнаў. Якая сувязь? Бруднае шкло затрымлівае праходжанне сонечнага святла на 30%, а каб кампенсаваць яго недахоп, даводзіцца расходаваць больш электраэнергіі. Таму, каб «заглянула сонца і ў наша ваконца», сачыце за празрыстасцю шкла! І наогул не забывайце максімальна выкарыстоўваць натуральнае святло, рассоўваючы жалюзі! Да таго ж, калі і даводзіцца карытсацца ненатуральным святлом, часам дастаткова запальваць толькі частку з ліхтароў, а не ўсе адразу, – гэта таксама зберагае энергію.

Дарэчы, пра невычарпальныя крыніцы энергіі. Да іх адносіцца вецер, – і хто з нас не бачыў ветракі? Беларусы здаўна выкарыстоўвалі такія прыродныя магчымасці на сваю карысць, прычым без шкоды для навакольнага асяроддзя. З ветрам асацыюецца не толькі яго магутнасць, але і свежасць, якую ён нам прыносіць. З гэтай мэтай мы і адкрываем вокны, каб у пакоях дыхалася лепш. А ці ведалі вы, што з пункту гледжання энергазберажэння лепш адкрываць вокны цалкам і ненадоўга, чым трымаць фортачкі прыадкрытымі некалькі гадзін? Такім чынам менш энергіі патрэбна будзе на тое, каб прагрэць пакой, і разам з тым будзе захоўвацца прыемная свежасць, як у вершы Максіма Багдановіча: «I цішыня ў паветры плыла, і нерухомы быў спакой».

Сустракаюцца ў знакамітага пісьменніка і такія словы: «У родным краю ёсць крыніца Жывой вады». І сапраўды,  Беларусь вядома як краіна рэк і азёр. Аднак як доўга нашу краіну будуць называць «сінявокай»? Гэта залежыць толькі ад нас. Не забывайце закрываць краны, калі вада цячэ дарма!

Але давайце згадаем і малавядомых паэтаў! У вершаванай творчасці Ганны Карасік, напрыклад, сустракаецца справядлівая заўвага: «Чаканне сілы адымае». Гэта праўдзіва не толькі ў дачыненні да чалавечых стасункаў, але і да электраэнергіі. Калі мы пакідаем тэхніку ўключанай, у рэжыме чакання, яна ўсё гэтак жа «цягне» каштоўную энергію. Таму нам усім трэба імкнуцца своечасовы выключаць тэхніку і не пакідаць яе ўключанай без працы.

А ў Ксеніі Валенды сустракаем такія радкі:

Зразумей, кожны мае пачатак свой

і для рознага створаны мы:

Ты – захоўваць у хаце цяпло зімой.

Я – твой дом берагчы ад зімы.

Ах, як добра, прыгожа і рамантычна ў паэтычным свеце! Аднак у рэальнасці зіму не адменіш, і захаванне цяпла – агульная адказнасць. Калі ласка (гэта асабліва актуальна  зараз), сачыцце за ацяпленнем вокнаў і за тым, каб у памяшканнях не было скразнякоў!

Напрыканцы хочацца нагадаць словы Уладзіміра Караткевіча: «Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў». Наш унёсак у будучыню – беражлівае выкарыстоўванне электраэнергіі. Для гэтага ўсяго толькі трэба выконваць простыя правілы, а карысці ад выканання будзе шмат.

Будзьма энергазберажлівымі!

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *