Герб нашай краіны: цікавыя факты
5 красавіка 1937 года Цэнтральны выканаўчы камітэт зацвердзіў новы малюнак гербу БССР. Менавіта яго мадыфікацыя з 1995 года з’яўляецца афіцыйным Гербам Рэспублікі Беларусь. Падрабязнасці – у нашым матэрыяле.
Так выглядаў герб БССР 1919 года. Істотна ён амаль не адрозніваўся ад герба РСФСР (акрамя надпісаў).
Наступная змена адбылася ў 1927 годзе. СНК БССР прызнаў удалым малюнак гербу, зроблены кіраўніком Беларускага дзяржаўнага мастацкага тэхнікума Валянцінам Волкавым. Ён быў вельмі падобны да гербу СССР, але меў і свае асаблівасці. У пастанове Саўнаркаму ад 30 сакавіка 1927 году зазначалася:
Прыняць праект дзяржаўнага гербу БССР, які складаецца з малюнку на чырвоным фоне ў прамянях узыходзячага сонцу сярпа і молата, зьмешчаных крыж-накрыж дзяржальнямі дадолу і акружаных вянком, якія складаюцца зьлева з жытніх каласоў, абвітых канюшынай, і справа − з дубовай галінкі; зьнізу — паміж абедзьвюма паловамі вянку знаходзіцца частка зямнога шару з тэрыторыяй Беларускай ССР. Абедзьве паловы вянка абвіты чырвонай стужкай, на якой зьмешчаныя надпісы на чатырох мовах: «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!» — і ніжэй «Б. С. С. Р.» Наверсе гербу — пяціканцовая зорка.
Жытнія каласы на гербе адлюстроўвалі сельскую гаспадарку, дубовая галінка сімвалізавала лясныя багацці, а пяціканцовая зорка — шлях да сацыялізму. Звярніце ўвагу на колькасьць моў — іх чатыры, што адпавядала асноўным этнічным групам, якія пражывалі на тэрыторыі рэспублікі. Гэтыя чатыры мовы – беларуская, руская, ідыш, польская. І 11 красавіка 1927 года малюнак дзяржаўнага гербу БССР і яго апісанне былі занесены ў Канстытуцыю, а паводле Канстытуцыі, прынятай XI з’ездам Саветаў БССР 19 лютага 1937 года, геральдычная абрэвіятура «Б. С. С. Р.» стала расшыфроўвацца як Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.
Аднак ужо 28 ліпеня 1938 года на пасяджэнні Вярхоўнага Савету БССР дэпутат Захараў І. А. выступіў з прамовай, дзе ён падкрэсліў, што у гербе БССР павінны быць адлюстраваны асноўныя багацці сельскай гаспадаркі, і на гэтай падставе ён унёс прапанову: «замяніць вянок з дубовымі лісцямі вянком з жытніх каласоў, пераплеценых клеверам і льном».
Акрамя гэтага, змены закранулі і мовы: на гербе засталіся словы толькі на беларускай і рускай мовах.
Вядома, што гэта былі не апошнія змены, але нават па гэтым значным перыядзе ў гісторыі нашай краіны можна бачыць, наколькі цесна герб адлюстроўвае каштоўнасці дзяржавы, яе нацыянальныя багацці і лад.