Роднай мове быць! 

Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову. Якуб Колас.

Кожная мова з’яўляецца візітнай карткай любой нацыі. Сапраўдных народных носьбітаў роднай мовы з кожным годам становіцца ўсё менш і менш. І каб захаваць мову, на ёй трэба як мага часцей размаўляць. У паўсядзённым жыцці, у гутарцы з сябрамі, знаёмымі я карыстаюся рускай і беларускай мовамі. Нягледзячы на гэта, роднай мовай лічу беларускую. Не пагаджуся з тымі, хто сцвярджае, што ў Беларусі ўсе гавораць толькі на рускай мове. Сапраўды, такія людзі ёсць, але іх няшмат. У населеных жа пунктах многія жыхары часта ўжываюць беларускую гаворку ці размаўляюць на «трасянцы», і я адзін з іх. Беларуская мова захавала ў сабе мноства славянскіх элементаў, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне нашымі прабабулямі, прадзедамі. На мой погляд, гэта самая меладычная, і незвычайная гаворка з усіх. У ёй прысутнічае велізарная колькасць слоў, якім цяжка падабраць адпаведнікі. Менавіта гэта і робіць беларускую мову арыгінальнай, непаўторнай, унікальнай, не падобнай на іншыя.

Ужо ў свядомым узросце я вырашыў, што хачу ведаць беларускую мову дасканала, бо слова «Радзіма» мае для мяне вельмі глыбокі сэнс. Немалы ўплыў аказала на мяне мая першая настаўніца па беларускай мове і літаратуры Марына Васільеўна. Было цікава прымаць удзел у конкурсах і семінарах, якія былі прысвечаны захаванню беларускай мовы і яе спадчыны. Удзел у мерапрыемствах навучыў мяне шмат чаму: я пазнаёміўся з новымі людзьмі, даведаўся мноства фактаў аб беларускай мове, аб якіх нават і падумаць не мог. Да прыкладу, першым, хто надрукаваў «ў» нескладовае ў сваіх тэкстах, быў Ян Чачот. Цікавы факт, ці няпраўда? Падчас школьных урокаў усе навучэнцы з цікавасцю і інтарэсам слухалі, як педагог распавядала пра значэнне роднай мовы. З упэўненасцю магу сказаць, што я карыстаюся беларускай мовай у жыцці. Я не баюся на ёй размаўляць! І я ганаруся, што з’яўляюся носьбітам такой выдатнай мовы. Я лічу, што кожны беларус павінен ведаць сваю родную мову і абавязкова памятаць гісторыю яе станаўлення.

Найважнейшую ролю ў фарміраванні беларускай мовы адыгралі такія вядомыя асобы, як Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Максім Багдановіч і многія іншыя пісьменнікі Беларусі. Гэтыя аўтары даказалі, што ў беларускай мове існуюць такія тэрміны як прыгажосць, багацце, шчырасць, духоўнасць.

Чалавек, які не ведае роднай мовы, нібы дрэва, у якога засохлі карані. Ужо вядома, што стане з дрэвам у далейшым, яно проста засохне, так здарыцца і з чалавекам, які не будзе прымаць ніякага ўдзелу ў вывучэнні роднай мовы. На працягу трох апошніх стагоддзяў мовы выміраюць і знікаюць з нарастаючай хуткасцю. Сёння каля паловы з 6000 моў, на якіх размаўляюць у свеце, знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года і адзначаецца з 2000 года штогод 21 лютага з мэтай заахвочвання моўнай і культурнай разнастайнасцю і шматмоўем. З года ў год наша краіна адзначае Дзень беларускай мовы, які стаў ужо часткай культуры і побыту беларускай нацыі. У гэты дзень па ўсёй краіне праводзяцца асветніцкія лекцыі, канферэнцыі, семінары. Гэтак жа праводзяцца акцыі па абароне дзяржаўнай мовы. У адукацыйных установах: школах, гімназіях, ліцэях — праходзяць тэматычныя заняткі, прысвечаныя роднай мове. У сродках масавай інфармацыі публікуюцца артыкулы аб дзеючых і знікаючых мовах. «Сярэдняя школа №16 г. Оршы» не стала выключэннем, у ёй штогод адзначаюць Дзень роднай мовы. На перапынках навучэнцы школы атрымліваюць асалоду ад гучання роднай мовы, танцуюць  пад гукі сучасных беларускіх песень. А вынікам стаў праект «Смакуй родную мову», у якім прынялі ўдзел самі вучні.

Трэба шанаваць сваю родную мову. Калі не любіць, то ведаць яе абавязаны кожны беларус. Беларуская мова вельмі прыгожая, і мы ні ў якім выпадку не павінны яе забываць, інакш мы не зможам называць сябе сапраўднымі беларусамі. Я б вельмі хацеў, каб як мага больш людзей карысталіся беларускай мовай у паўсядзённым жыцці. Я веру, што такім чынам мы захаваем нашу нацыянальную ідэнтычнасць. І сёння гонар і абавязак усіх нас — шанаваць родную мову, абараняць яе ад ворагаў і крыўдзіцеляў.

Станіслаў Рабцаў

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *