Пацалунак і коцікі: цікавыя факты да дня нараджэння Густава Клімта
З дня нараджэння аўстрыйскага мастака-мадэрніста Густава Клімта прайшло роўна 160 гадоў. Пасля сябе ён пакінуў вялізную спадчыну з 230 карцін. Эпоха «залатога перыяду» адлюстроўваецца ў яго творах, якія вядомыя нават тым, хто не захапляецца выяўленчым мастацтвам.
Звернемся да вытокаў. 14 ліпеня 1862 года свет падарыў нам вялікага мастака Густава Клімта. Ён нарадзіўся ў Вене ў сям’і шляхетных людзей: бацька займаўся ювелірнай справай, а маці захаплялася музыкай. У сям’і з сямі дзяцей трое сталі мастакамі.
Адвучыўшыся ў венскім мастацка-рамесным вучылішчы, Густаў не адразу стаў на шлях мадэрна. Кансерватызм акадэмічнай адукацыі прасочваецца ў самых першых працах аўтара.
Аднак майстар жывапісу ўсё ж стаў адыходзіць ад канонаў класічнага жанру. Пасля знаёмства са сваёй выбранніцай Эміліяй Флёге, ён напісаў яе партрэт ужо ў стылі мадэрн.
У яго біяграфіі нельга не згадаць самую вядомую карціну — «Пацалунак». Цікава, што ў працах Густава Клімта твар мужчыны заўсёды схаваны, у той час як жаночы заўсёды знаходзіцца перад вачыма. Выключэннем не стаў і «Пацалунак», створаны з выкарыстаннем сапраўднага сусальнага золата. Карціна была прададзена яшчэ да завяршэння працы і была ацэнена ў 25 тысяч крон (па цяперашніх мерках, гэта склала б каля 240 тысяч долараў). Самая дарагая карціна таго часу абышлася б ў пяць разоў танней.
За ўсё жыццё Густаў Клімт так і не ўзяў шлюб. Але жанчыны заўсёды заставаліся галоўнымі гераінямі яго тварэнняў. Яшчэ адной знакамітай працай стаў «Партрэт Адэлі Блох-Баўэр I», якую празвалі «Аўстрыйскай Монай Лізай».
«Пацалункі» маглі параўнацца хіба што з любоўю да котак. Да іх мастак адчуваў асаблівую прыхільнасць. У яго майстэрні бегала каля сямі мурлыкаючых стварэнняў, якія раз-пораз тапталіся па работах майстра. Ніжэй прыведзена фатаграфія Клімта, зробленая ў 1912 годзе з любімым гадаванцам — коткай Катцэ, што ў перакладзе з нямецкага азначае проста «кот».
Гэта і тлумачыць, чаму зараз існуе мноства інтэрпрэтацый карцін мастака з катамі. Ёсць праца ў стылі «Пацалунку» Клімта нават з жанчынай-коткай! Паглядзіце самі, што больш падабаецца менавіта вам?
Творчасць вялікіх пісьменнікаў, мастакоў, мысляроў жыва да таго часу, пакуль пра іх памятаюць.
Валянціна Кавальчук