КІБЕРПАНК — ШТО ГЭТА?

Усю сутнасць кіберпанку можна перадаць адной фразай: «высокія тэхналогіі, нізкі ўзровень жыцця». Тэрмін «cyberpunk» утвораны ад двух ангельскіх слоў «cybernetics» — «кібернетыка» і «punk» — «смецце». Першым тэрмін «cyberpunk» увёў пісьменнік Брус Бетке ў 1983 годзе. Ён апублікаваў аднайменны аповед. Да самога кіберпанку аповед практычна не мае дачынення. Проста адзін з герояў— хакер — носіць панкаўскую прычоску. У далейшым жанр папулярызаваў фантаст з Канады Уільям Гібсан. Пасля выхаду кнігі «Нейрамант» ён стаў самым вядомым пісьменнікам гэтага жанру, які, варта сказаць, пракраўся ва ўсе віды мастацтва: ад карцін да моды.

На ArtStation можна знайсці тысячы мастакоў, якія працуюць у стылі кіберпанк. Хтосьці аддае перавагу адлюстраванню пейзажаў тэхналагічных гарадоў, якія знаходзяцца ў заняпадзе ўжо дзясяткі гадоў, іншыя ствараюць персанажаў з біянічнымі пратэзамі. У такіх працах пераважаюць кіслотныя колеры, разбураныя будынкі і багацце тэхнікі. А на героях пейзажаў можна ўбачыць трубкі, якія  свецяцца, жалезныя канцавіны, буйныя і дзівачныя акуляры з дапоўненай рэальнасцю, а таксама звыштэхналагічную зброю.

Часцей за ўсё для стварэння падобных работ мастакі выкарыстоўваюць Adobe illustrator, Cinema 4D і Blender. Тыя, хто знаёмы з дадзенымі праграмамі, зараз, верагодна, здзівіліся, бо толькі адна з іх дазваляе нешта намаляваць, у той час як астатнія прызначаны для стварэння анімацый і 3D-мадэляў. Усё проста: мастакі кіберпанку ствараюць не толькі карціны, але і суцэльныя 3D-светы, персанажаў, кібернізаваных істот і нават кароткаметражкі.

Часам на прасторах ArtStation можна знайсці цэлыя вокны ў свет кіберпанку: гэта 3D-пакоі з магчымасцю агляду ў 360 градусаў, як на гугл-картах. З дапамогай руху тэлефона можна «агледзецца» і «пакруціцца» ў лічбавым свеце, створаным мастаком.

Такое незвычайнае мастацтва маецца, напрыклад, у Дзяніса Руткоўскага (Denis Rutkovsky). У яго акаўнце на ArtStation у некалькіх праектах ёсць падобны інтэрактыўны элемент. Акрамя дапоўненай рэальнасці, ён стварае кароткія відэа з  пакоямі касмічных караблёў і паўразбураных будынкаў, якія ажываюць.

Яшчэ адзін канцэптуальны мастак — Кевін Джык (Kevin Jick). Вядомы ён як стваральнік канцэптаў для гульняў у жанры кіберпанк. Яго самая буйная праца — канцэпт для «Call of Duty: Cold War».

Таксама хочацца расказаць пра Аляксандра Дудара (Alexander Dudar) з Польшчы. Ён стварыў некалькі лакацый для адной з самых папулярных гульняў гэтага жанру «Cyberpunk 2077», а таксама парачку канцэптаў для гульняў «The Thing» і «Raid: Shadow Legends». Яго працы настолькі добрыя, што мы раім запампоўваць і ўсталёўваць іх на працоўны стол усіх гаджэтаў, якія ёсць пад рукой.

У цэлым любая праца ў стылі кіберпанку адрозніваецца дэталізацыяй і наяўнасцю дробных элементаў, няхай гэта будзе арматура-патарачка або дзіўнай формы фара ў аўтамабіля. Аднак асаблівая ўвага да дэталяў прасочваецца ў мастакоў, якія займаюцца распрацоўкай персанажаў. Яны задаюць трэнды ў вопратцы для кіберпанку не горш за дамы моды ў Мілане. Мастакі эксперыментуюць з тканінамі, тэкстурамі, формамі і абсталёўваюць канцэпт тэхналогіямі, якія да іх яшчэ ніхто не прыдумляў. У плане наватарства ў аўтараў кіберпанк-моды ёсць поўная свабода для фантазіі.

Па ўсіх законах кіберпанку стварае персанажаў мастачка з Японіі Рута Оцука (Ryouta Otsuka). Яна працуе ў стылі гіперрэалізму. Яе персанажаў было б не адрозніць ад сапраўдных людзей, калі б не адно але: твар і цела гэтых «асоб» пакрыты карбонавымі пласцінамі і металічнымі ніткамі, а вочы гараць яскрава-сінім святлом з-за разумных лінз. Усё гэта — неад’емныя атрыбуты любога жыхара кібергорада. Рута не любіць адлюстроўваць сваіх герояў у звычайнай чалавечай вопратцы, такі канцэпт у яе толькі адзін. Затое ўсе астатнія адрозніваюцца адзін ад аднаго ступенню абароны. Калі гэта звычайны жыхар мегаполіса, якому даводзіцца выжываць у каменных джунглях, яму характэрныя скарочаная кофта з доўгім рукавом, топ, штаны карго, знаёмы ўсім нам паходны заплечнік і маска ў стылі techwear. Але ёсць і іншы тып персанажаў — салдаты. Яны апранутыя як належыць воіну: ахоўны касцюм з нанатканін, які шчыльна прылягае да цела і абараняе ўладальніка ад куль, спецыяльна спраектаваны шлем і дадатковая браня.

У нашым, рэальным, свеце ёсць цэлыя супольнасці людзей, якія спрабуюць узнавіць стыль кіберпанк ў сваім гардэробе. Сёння існуе некалькі напрамкаў моды, якія грунтуюцца на кіберпанку або запазычваюць у яго некаторыя элементы:

Ваенны стыль (Warcore). Звычайна гэта адзенне альбо камуфляжнай, альбо аднатоннай расфарбоўкі, часта ўключае такія прадметы, як баявыя чаравікі, рамяні і заплечнікі. Гэты стыль адзення лічыцца найбольш практычным і функцыянальным. Сваю эстэтыку чэрпае са страхаў нашага часу. Сумкі, абсталяваныя трымальнікам для зброі, куленепрабівальная камізэлька з мноствам кішэняў і чаравікі, платформе якіх пазайздросціць усюдыход. Калі вы хочаце апранацца ў стылі Warcore, вам спатрэбяцца чорная куртка або саколка, штаны карго, вайсковыя чаравікі, тактычная маска, куленепрабівальая камізэлька і пальчаткі. Многае з гэтага, а таксама іншыя цікавыя дапаўненні да выявы, можна знайсці ў тактычных крамах.

Тэхналагічнае адзенне (Techwear). Гэты стыль уключае ў сябе спецыяльныя тканіны з выкарыстаннем перадавых тэхналогій, нестандартныя спосабы вырабу і крой, які забяспечвае максімальную мабільнасць. Лінейка адзення досыць шырокая: ад трэнчаў з воданепранікальных матэрыялаў, да такіх жа воданепранікальных красовак і бясшвовых саколак. Часам можна сустрэць назву «гарадское тэхнічнае адзенне». Гэты выраз у поўнай меры апісвае ўсю сутнасць гэтага стылю — адзенне, прызначанае для горада, але поўнае тэхнікі.

Стымпанк (Steampunk). Стыль натхняецца светам паравых машын і шасцярончатых механізмаў. Яго адрозненне ад кіберпанку ў тым, што стымпанк з’явіўся на аснове ўжо існуючых прыбораў, а свет кіберпанку прадвяшчае яшчэ не вынайдзеныя тэхналогіі, якія мы, аднак, марым стварыць.

Асноўныя колеры — карычневы, бэжавы, чорны і медны. Характэрныя матэрыялы — скура, шоўк і метал. Часта ў стымпанку можна сустрэць сярэднявечныя гарсэты з багаццем карункі, шоўку і аксаміту. Жаночыя вобразы могуць складацца з белай кашулі, класічных штаноў, доўгіх карункавых спадніц або сукенак са скураным гарсэтам. Але адметная рыса гэтага стылю — аксесуары. Яны ствараюць вобраз вар’ята-навукоўца, які апярэджвае свой век. Мужчыны таксама носяць кашулі, камізэлькі, плашчы, штаны і дапаўняюць усё гэта аксесуарамі са скуры. Упрыгожванні прадстаўнікі стымпанку носяць у выглядзе шасцярэнек або калье, часта сустракаюцца кішэнныя гадзіннікі на ланцужку. Цыліндры, акуляры пілота, рамяні, высокія боты — калі ўсё гэта даводзіцца вам па душы, ваш стыль — стымпанк.

Біяпанк. Стыль арыентаваны на генную інжынерыю і біялагічную зброю. Касцюмы выкананы ў выглядзе сімбіёзу чалавека і іншапланетнага істоты, як у фільме Веном, толькі страшнейшыя. Характэрныя рысы: аксесуар у выглядзе костак грудной клеткі, канцавіны іншапланетных істот, хвасты розных форм, перайначаны твар і генныя мадыфікацыі самога цела чалавека.

Кіберпанк-стылістыка ў нашы дні развіваецца вельмі хутка. Дзякуючы ёй мы фантазіруем пра свет будучыні. Але не варта забываць, што кіберпанк — гэта не толькі стыль адзення і мастацтва, але і антыўтопія, якая нагадвае пра наступствы прынятых намі рашэнняў. І мы не павінны слепа прытрымлівацца гэтага руху, калі не хочам паўтарэння пейзажаў разбураных гарадоў.

Аліна Крылова

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *