ЯК АНІМЭ ЗАХАПІЛА СВЕТ?
Напэўна, многія з вас чулі пра такі жанр мультыплікацыі, як анімэ. Зараз анімэ — гэта папулярны культурны феномен, які даўно закранае не толькі Японію, дзе ён нарадзіўся, але і ўвесь свет! Якім чынам так атрымалася? Для адказа на гэтае пытанне мы з вамі паглыбімся ў гісторыю анімэ.
Анімэ адрозніваецца асобай культурай прамалёўкай дэталяў і выдаецца ў форме тэлевізійных серыялаў і фільмаў. Крыніцай сюжэту анімэ часцей за ўсё з’яўляецца манга — японскія коміксы. Цікава і тое, што калі мультыплікацыя іншых краін арыентуецца перш за ўсё на малодшую аўдыторыю, то анімэ арыентуецца на людзей усіх узростаў.
Анімэ ўзнікла яшчэ ў пачатку XX стагоддзя, калі японцы пачалі першыя эксперыменты з захапляючымі заходнімі тэхнікамі мультыплікацыі. Самая старая японская анімацыя — гэта “Карцінкі, што рухаюцца” 1907 года, аўтар якой, нажаль, невядомы. А доўжыцца яна ўсяго тры секунды! Затым працягласць анімэ паступова павялічвалася, а самым папулярным і даступным метадам для яго выпуску стала тэхніка выразной анімацыі.
Анімэ актыўна выкарыстоўвалася для адукацыі і прапаганды. Напрыклад, у 1933 годзе выйшаў фільм “У свеце ўлады і жанчын”, у якім японцы бачылі павучанні для сямейных пар. Гэта, між іншым, было першае ў свеце анімэ з агучкай, але яшчэ кароткаметражнае. А вось адным з першых поўнаметражных фільмаў стаў прапагандысцкі фільм “Маматара і яго марскія арлы” 1943 года, спансіраваў яго Імператарскі флот Японіі.
Фантастычна важным для развіцця анімэ стаў 1958 год. У гэтым годзе нарэшце пабачыў свет першы каляровы поўнаметражны фільм “Легенда аб белай змяі”. Ён набыў такую папулярнасць, што выйшаў за тэрыторыю Японіі і быў паказаны нават на тэрыторыі ЗША. У гэтым жа годзе былі зроблены сур’ёзныя крокі да стварэння анімэ ў тым выглядзе, якім мы ведаем яго цяпер. Тут праславіўся таленавіты доктар філасофіі і аніматар Асаму Тэдзука. Менавіта пад яго кіраўніцтвам узніклі першыя творы, якія можна аднесці да ранніх анімэ ў звыклым для нас выглядзе. У чым жа ягоны сакрэт? А ў тым, што большасць тэхнік ён запазычаў у анімацыі The Walt Disney Company, якой на той момант было 35 год. Напрыклад, непрапарцыйна вялікія вочы для лепшага выразы эмоцый. Геніяльнага Тэдзуку дзякуючы яго працам часта называлі і да гэтага часу называюць “легендай” і нават “богам мангі і анімэ”.
А вось у 1970-я гады адбыўся анімэ-бум! Гэтае дзесяцігоддзе стала для аніматараў і мангак сапраўдным глытком свежага паветра. Яны не толькі актыўна раслі, адкрывалі і развівалі ўласныя студыі, але і паляпшалі навыкі праз саперніцтва. Менавіта ў гэты час на анімэ-арэне з’яўляецца адзін з самых геніяльных і папулярных японскіх рэжысёраў-аніматараў, прадзюсар, пісьменнік, мангака і неверагодна таленавіты чалавек Хаяо Міядзакі. Работы Міядзакі прынята лічыць вяршыняй анімэ. Менавіта яму належаць такія нашумелыя фільмы, як “Панесеныя прывідамі”, “Хадзячы замак”, “Шэпт сэрца”, “Мой сусед Тотара” і многія іншыя. Яго «Панесеныя прывідамі» сталі першым і адзіным анімацыйным фільмам, які атрымаў прэмію Берлінскага кінафестывалю як “Лепшы фільм”, а не “Лепшы мультфільм”. Хаяо Міядзакі — уладальнік ганаровага “Оскара” 2014 года з наступнай фармулёўкай заслуг – “за аказанне глыбокага ўплыву на сусветную анімацыю, натхняючы цэлае пакаленне мастакоў працаваць у гэтай галіне і асвятляючы яе бязмежны патэнцыял”.
Але не толькі Хаяо Міядзакі вызначыўся ў 1970-я гады. Гэтае дзесяцігоддзе літаральна мільгае выдатнымі асобамі, якія назаўжды застануцца ў гісторыі анімэ. Развівалася творчасць Ёсіюкі Таміна, стваральніка франшызы з робатамі “Гандам”. У той час ужо быў актыўна распаўсюджаны жанр меха — паджанр у анімэ, манге і ў навуковай фантастыцы, асноўнымі героямі якога з’яўляюцца вялізныя баявыя чалавекападобныя машыны. Такі жанр быў папулярны не толькі з-за тэхнічнага прагрэсу таго часу, але і з-за імкнення надаць анімэ сусветную цікавасць, адышоўшы ад кансерватыўных канонаў Японіі. Дзякуючы фільму ў жанры кіберпанк “Прывід у даспехах” праславіўся і Мамору Асіі. А вось Ёсіякі Кавадзіры ўпершыню падняў у анімэ настолькі “цяжкія” тэмы, як жорсткасць і гвалт. Ён увайшоў у гісторыю як адзін з самых яркіх рэвалюцыянераў у свеце анімэ.
Да 1980-х гадоў тэлевізары сталі актыўна выцясняць кінатэатры ў Японіі. Тым часам малявалася значна больш шматсерыйных анімэ. Аднак поўнаметражныя анімэ таксама працягвалі выходзіць. Менавіта таму 1980-я гады і сталі залатой парой японскай анімацыі. Менавіта ў гэтае дзесяцігоддзе зарадзілася культура анімэ-атаку. Атаку — японскі тэрмін для абазначэння людзей, якія горача захапляюцца чым-небудзь, у прыватнасці анімэ, мангай і відэагульнямі. Таксама ў гэты час былі заснаваны многія папулярныя ў наш час студыі, з’явілася вялізная колькасць новых жанраў анімэ. Першапачаткова разлічанае на дзяцей, анімэ станавіліся ўсё складаней, а сюжэтныя праблемы ўсё сур’ёзней. Гэта прыцягвала да экрана велізарную колькасць гледачоў самага рознага ўзросту.
А ў 1990-я, 2000-я і 2010-я гады анімэ нарэшце прызнаў увесь свет! З’явілася проста вялізная колькасць фільмаў і серыялаў. Прадстаўнікі анімэ-кампаній за межамі Японіі сталі карыстацца вялізным поспехам. За кошт развіцця камп’ютараў анімацыя змянялася хутка і магутна на радасць гледачам. Шматмільённую папулярнасць набылі такія анімэ, як “Сейлар Мун”, “Круты настаўнік Анідзука”, “Евангеліён”, “Ван-Піс”, “Пакемоны”, “Нарута”, “Кароль шаманаў”, крыху пазней з’явіліся “Сталёвы алхімік”, “Атака тытанаў”, “Казка аб хвасце феі”, “Валейбол!!”, “Такійскі Гуль”, “Цёмны дварэцкі”, “Сіні экзарцыст” і многія іншыя.
Такім чынам, мы разабраліся, чаму анімэ заваявала такую неверагодную сусветную папулярнасць праз крыху больш за стагоддзе пасля выхаду першага анімацыйнага 3-секунднага фільма. Галоўнымі сакрэтамі анімэ сталі шырокі тэматычны спектр, які базуецца на псіхалогіі, філасофіі і сацыяльных праблемах, унікальная здольнасць расці разам са сваім гледачом і, вядома, прывабная графіка.
Аліна Пасавец
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы “Бярозкі”:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры