Певень

Шчасце сям’і, сядзібы, хаты заўсёды захоўвалі абярэгі — сімвалы. Сярод такіх вобразаў-абярэгаў галоўнае месца ў нашай вёсцы займае певень. Невыпадкова называюць яго вестуном святла. Певень увасабляе жыццёвыя сілы і ўрадлівасць. Вельмі часта вобраз пеўня сустракаецца ў казках, прыказках і прымаўках, песнях, народных абрадах і святах, прыкметах ды павер’ях, варажбе, замовах.

Складана ўявіць вясковую раніцу без пераможнага і жыццесцвярджальнага спеву. Я нарадзілася і жыву ў вёсцы, певень нас, вясковых жыхароў, суправаджае на працягу ўсяго жыцця, ад нараджэння да смерці. Бабуля расказвала мне, што раней час даведваліся па пеўнях. Першы раз пеўні пачынаюць спяваць у першай гадзіне ночы — гэта першыя пеўні; другія пеўні спяваюць а другой гадзіне; трэція — бліжэй да чатырох гадзін раніцы. Амаль ні адзін сямейны абрад не абыходзіцца без удзелу пеўня.

Вяселлі ў нашай вёсцы не абыходзяцца без вестуна святла. На шчаслівае жыццё жаніх прыносіць нявесце белага пеўня — гэта прыкмета вялікай сям’і з кагортай здаровых дзетак. Маладая сям’я ў новую хату першым запускае пеўня: калі заспявае — значыць, зажывецца весела і будзе надзейная ахова ад няшчасцяў. У нашай мясцовасці жывая традыцыя выбару хросных бацькоў, звязаная з пеўнем. Выбіраюць хросных з ліку сяброў і блізкіх, але глядзяць і на гаспадарскага пеўня, на яго характар і паводзіны, бо гэта ўплывае на лёс дзіцяці. Калі певень галасісты, здаровы, не топча чужых курэй, даглядае сваіх, мае багаты прыплод, таго гаспадара і выбіраюць.

Дарослыя і дзеці нашай сям’і весела сустракаюць Каляды кожны год: калядуюць, казу водзяць, спяваюць калядкі і варожаць з дапамогай сапраўднага пеўня. Куды завітаюць калядоўшчыкі, там і так будзе шчасце ў хаце, а калі певень адведае зярнят гаспадыні, то і да вяселля недалёка. «Раней у нашай вёсцы на масленіцу па дварах насілі жывога пеўня на палцы і прымушалі спяваць, каб хутчэй прыйшла вясна. Маладыя хлопцы залазілі на масленічны слуп за падарункамі для каханай. Хто здымаў пеўня, у той жа год нёс яго на сваё вяселле», — успамінае мая бабуля.

На караваях да Вялікадня ў нашай сям’і і сёння абавязкова выпякаюць пеўнікаў для здароўя, жыццёвай сілы і ўрадлівасці. У чысты чацвер хворых дзяцей насілі на насест да пеўня — і дзіця пазбаўлялася хваробы. А калі раптам паміраў певень у гаспадара ў гэты дзень — значыць, адвёў хваробу ад сям’і. На дажынкі і засеўкі давалі пакляваць пеўню зерня ў знак удзячнасці за ўраджай.

Певень-вартаўнік і на даху сялібы. Сёння такіх абярэгаў адзінкі. На жаль, большасць жыхароў не ведае, што певень на даху — гэта гарантыя, што іх дом мінуць пажар і нячыстая сіла, а дабрабыт, згода, гармонія і плоднасць назаўсёды будуць тут гаспадарамі.

Певень-абярэг прысутнічае ў розных відах мастацтва і традыцыях аднавяскоўцаў. Гэта і разьба па дрэве, выявы пеўніка на аканіцах; гэта і вышыўка на вясельных ручніках, фіранках і настольніках; малюнкі на сценах дамоў; вырабы з саломкі, выцінанкі для аздаблення пакоя; ганчарныя вырабы, цацкі; традыцыйныя стравы, выпечка з фігуркамі пеўнікаў, цукеркі-пеўнікі; народныя прымаўкі, спевы, гульні і танцы, народныя святы.

У творчым гуртку дэкаратыўнага мастацтва, які я наведваю, нас вучаць вышываць, дапамагаюць зразумець адметнасці нацыянальнага арнаменту. Напрыклад, на вясельных ручніках два пеўнi, сiметрычна размешчаныя паабапал букета цi вазона на ручніку, выступаюць у ролi абаронцаў, апекуноў жаночай долi. Жартоўныя песні пра пеўнікаў спяваем падчас вышыўкі, і час не заўважаем.

Пеўнікі-ласункі ў маёй памяці з дзяцінства. На Купалле маці з бабуляй выпякаюць пернікі ў форме пеўнікаў і вырабляюць з цукру на драўлянай палачцы салодкі ласунак. Чаму ў форме пеўніка? На гэта пытанне атрымала адказ ад бабулі: не ўсім на Купалле выпадае шчасце адшукаць папараць-кветку. А бурштынавы пеўнік, прыгатаваны ў гэты дзень, як іскрынка ад цуда-кветкі падорыць удачу і здароўе на ўвесь год. Гэту традыцыю ведаюць бацькі вучняў нашай школы, толькі ў сваім варыянце — вырабляюць пеўнікаў на дзень ураджаю, які штогод праводзіцца ў нашай установе. Такі падарунак з пажаданнем шчасця і здароўя, што можа быць лепшым?!

 

Яна Пятровіч,

7 клас, Клясціцкая дзіцячы

сад-сярэдняя школа

імя У. А. Хамчаноўскага

 

 

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы “Бярозкі”:

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *