Журавіны

У паўсядзённым жыцці часта сутыкаешся з рознымі словамі, якія існуюць ужо сотні гадоў, па-рознаму гучаць у розных абласцях і раёнах, а абазначаюць адно і тое ж. Слухаючы гаворку людзей, мімаволі задумваешся, адкуль пайшлі тыя ці іншыя назвы прадметаў ды з’яў?

Аднойчы, чакаючы на вакзале аўтобуса, я пачула размову жанчын, якія везлі поўныя кашы журавін. Адна з іх назвала гэту ягаду пузанікай. Мяне настолькі гэта заінтрыгавала, што я спытала ў жанчыны, чаму яна ужывае такое цікавае слова?

— Ну, як жа! Вы ж паглядзіце на ягаду — круглая, чырвоная, пузаценькая, як бочачка. Канешне пузаніка!

Яшчэ цікавую назву гэтай ягады можна пачуць у Міёрскім раёне. Там яе называюць кіслючкай і зразумела чаму!

Пасля я доўга думала, адкуль наогул прайшла назва «журавіны», і спытала пра гэта ў сваёй бабулі. Тая мне расказала прыгожую легенду.

Даўным-даўно ў адной мясцовасці жыў сквапны мужык. Багаццю свайму ён не ведаў меры. Ніколі нікому ён не паспагадаў і не даў дарма ніводнага зярнятка. Вёску, дзе жыў мужык, акружала вялікае балота. Аднойчы на балота прыляцела шмат вялікіх птушак — журавоў. Людзі здзіўляліся і радаваліся гэтаму, бо вельмі шмат распладзілася жаб і змей, а для журавоў гэта была любімая ежа. Злосны мужык адразу загарэўся жаданнем спаймаць некалькі птушак і цэлую ноч рыхтаваў сілкі. Жонка, плачучы, прасіла яго адмовіцца ад дрэннай задумкі, але ўсё было дарэмна. Багацей з парабкам расставілі сілкі і пайшлі дадому. Раніцай, прыйшоўшы на балота, яны ўбачылі мноства вялікіх злоўленых птушак, якія спрабавалі вырвацца. Раптам самы стары журавель загаварыў чалавечым голасам:

— Не губі нас, не сіраці нашых дзяцей. Мы не зрабілі людзям ніякай шкоды. Наадварот, ловім гадзюк і жаб, каб вёсцы спакайней жылося.

Але мужык сказаў:

— Што папалася ў маю пастку, то маё! Я пагляджу, ці смачнае ў вас мяса, — і пачаў забіваць журавоў аднаго за другім. Кроплі іх крыві падалі на балотны мох, на багульнік, рассыпаліся па верасе і апошні журавель усклікнуў:

— Ты згубіў усё наша пакаленне гэтага года, бо нашы дзеці цяпер памруць ад голаду. Няхай жа і табе будзе дрэнна і прыйдзецца ўспомніць і пашкадаваць пра тое, што ты нарабіў!

Мужык звязаў журавоў за ногі і панёс іх праз балота дадому, а кроплі крыві не пераставалі падаць на мох.

Дома мужык загадаў сваёй жонцы абскубсці і зварыць іх, але тая са слязьмі адмовілася і пайшла начаваць да суседзяў. Мужык з праклёнамі закінуў мёртвых журавоў у халодную пуню і пайшоў спаць. Ноччу яго разбудзіў незвычайны шум і шамаценне. Выглянуўшы ў акно, мужык жахнуўся: усюды куды ні кінь вокам варушыліся, круціліся, паграджальна шыпелі скруткі балотных гадзюк. Гаспадар, схапіўшы палку, хацеў выйсці на ганак, але змеі, як па камандзе, кінуліся насустрач. Сэрца багацея не вытрымала. Раніцай жонка знайшла яго нежывога ў хаце. На вуліцы і вакол хаты нікога не было.

Праз некаторы час людзі пайшлі на балота, каб назбіраць верасу, і ўбачылі

мноства ярка-чырвоных круглых ягад, густа рассыпаных па мху, якія ім вельмі спадабаліся. Людзі назвалі гэтыя ягады журавінамі.

 

Анастасія Лазарава

 

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

 

Падпісныя індэксы “Бярозкі”:

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *