МАКСІМУ ТАНКУ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА

Сосны нарачанскія — кніжныя паліцы,

Сонцам цёплым свецяцца і плячом у плячо,

Як сцяна магутная, як браня трывалая,

Абарона Танкава нам на ўсё жыццё.

 

Схова ад бяздушнасці, схова ад бяспамяцтва —

Узнёслае гучанне шчырага радка,

Звонам адгукаецца каранёў прасмаленых,

З «дзіўнай роднай мовы» выткана яна.

 

Мова беларуская ці душа паэтава —

Што было з іх першасней, што ад іх вышэй?

А адказ нам дадзены кнігамі прарочымі:

Не знайсці паняццяў роднасней, бліжэй.

 

Словы палымяныя, словы ратавальныя

Дапамогуць выстаяць прад любой бядой.

Шчыт, надзея моцная — словы беларускія,

З сілай неспатольнаю ўзрошчаны табой.

 

Сёння зноў над пропасцю, ад крыніц адлучана

Слова наша роднае, наш прыродны дух.

Ціхае, бязгучнае нацыі бяспамяцтва

Карані падсушвае, труціць моцны дух.

 

Праз гады не страчана ж сіла слова Танкава,

У ім надзённа, заклічна чуецца матыў.

І радкам-праменьчыкам сэрцы падуладныя,

Бо паэт у сэрцы сваім іх нарадзіў.

 

Чалавек, асоба, як і яго слова,

Глебай урадлівай ускормлены сваёй.

Вера ў працу плённую, сіл тварэння поўную

У праявах лепшых паэзіі тваёй.

 

Часам усё праверана, творам час адмераны,

А яго паэзія ў вечнасці жыве.

Сэрцы чалавечыя далі пропуск у вечнае,

Слова пранікнёнае праз гады вядзе.

 

«На этапах» з кнігаю ў свет духоўнай існасці,

Скібай урадлівай паднятай цаліны,

Свежым ветрам з Нарачы ў дзяружцы просценькай

На шляхі няпростыя скіраваўся ты.

 

Былі дні гаротныя, былі і шчаслівыя,

Шмат зазнаў, шмат выстаяў, шмат і перамог.

Куды б лёс паэтавы хлопца не закідваў,

Здрадзіць ідэалам народным ён не мог.

 

Пра яго паэзію і пра душу спеўную

Немагчыма сціплымі словамі сказаць.

Плынь радка магутнага што стыхію моўную

Нельга на цытаты штодня разбіраць.

 

Той шчаслівы будзе з вас, хто яго паэзію,

Як ваду крынічную, п’е нагбом штодня.

Бо з радкоў паэтавых зерне шчодра сыплецца

І зоркі нараджаюцца ў космасе штодня.

 

Марына Савіцкая

 

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы “Бярозкі”:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры 

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *