Пяць моў любові
Пяць моў любові
Думаеце, што вы размаўляеце са сваімі блізкімі на розных мовах? Не сумнявайцеся, бясспрэчна на розных…
«Як я стамілася», — скажу я маме пасля чарговага цяжкага дня і ўпаду побач з ёй на канапу. Тая паглядзіць на мяне ці то з жалем, ці то з неразуменнем і проста пагладзіць па галаве. Пастаянна забываю, што яна не ведае маю беларускую мову… Пражыла ў краіне ўжо 15 гадоў, а мову так і не вывучыла. Але па галаве ж пагладзіла. І як здагадалася?
Нярэдка так адбываецца, што вось вы, здаецца, разумныя адукаваныя людзі (хай у вас яшчэ і па залатым медальку будзе ў дадатак!), а зразумець адно аднаго не можаце. Тлумачыце на сваёй ламанай (бела)рускай, а тое, што ў душы, усё роўна перадаць няздольныя. Бывае такое? У мяне — так.
І вось неяк на лекцыі па псіхалогіі нам параілі кнігу Гэры Чэпмэна «Пяць моў любові». Прызнацца, першае, пра што я падумала: гэта французская мова. Якраз падыходзіць для выражэння пачуццяў! Але памылілася. У кнізе гаварылася зусім пра іншыя мовы:
1) ПАХВАЛА (словы адабрэння);
2) БАЎЛЕННЕ ЧАСУ (якасны час);
3) ПАДАРУНКІ (атрыманне падарункаў);
4) ДАПАМОГА (акты служэння);
5) ДОТЫКІ (фізічны дотык).
Словы — далёка не адзіны спосаб выказаць свае пачуцці тым, каго любіш. Не саромейцеся пытацца, вывучаць, казаць, якой мове любові аддаеце перавагу менавіта вы.
Як кажа сам Гэры Чэпмэн, «кожны чалавек мае патрэбу ў любові. Гэтая патрэба закладзена ў нас прыродай». Любоў акружае нас, яна паўсюль. І для таго, каб напоўніць «сасуд любові», неабходныя пэўныя складнікі для праявы пачуццяў (з пераліку вышэй). Для кожнага чалавека напаўненне ў «сасудзе» сваё. Не заўсёды мы можам даць тое, чаго ад нас чакаюць. Гэта тычыцца не толькі каханых, але і бацькоў, дзяцей, сяброў…
Гэры Чэпмэн назіраў за адносінамі ў сем’ях і вылучыў пяць асноўных формаў любові. У сваёй працы ён тлумачыць, як выявіць іх у сабе і сваіх родных, каб навучыцца гаварыць на мове адно аднаго. А ва ўзнагароду за гэта вы атрымаеце шчасце і гармонію ў адносінах з блізкімі. Ці не праўда, варта таго, каб паспрабаваць?
Я вырашыла даведацца, якія мовы любові больш за ўсё падыходзяць маім блізкім. Вось што было прыемней за ўсё чуць тым, хто аддае перавагу пахвале (словам адабрэння):
— «Я так табой ганаруся, родны(-ая)! Я бачу, як ты стараешся. Усё абавязкова атрымаецца!»;
— «Бабуля, усё так смачна! Дзякуй вялікі за твае намаганні, мне вельмі прыемна»;
— «Ведаеш, мамуль, ты так класна выглядаеш у гэтай сукенцы! Яна неверагодна табе пасуе».
Для мяне адной з самых важных праяў любові з’яўляецца баўленне часу (якасны час). Я люблю, калі хто-небудзь мне кажа:
— «Рабяты, а паехалі на наступных выходных у Гродна? З начлегам! Трэба ж нам неяк адпачыць і развеяцца»;
— «Прывітанне, родная(-ы), як ты? Я гуляю цяпер, але штосьці мне так цябе не хапае, і я вырашыў(-ла) патэлефанаваць. Ты не супраць? Не хочаш схадзіць куды-небудзь заўтра?».
Хто можа выстаяць перад атрыманнем падарункаў? Заўсёды прыемна атрымаць нават якую-небудзь дробязь ад родных людзей і ведаць, што яны думаюць пра цябе:
— «Валюша, я прынёс(-ла) табе аскарбінку! Усё наладзіцца, вось пабачыш»;
— «Марозіва будзеш? Убачыў(-ла) у краме тваё любімае і вырашыў(-ла) узяць. Задаволеная(-ы)?»;
— «Я тут убачыў(-ла) кубак-аднарожку і вырашыў(-ла) табе ўзяць. Прывязу з сабой у наступны раз, табе спадабаецца».
Мой тата гэтак жа, як і бабуля, вельмі цэніць дапамогу — па гаспадарцы, на гародзе, падчас збораў на рыбалку… Калі я ім скажу што-небудзь у такім духу, то зямля ў іх дакладна сыдзе з-пад ног:
— «Бабуля, хочаш, я прапалю трускалкі ў вёсцы, памыю вокны дома і прыгатую паесці на заўтра? Так? Дык я мігам!»;
— «Ці пайсці табе чарвячкоў для рыбалкі накапаць? На дзве рыбалкі? Без пытанняў».
Фізічныя дотыкі, напэўна, тая мова любові, якой аддаюць перавагу менавіта ў нашай сям’і. Дастаткова сказаць «ідзі абдыму» — і адразу ўсе хмары рассейваюцца над галавой. Хоць у гэтым выпадку нават казаць не абавязкова — трэба проста быць побач (наколькі гэта магчыма).
Як думаеце, а якія мовы любові падыходзяць вам і вашым родным?
— Мама, а як ты зразумела, што я тады сказала? Чаму па галаве пагладзіла?
— Ты проста часта гэта слова кажаш («стамілася»), калі пасля вучобы вяртаешся. Вось я і запомніла, як дзейнічаць трэба.
Для таго, каб быць шчаслівым(-ай), патрэбная любоў. Не бойцеся выказваць яе і прымаць у любым выглядзе. Вы гэтага вартыя!

Валянціна Кавальчук
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы “Бярозкі”:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры
