Анонс 11 нумара!

1.НЕ НАМАГАЙСЯ СКОКНУЦЬ ВЫШЭЙ СВАЁЙ ГАЛАВЫ

Так гавораць, але развіццё магчыма толькі праз пераадоленне. Большасці значных адкрыццяў спадарожнічалі бяссонныя ночы, гады няўдач. У гэтым нумары раскажам пра музычнае шоу з трохузроўневай сцэнай, пастаянным перапрананнем удзельнікаў і акрабатычнымі нумарамі. Гурт «Арыя» прыехаў у Мінск з праграмай «Госць з царства цемры». А наш аўтар зазірнуў за кулісы і паразмаўляў з гітарыстам калектыву Уладзімірам Халсцініным: пра мінулае, напісанне тэкстаў, само шоу і асабістую калекцыю інструментаў.

2.ДЛЯ МОЛОДЫХ АЎТАРАЎ, ХТО ХОЧА, АЛЕ НЕ ВЕДАЕ, ЯК НАДРУКАВАЦЬ КНІГУ

Відавочна, што перш, чым нешта пачынаць, трэба разабрацца ў пытанні. Але калі вечна баяцца адчыняць новыя дзверы і апраўдвацца ўласным няведаннем, нічога не даможашся. Бо прарослае насенне цягнецца да паверхні і сонцу інтуітыўна. Аліна Длатоўская расказвае пра трапятлівае пачуццё ад першай друкаванай кнігі са сваім імем на вокладцы, а таксама пра падводныя камяні выдавецкай дзейнасці. Вопытам беларускай маладой пісьменніцы падзелімся на старонках нумара.

 

  1. Я ПОМНІК САБЕ ЎЗВЕЎ НЕРАКАТВОРНЫ

«Шчаслівы той, хто не заўважае, лета зараз ці зіма». Мы шчаслівыя, але заўважаем кругазварот прыроды і надвор’я. Таму што любім восень і чакаем залатога россыпу лісця. Як і аўтары “Бярозкі”. На старонках наступнага нумара — кранальныя і жывапісныя паэтычныя радкі, якія сталі вынікам гэтай сімпатыі.

  1. КАЛІ ЗДАБЫЧА НЕ ЎЦЯКАЕ, ЯНА НЕ ЗДАБЫЧА

Чым скончылася гісторыя пра смаужа, які бачыў свет, хто трапіў у пастку паляўнічага-гурмана? І ці здольны апошні на спачуванне? Нечаканай развязкай у адносінах супрацьлегласцей падзеліцца Наталля Бучынская. Фінал інтэлектуальнай, але вясёлай барацьбы чалавека і смаужа — у наступным нумары.

  1. ЯК ПЕРАВЕСЦІ ПАГОВОРКУ НА РОДНУЮ МОВУ ПРАВІЛЬНА

Па ўсім свеце дзяцей называюць Гары, Рон і Герміёна. Беларусы ў падборы імёнаў больш традыцыйныя, але гісторыю пра чараўнікоў таксама любяць. У 2019 годзе першы раман Дж. Роўлінг быў перакладзены на беларускую мову. Што такое мастацкі пераказ, як захаваць аўтэнтычную атмасферу і перавесці неперакладальнае — расказвае аўтар «Бярозкі» ў вялікім даследаванні.

  1. МЫ ДАПАМОЖАМ ПАЗНАЁМІЦЦА З МІНУЛЫМ БЛІЖЭЙ

У мінулым нумары мы расказвалі пра Клеафанса Агінскага як персанажа зомбі-рамана «1813». Трэба прызнаць, што не кожны мінак можа стаць галоўным героем маштабнай гісторыі. Чым Агінскі заслужыў такую ​​павагу і ці быў ён «чалавекам эпохі адраджэння»? Па нотных лістах, падручніках гісторыі і біяграфічных зборніках падарожнічаў аўтар часопіса.

  1. РЭЦЭПТ БЕЛАРУСКАГА ШЧАСЦЯ

Мы не настолькі саманадзейныя, каб лічыць людзей аднолькавымі і верыць, што ўсіх можа ашчаслівіць прыкладна адзін і той жа «спіс пакупак». Аднак вырашылі даведацца, з жыхарамі якой краіны мы салідарныя і чые нагоды для шчасця нам бліжэй. Прапануем разам з аўтарам «Бярозкі» адправіцца ў падарожжа па «Атласу шчасця» журналісткі Хэлен Расэл, даведацца, чым атрымліваюць асалоду народы свету, магчыма, знайсці новую нагоду ўсміхнуцца для сябе, а таксама навучыцца шанаваць моманты.

 

  1. КВЗ УЖО НЕ ТОЙ

Сёння камедыйнымі шоу можна аб’есціся — розныя фарматы, маштабы, тэматыка даступныя аматарам весялосці. Аднак раней такой раскошы не было. Манаполія Клуба вясёлых і знаходлівых на камедыю была відавочная. Але з чаго ўсё пачалося? Якія беларускія каманды заявілі пра сабе ў Вышэйшай лігі? І ці дрэнна, што КВЗ ужо не той? Дарэчы, «КВЗ-49» — гэта марка тэлевізара. Менавіта так была прыдумана назва Клуба.

  1. БЕЛАРУСКІ КІНАТЫДЗЕНЬ

Бразілія — гэта краіна карнавалу, а восеньскі Мінск — асаблівая культурная прастора. У лістападзе ў беларускую сталіцу з’яджаюцца рэжысёры, акцёры і сцэнарысты. Словам, старыя сябры, якія не адно дзесяцігоддзе прысвяцілі развіццю кінематографа. У гэтым годзе ўжо 28 раз праходзіць міжнародны мінскі кінафестываль «Лістапад». Па прыкладзе іншых СМІ, мы маглі б адзначыць рэкордную колькасць заяў на ўдзел (іх 1 360), пералічыць замежных гасцей. Але мы акунемся ў гісторыю і згадаем, чаму «Лістапад» — унікальная падзея.

  1. ГЕНІЙ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

3 лістапада споўнілася 140 гадоў з Дня нараджэння нацыянальнага генія беларускай літаратуры Якуба Коласа. Дзень запомніўся яскравымі мерапрыемствамі: ускладаннем кветак на адной з цэнтральных плошчаў Мінска, адкрыццём новага помніка ў Стоўбцах, вячэрнім канцэртам у філармоніі. Марафон памяці літаратурных пілігрымаў ляжаў і праз мястэчкі ў Мінскай вобласці, дзе жыў і пісаў народны паэт. Аднак мы вырашылі не пераказваць, як гэта было, а пастараліся развіць тэму з іншага ракурсу. Аўтар «Бярозкі» пабываў у мінскай гімназіі і даведаўся, як і чаму творы Якуба Коласа чытаюць дзеці. І ці чытаюць.

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *