Гэта не возера. Гэта акіян

Хто з нас не любіць выдатныя гісторыі і не захапляецца майстэрствам пісьменніка, жа- данням якога падпарадкоўваюцца захапляльныя пакруча- стыя сюжэты? Аднак некаторыя гісторыі самі хочуць быць распаведзенымі, не адпускаючы вас да самага фіналу. Яны цярпліва чакаюць свайго часу…

У гульнявых студый ёсць мноства падыходаў да стварэння ідэальнага, на іх погляд, выніковага прадукту. Фінская студыя Remedy Entertainment, пра гульню якой сёння пагаворым, асноўную ўвагу надае менавіта сюжэту, сэнсу і атмасферы гісторыі. Цікавыя геймплэйныя рашэнні толькі падтрымліваюць інтарэс да гульні, не адцягваючы ўвагу ад самой гісторыі. Не стала выключэннем шэдэўральная, на мой суб’ектыўны погляд, гульня Alan Wake, якая выйшла ў 2010 годзе. Нягледзячы на тое, што ёй больш за дзесяць гадоў і за гэты час з’явілася шмат вартых увагі гульняў, Alan Wake застаецца актуальнай для аматараў містыкі, дзякуючы моцнаму сюжэту, адмысловай атмасферы і цікавым механізмам барацьбы святла і цемры. Карацей, класіку варта ведаць.

Вядомы пісьменнік Алан Уэйк разам з жонкай Эліс прыехаў у невялікі горад Брайт-Фолс недзе ў глухмені. Тыповая заходняя правінцыя, поўная легенд і змрочных гісторый, аднак нішто не абяцае бяды перад світанкам. Алан, аўтар некалькіх паспяховых кніг у жанры трылера, ужо пару гадоў нічога не пісаў. Эліс настаяла на гэтай вандроўцы, каб прачысціць галаву і адпачыць разам у хаце

на беразе возера Колдран, чые цёмныя воды халодныя, як лёд. Раней гэтае месца даравала нечаканае натхненне многім творчым людзям. Можа, справа ў лясных пейзажах, а можа — у чымсьці больш глыбокім. Уэйкі заязджаюць у кавярню, каб забраць ключы ў гаспадара хаты і выпіць кубак выдатнай кавы (прывітанне, «Твін Пікс»). У кавярні Алан амаль з парога бачыць сваю кардонную роставую фігуру, што выклікае ў яго хутчэй раздражненне. А ён так хацеў адпачнуць… Гаспадара дома на месцы не аказалася, ключ перадала сталая жанчына, апранутая ў чорнае, як бы ў жалобе па кімсьці.

Дом на возеры Колдран — выдатнае месца, каб пабыць сам-насам. Лес, скалістыя берагі і вада, чарнейшая за ноч. Пасля невялікай сваркі з Эліс пісьменнік выбягае з дому падыхаць, але чуе крык жонкі ў цемры, грукат і моцны ўсплёск. Калі ён падбягае да невялікага прычалу, вада ўжо спакойная, Эліс нідзе няма.

Алан патанае ў адчаі, глыбейшым за любую бездань. І толькі на краі свядомасці ён чуе голас, які абяцае яму вярнуць жонку, трэба толькі напісаць што-нішто. Ён ачомаецца праз тыдзень у разбітай машыне на абочыне, разгублены і спужаны. Паліцыя нічога не ведае пра знікненне яго жонкі, а галоўным падазраваным робіцца сам Уэйк, тым больш, што ніякага дома на возеры Колдран няма ўжо гадоў 50.

Тут, уласна, і пачынаецца гульня. Перад намі шутар ад трэцяй асобы, структурна падзелены на некалькі эпізодаў па тыпу тэлесерыяла, пра што нам перыядычна нагадваюць уступы «раней у «Алане Уэйку…» з кароткім пераказам мінулых падзей. У светлы час сутак ігрок вывучае Брайт-Фолс, размаўляе з некаторымі персанажамі, але асноўныя падзеі пачынаюцца з надыходам цемры. Цемра ў гульні

— гэта і экспазіцыя, і дзеючая асоба. Ёй патрэбны пісьменнік, яна намагаецца паглынуць усё, да чаго толькі можа дацягнуцца. І асноўная зброя супраць яе — яркае святло. Гэта можа быць ліхтар, сігнальная ракетніца ці фары аўтамабіля. Асноўныя праціўнікі гульца — апанаваныя цемрай людзі, але па ходу сюжэта цёмная сутнасць набірае сілу і захоплівае нават буйныя прадметы і тэхніку. У якой яшчэ гульні вам дадуць магчымасць пазмагацца з апанаваным цемрай камбайнам? На момант выхаду гульня была амаль кінематаграфічна прыгожай. Асвятленне і шыкоўныя пейзажы нават праз шмат гадоў выглядаюць выдатна. Знешнасць усіх гульнявых персанажаў была змадэляваная на падставе рэальных людзей. Гульня поўніцца рознымі дэталямі і адсылкамі — ад візуальных да сюжэтных. Сэм Лэйк, які выступае сцэнарыстам і галоўным рэжысёрам усіх праектаў кампаніі, мае выдатнае чуццё. У гэтай гульні ён аб’яднаў асноўныя дасягненні амерыканскай школы жахаў, дадаўшы да іх паўночнаеўрапейскі настрой.

Сам Алан Уэйк быццам бы сышоў са старонак кнігі Стывена Кінга. Гульня гарманічна цытуе і экранізацыю яго «Ззяння» ў сцэнах з руйнаваннем дзвярэй і лабірынтамі з жываплота, які персанаж павінен пераадолець. Лаўкрафт, Хічкок, тэлешоу «Змрочная зона» і «Твін Пікс»… Адсылак вельмі шмат, што не зніжае цэласнасці самога твора. Карацей, сюжэт і атмасфера вартыя таго, каб прайсці гэтую гульню.

Вадзім Каплун

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

 

Падпісныя індэксы “Бярозкі”:

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *