ПРАВІЛьныя вершы, або ЗАРЫФМАВАНЫЯ ПРАВІЛЫ
ПРАВІЛьныя вершы, або ЗАРЫФМАВАНЫЯ ПРАВІЛЫ
ТВОРНЫ СКЛОН
Мама з татам і з бабуляю дзядуля.
Толькі як вось кожнага ды ў творным склоне
Праскланяць, і ведала, здаецца, Юля,
А пасля канікулаў ніяк не ўспомніць.
Ёй дапамагчы ўсе вучні ў класе хочуць,
Каб змагла запомніць Юля на «выдатна»:
Мамай і бабуляй — калі род жаночы,
А калі мужчынскі — дык дзядулем, татам.
Каб памылак у дыктанце не рабіць,
Трэба гэта й вам таксама завучыць.
ЛІЧЭБНІКІ ЛІНА СКЛАНЯЛА
Над лічэбнікамі Ліна
Прасядзела дзве гадзіны,
Вывучаючы старанна,
І цяпер не памыляецца,
Што ў лічэбніках складаных
Частка кожная скланяецца.
Вось, напрыклад, прыклад вам:
У давальным склоне
Мы скланяем: сямістам.
Правіла запомніш,
Сам затым лічэбнік зможаш
Праскланяць у склоне кожным.
Літаратурныя старонкі
ЗАВУЧЫ І ПАЎТАРЫ
Лічэбнік паўтара заўсёды,
Назоўнікам хоць і не грэбуе,
Ды хоча, каб у склоне родным
Назоўнік быў з лічэбнікам.
Пра гэта запытайце ў Янкі,
І ён вам скажа, як адмерае,
Што хлеба паўтары буханкі
На паўбуханкі больш, чым цэлая.
ПРЫСТАВУЧАЯ ЛІТАРА
Калі ты смяешся ў лесе,
Дык, нібыта на пацеху,
Ты не толькі сам смяешся,
А з табой смяецца рэха.
Ды зарана ўжо не цешся —
Завучыць я цвёрда раю:
Пішам мы заўжды — «смяешся»,
А «сьмяесься» — вымаўляем.
І дарэмна мне пытанняў
Болей ты не задавай:
Калі с да ш прыстане,
Як два с іх вымаўляй.
Анатоль Зэкаў
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы “Бярозкі”:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры