Віктар Шніп: «Пакуль ёсць пісьменнікі — будуць і часопісы»
За сто гадоў існавання літаратурны часопіс «Полымя» увасобіў у сабе цэлую эпоху… Летапіс беларускай літаратуры — так недарэмна называюць выданне. Пра юбілейныя мерапрыемствы, гісторыю часопіса і яго сёння інтэрв’ю ВД «Звязда»з намеснікам дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», паэтам Віктарам Шніпам.
— Напярэдадні юбілею вы, безумоўна, пераглядалі нумары «Полымя» ад яго стварэння. Ці можаце ацаніць, як змяняўся часопіс — і знешне, і па змесце, якія былі самыя заўважныя этапы яго трансфармацыі?
— Праглядаў, і не адзін раз. Але ўсё праглядзець немагчыма, бо ў нас у рэдакцыі няма ўсіх нумароў, асабліва да 1960-х гадоў. За стагоддзе выйшла 1118 нумароў. Часопіс мяняўся: і выглядам, і аб’ёмам, і фарматам, і нават назва мянялася. У 1932—1941 гадах часопіс выходзіў як «Полымя рэвалюцыі».
Першую вокладку часопіса «Полымя» аформіў мастак Міхась Філіповіч. Першыя дзесяць гадоў (да 1932) часопісам кіравала рэдакцыйная калегія, у яе ўваходзілі Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, Міхась Зарэцкі, Усевалад Ігнатоўскі, Янка Купала, Якуб Колас, Нодэль, Сянкевіч, Міхась Чарот і іншыя. Першым галоўным рэдактарам «Полымя» быў прызначаны Платон Галавач (1932—1933). У гады Вялікай Айчыннай вайны выданне часопіса было прыпынена. Адноўлена ў студзені 1945 года. Словам, жыццё мянялася ў Беларусі, і часопіс мяняўся, але заўсёды «Полымя» было і застаецца люстэркам актуальнага літаратурнага працэсу.
— Галоўнымі рэдактарамі «Полымя» былі вельмі вядомыя асобы, слынныя беларускія літаратары… Як вы лічыце, наколькі асоба рэдактара накладае адбітак на выданне? Хто з галоўных рэдактараў «Полымя», на ваш погляд, быў самым адметным?
— Якім будзе кожны новы нумар часопіса, у першую чаргу залежыць ад таго, што будзе ў ім друкавацца. Зразумела, што і нам сёння хацелася б працягваць друкаваць новыя творы Івана Шамякіна, Івана Мележа, Васіля Быкава, Янкі Брыля, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Андрэя Макаёнка, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Міхася Стральцова, якія ў свой час сваімі публікацыямі і стваралі «Полымю» літаратурна-мастацкую вагу. Але іх няма, і, на жаль, цяпер мала пісьменнікаў іх узроўню. І ўсё ж мы стараемся, каб у кожным нумары быў свой «цвік», на якім і трымаўся б увесь змест часопіса.
Якім быць часопісу, залежыць і ад галоўнага рэдактара. Ад яго густу, ад яго ўзаемаадносін з патэнцыяльнымі аўтарамі выдання. Але я перакананы, што сярод адзінаццаці галоўных рэдактараў «Полымя», якія працавалі да мяне, не было такіх, якія б зайздросцілі сваім братам па пяры і стараліся не друкаваць творы, якія па сваім мастацкім узроўні часам вышэйшыя, чым піша сам галоўны рэдактар.
На маю думку, самым адметным галоўным рэдактарам быў Максім Танк, які ўзначальваў «Полымя» з 1948 да 1967 года.
— Распавядзіце пра сённяшні дзень «Полымя»… Што змянілася, якія новыя рубрыкі з’явіліся, як памяняўся дызайн, кола аўтараў?
— Былі часы, калі ў рэдакцыі «Полымя» працавала больш за дваццаць чалавек. І амаль усе пісьменнікі. Цяпер нас пяць. Анатоль Казлоў рыхтуе прозу, Наталля Казапалянская займаецца крытыкай і літаратуразнаўствам, а я — паэзіяй, ну і перачытваю ўсё тое, што падрыхтавалі да друку мае супрацоўнікі. Нядаўняя выпускніца філфака БДУ Аксана Казлова працуе стыльрэдактарам, а выпускніца тэхналагічнага ўніверсітэта Наталля Арцёмава вярстае часопіс. У яе дызайне і выходзіць наш юбілейны нумар. Яна ж распрацавала афармленне часопіса і на 2023 год.
У часопісе шмат рубрык: «Паэзія», «Проза», «Крытыка і літаратуразнаўства», «Згадкі», «Дзённікі», «Штрыхі да партрэта», «Постаці», «Пошукі і знаходкі», «Спадчына», «Эпісталярый», «Братэрства», «Галасы свету», «Навуковыя публікацыі», «Культура мовы», «Краязнаўства», «Кнігарня» і іншыя. Яны запаўняюцца нашымі пастаяннымі аўтарамі, якіх, дарэчы, у нас хапае, таму часам некаторым даводзіцца чакаць і паўгода, каб іх твор з’явіўся на старонках «Полымя». З радасцю друкуем маладых.
— Калі вы асабіста ўпершыню прыйшлі ў рэдакцыю часопіса «Полымя»? Хто там працаваў, якая была атмасфера, як сустрэлі маладога аўтара?
— У рэдакцыю «Полымя» я ўпершыню з вершамі прыйшоў у 1978 годзе. Тады там галоўным рэдактарам быў Кастусь Кірэенка. Мне было 18. Паэзіяй займаўся Анатоль Вялюгін. Яму было 55. Я ўспрымаў яго як дзеда, бо тады яшчэ не ведаў, што Анатоля Сцяпанавіча ўсе завуць Адміралам. Дзед Анатоль сядзеў за сталом і курыў. Браў мае вершы і казаў, каб прыйшоў праз пару месяцаў. Прыходжу. Сядзіць дзед за сталом, курыць і кажа: «Вершы добрыя! Прынясі яшчэ!» Прыношу. Дзед за сталом сядзіць і курыць. «Пакідай! Пачытаю! Прыходзь праз пару месяцаў!» — кажа і курыць. Прыходжу. «Вершы добрыя! Прынясі яшчэ!» — кажа дзед Анатоль. А потым, калі ў яго сабралася ладная кіпа маіх твораў, ён прайшоўся па лепшых і горшых і растлумачыў, чаму той верш добры, а той кепскі. І так было чатыры гады. І толькі праз чатыры гады дзед Анатоль для мяне стаў Адміралам. За гэты час я ўжо надрукаваўся па тры разы і ў «Маладосці», і ў «Беларусі», і два разы ў альманаху «Дзень паэзіі». І вось у маі 1982 года ў «Полымі» з’явіліся тры мае вершы. Наступная публікацыя была ў кастрычніку 1984 года. Нумар быў прысвечаны творчасці маладых і адкрываўся словамі Івана Шамякіна «Маладым сябрам». Маладымі тады былі: Генрых Далідовіч, Мікола Кусянкоў, Віктар Супрунчук, Хрысціна Лялько, Леанід Галубовіч, Уладзімір Марук, Уладзімір Мазго, Мікола Пракаповіч і яшчэ чалавек дзесяць. Я ў гэтай кампаніі быў сапраўды самым маладым. Мне было 24. «Маладому» Міколу Кусянкову — 49. Пра што гэта гаворыць? А пра тое, што ў «Полымі» былі вельмі высокія патрабаванні, і там проста па-сяброўску, ці толькі таму, што ты добры хлопец, ці дзяўчына прыгожая, нельга было надрукавацца. І цяпер я з удзячнасцю ўспамінаю Анатоля Вялюгіна, Адмірала, які быў для мяне адным з літаратурных настаўнікаў.
— Якія прачытаныя на старонках «Полымя» творы вам запомніліся, паўплывалі на вас як на творцу?
— Шмат што памятаецца і шмат якія нумары «Полымя» захоўваюцца па сёння ў маёй хатняй бібліятэцы. Але асабліва памятаецца «Полымя» канца 80-х гадоў, калі вучыўся ў Маскве ў Літінстытуце. Я там выпісваў часопіс. Кожны яго новы нумар быў сапраўдным і чаканым святам. Чытаў ад першай да апошняй старонкі і не адзін раз. І паэзію, і прозу. І ўсё, што чытаў, мяне натхняла на напісанне сваіх твораў.
— Сёння тоўстыя літаратурныя часопісы ў папяровым выглядзе перажываюць крызіс… Некаторыя прагназуюць іх знікненне. Што наконт гэтага думаеце вы?
— «Полымю» 100 гадоў. І гэта гаворыць пра тое, што гэты часопіс быў патрэбен усе гэтыя гады. Думаю, што так будзе і далей. Калі не стане пісьменнікаў, тады і часопісаў не стане. А пакуль ёсць пісьменнікі, а яны ёсць, — будуць і часопісы. Электронныя выданні ніколі цалкам не заменяць папяровыя. Сеціва — гэта прорва, якая адкрылася для нас і якая можа ў любы момант зачыніцца і праглынуць усё, што мы там трымаем, думаючы, што там яно ў надзейным захаванні.
— Ці павінен быць літаратурны часопіс толькі альманахам тэкстаў, ці ёсць магчымасць і патрэба ператварыць яго ў дыскусійную пляцоўку?
— За 2022 год у часопісе «Полымя» надрукаваны чатыры круглыя сталы: «Дзе мой край?» (круглы стол, прысвечаны Году гістарычнай памяці), «Наша крытыка» (прысвечаны пытанням крытыкі і літаратуразнаўства), «Наша справа кніжная» (прысвечаны 50-годдзю выдавецтва «Мастацкая літаратура») і «Гістарычная місія, адказнасць і звышзадача» (прысвечаны 100-годдзю «Полымя»). Словам, на старонках часопіса ёсць магчымасць падыскутаваць. У новым годзе плануем круглыя сталы са старшынямі абласных аддзяленняў СПБ і супрацоўнікамі бібліятэк нашай краіны.
— «Полымя» — адно з нешматлікіх выданняў, публікацыя ў якім лічыцца навуковай, прымаецца ў якасці такой Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй. Ці шмат да вас звяртаецца аўтараў-навукоўцаў? Як супрацоўнічаеце з імі?
— У нас ёсць рубрыка «Навуковыя публікацыі». Сёлета надрукавалі чатырнаццаць літаратуразнаўцаў. Будзем друкаваць і далей. Адно хацелася б — каб навуковыя матэрыялы былі не па дваццаць старонак, а хаця б па 10 —12, і тады будзем мець магчымасць друкаваць болей навукоўцаў.
— Ці істотная, на ваш погляд, розніца паміж акадэмічным літаратуразнаўствам і літаратурнай крытыкай? Ці ўплывае крытыка на густы сённяшняга чытача, і праз якія мінавіта крыніцы?
— Для часопіса больш падыходзіць літаратурная крытыка, якая зразумелая нашым чытачам. Але калі пра якую-небудзь кнігу для «Полымя» напіша акадэмік, мы з радасцю яго надрукуем.
Па-мойму, цяпер крытыка мала ўплывае на чытача, бо чытачы яе амаль не чытаюць, а крытыкі мала пішуць. І ўсё ж у «Полымі» ёсць рубрыка «Кнігарня», дзе аналізуюцца і рэкламуюцца кнігі, якія нядаўна выйшлі.
— Юбілейным для «Полымя» выдаўся ўвесь год, цягам якога адбываліся рознага кшталту мерапрыемствы. Але асноўныя ўрачыстасці прымеркавалі да канца года… Як будзеце адзначаць?
— 23 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава «Іскрыся іскрамі, палай!», прысвечаная 100-годдзю з часу заснавання часопіса «Полымя». Выстава адлюстроўвае змест і настрой часопіса з самага першага нумара 1922 года да свежых нумароў за 2022 год. Экспазіцыя пабудавана ў храналагічным парадку па дзесяцігоддзях. Побач з часопісамі знаходзяцца выданні твораў знакамітых аўтараў, якія ўпершыню былі апублікаваны ў часопісе «Полымя». 8 снежня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстава «…Ізноў на хвалі часу. Нязгасныя знічкі «Полымя», якая будзе працаваць да 25 лютага 2023 года. У СПБ пройдзе круглы стол, прысвечаны «Полымю» і яго аўтарам.
— Распавядзіце пра юбілейны нумар часопіса. Шшто ў ім адметнага?
— Юбілейны нумар «Полымя» атрымаўся своеасаблівым, бо ў ім няма, як звычайна, паэзіі, прозы, літаратуразнаўчых артыкулаў. Ён распачынаецца матэрыяламі круглага стала «Гістарычная місія, адказнасць і звышзадача», прысвечанага 100-годдзю «Полымя». Па юбілейным нумары можна будзе прасачыць гісторыю часопіса з 1922 да 2023 год і разам з гэтым паднавіць веды па гісторыі беларускай літаратуры за апошнія 100 гадоў. Нумар багата ілюстраваны рэдкімі фотаздымкамі і дакументамі.
— Як надрукавацца ў вашым выданні. Хто можа стаць аўтарам?
—Трэба напісаць добры твор і даслаць або прынесці ў рэдакцыю. І хацелася б, каб нашы аўтары выпісвалі і чыталі «Полымя» пастаянна, а не толькі тады, калі мы іх там друкуем.
— Неяк прачытала цікавае апытанне сярод галоўных рэдактараў літаратурных расійскіх часопісаў на тэму, як адмовіць у публікацыі сябру ці паважанаму чалавеку і не пасварыцца і што прасцей — прыняць да публікацыі няўдалы тэкст ці сапсаваць адносіны? Як адказалі б вы?
— Пасварыцца можна з аўтарам, калі ты яму абяцаеш публікацыю, а потым не выканаеш сваё абяцанне. Словам, трэба заўсёды і ўсім аўтарам казаць праўду пра іх творы і не баяцца, што сапсуюцца адносіны. Таленавіты чалавек нават калі і пакрыўдзіцца напачатку, дык пасля зразумее, што сапраўды ў яго творы не ўсё так добра, як яму здаецца.
— Чым парадуеце чытача ў наступным годзе?
— У першым паўгоддзі будзем друкаваць раман Алеся Кажадуба «Партрэт», новыя аповесці Раісы Баравіковай, Зіновія Прыгодзіча, Валянціны Кадзетавай, Віктара Кунцэвіча. Апавяданні Віктара Гардзея, Георгія Марчука, Таццяны Дземідовіч, Віктара Праўдзіна і іншых. Вершы Алеся Бадака, Міколы Маляўкі, Казіміра Камейшы, Алеся Жыгунова, Людмілы Кебіч, Алеся Казекі і многіх іншых. Пералічваць можна доўга. Спадзяюся, што нашы чытачы ў кожным нумары знойдуць для сябе нешта цікавае ў кожным жанры, якія будуць там прадстаўлены.
Інтэрв’ю падрыхтавана Выдавецкім домам «Звязда».