Заяўка на Парнас
Аркуш без подпісу
Я шпурляў у яе свае рукапісы. Яны ранілі яе, як нажы. Я быў як у тумане. Не памятаю, што я крычаў, але я хацеў, каб ёй было балюча. Ачомаўся я ўжо ў вагоне метро. І пашкадаваў…
Знаёмства з ёй выйшла спантанным і да болю неабходным. Мы сустрэліся выпадкова, але здавалася, што мы знаёмыя ўсё жыццё… Я не ведаю, колькі часу прайшло. Мы сядзелі ў пустым вагоне і проста размаўлялі. Я паклаў галаву да яе на калені, яна перабірала тонкімі пальцамі мае валасы. Мне ніколі не было так спакойна, як у тыя хвіліны. І я распавёў ёй пра сваё жыццё.
Наша падабенства жыцця было надзвычай неабдуманым. Мы былі шчаслівымі роўна 24 дні. Пасля гэтага мы загінулі. Калі гэта здарылася, я трываў яшчэ два тыдні. За гэты час я напісаў нашу гісторыю, каб мы былі шчаслівыя хоць недзе, і знішчыў свае пачуцці. А потым я проста сышоў. Я намагаўся заняць розум вершамі і прозай, шмат пісаў, збольшага па начох на гаўбцы і ў метро. Сёння, калі я чакаў свой цягнік, каб сесці і пачаць пісаць, праехаць сваю станцыю, забыцца пра ўсё, але, галоўнае, дапісаць чарговае трызненне розуму, я азірнуўся і ўбачыў яе. Яна стаяла зусім блізка. Я зірнуў на яе: яна прасіла прабачэння. Але я не мог ёй дараваць. Яна знішчыла ўсё тое, што было паміж намі і рэчаіснасцю. Як яна ўвогуле магла так паступіць? І я як быццам праваліўся ў пустэчу. Унутры мяне таксама стала пуста. Увесь боль, усе слёзы і пакуты, перажытыя за апошні месяц, раптам зліліся ў акіян, які бушуе недзе звонку.
Я вынуў нашу гісторыю. Так, я заўсёды насіў яе з сабой, мне так было лягчэй. Не разумеючы, што я раблю, плюючы на людзей навокал, я пачаў кідаць ёй у твар аркушы паперы. Спадзяюся, што ёй было гэтаксама балюча.
А потым я пашкадаваў.
Кацярына Косарава
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы “Бярозкі”:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры