Соня спіць, а Марта брэша

На кожным кроку мы сустракаем жывёл. Вось жанчына гуляе ў парку з мопсам, а ў двары напышліва абыходзіць тэрыторыю дагледжаны кот. Спрытным скачком ён залазіць у адчыненае акно дома і разглядае мінакоў. Дзесьці чуваць жвавае чырыканне папугаяў, патрэскванне жалезных прутоў клеткі, якія няспынна грызе хамяк. Жыццё было б сумнае без хатніх жывёл, якіх мы так бязмерна любім.

Многія гаспадары сваіх маленькіх сяброў ведаюць, як гэта — клапаціцца пра жывёлу і старацца рабіць усё, каб той было камфортна і ўтульна. Я хачу расказаць пра сваіх гадаванцаў. Калісьці даўно, гадоў сем ці больш таму, у коткі маёй блізкай сяброўкі нарадзіліся кацяняты. Усе рознай масці з узорамі на целе. Тады мама Ані і прапанавала нашай сям’і ўзяць аднаго з гэтых пухнатых камячкоў шчасця. Выбар упаў на шэранькага, быццам хмарка. Так у нас з’явілася Соня — ласкавая і гарэзная котка, якая была не супраць паспаць ля цёплага бока гаспадара (трэба ж мянушцы адпавядаць!). Цяпер яна, вядома, старая і не такая актыўная, але пяшчота і любоў да гэтага часу адлюстроўваюцца ў яе мілых вачах.

Аднак на адным хатнім гадаванцы мы не спыніліся. Давялося маёй маме ўбачыць аб’яву ў інтэрнэце, маўляў, прадаюцца шчанюкі ёркшырскага тэр’ера. Прыглянуліся, кранулі яны мамчына сэрца. Аднак тата спачатку наадрэз адмовіўся. Мы з сястрой далучыліся да мамы, і пад нашым націскам тат вымушаны быў здацца.

І вось прыехалі мы на адрас, зайшлі ў кватэру. Бацькі пайшлі дамаўляцца, а я стаяла ў калідоры, поўная чаканняў. І тут адбыўся цуд: заводчыца вынесла на руках невялікі чорненькі камячок, які глядзеў на мяне спалоханымі карымі вочкамі. Убачыўшы незнаёмцаў, шчанюк падціснуў вушкі да галавы.

З таго часу Марта жыве з намі, поўная радасці і шчасця. Волас на тулаве памяняў афарбоўку з чорнага на попельны, а лапы і мыска сталі залацістымі.

Любіце сваіх гадаванцаў, бо калі яны нам найлепшыя сябры, то мы для іх сям’я.

Кацярына Сушко,

навучэнка гуртка

«Школа журналістыкі»,

г. Маладзечна.

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

 

Падпісныя індэксы “Бярозкі”:

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры

 

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *