МОЦ КАХАННЯ Ў ГІСТАРЫЧНЫХ ЛЕГЕНДАХ
Люты хай і зімовы месяц, усё роўна рамантычны. Дзень закаханых мінуў, а легенды засталіся! Дык чаму б не згадаць пра прыгожыя мясціны Беларусі з кранальнай гісторыяй? Некаторыя з іх вельмі сумныя і трагічныя. Але ўсе яны так ці інакш звязаныя са шчырымі пачуццямі, вернасцю і сілай кахання.
ЛЕГЕНДАРНАЯ НАРАЧ
Даўным-даўно ў гэтых мясцінах не было азёр. Вакол былі толькі густы лес і балоты. І недзе там у глушы стаяў домік лесніка, у якога была прыгожая дачка. Валасы колеру лёну і вялікія вочы колеру неба рабілі яе знешнасць далікатнай і казачнай. А звалі яе сугучна назве будучага возера — Нарай.
З усіх куткоў краіны да яе прыязджалі жаніхі: смелыя і багатыя, але кожны з іх атрымліваў адмову. Бо сэрца яе было занята іншым юнаком, і, як аказалася, пачуцці Нары былі ўзаемныя. Умілаваны падарыў ёй люстэрка, сказаўшы, што яно створана з роўнядзі вады. І калі дзяўчына паглядзіцца ў яго, то ўбачыць у ім будучыню.
Аднойчы дзяўчына так і зрабіла. Перад яе вачыма паўстала цудоўная карціна. Возера колеру яе вачэй і прыгожая чайка ў небе. Нара не спалохалася прывіду: здавалася, што ёй не можа пагражаць бяда. Але ж бяда наляцела.
Увосень, у маркотны час, дзяўчына праліла больш слёз, чым кропель выпусціла неба. Уладны багатыр паслаў за дзяўчынай выкрадальнікаў, каб тыя адвезлі яе на яго сядзібу. Так яна і жыла пад замком і чакала паратунку. Умілаваны Нары знайшоў дом злыдня, прабраўся да дзяўчыны і павёў за сабой. Але, на жаль, варта прачнулася і кінулася ў пагоню за парай.
Юнак зразумеў, што ёсць рызыка не выратаваць каханую, і вырашыў ахвяраваць сабой. Каб адцягнуць увагу бандытаў, ён загадаў дзяўчыне скакаць у хату адной, а сам «узяў праследавацеляў на сябе».
Калі Нара прыскакала да дома, яна ўбачыла, што больш няма яго. Адзін попел ад хаты. І заставалася адна надзея на тое, што каханы вернецца. Доўга чакала яна яго і раптам успомніла пра чароўнае люстэрка. Зазірнула ў яго… і ўбачыла мёртвага юнака, над якім кружыў чорны крумкач.
Рукі Нары затрэсліся, а люстэрка ўпала на зямлю і разбілася на некалькі аскепкаў. Усе яны ператварыліся ў азёры Нарачанскага краю. А сама дзяўчына стала той самай чайкай, якую бачыла раней. І зараз у любое надвор’е яна лётае над роўняддзю вады і кліча свайго каханага.
«ЗАРУЧАЛЬНЫ ДУБ» У ЛОШЫЦКІМ ПАРКУ
Прыкладна ў 1580 годзе князь Дурацкі пасадзіў тры дубы ў гонар вяселля сваёй дачкі. Адзін — для таго, каб любоў маладых была вечнай, другі — каб яны былі здаровымі, трэці — каб усе іх справы былі ўдалымі. Прайшло шмат часу, але з трох дрэў захавалася толькі адно. Па легендзе, яно валодае магічнай сілай: калі падысці да дуба басанож і пакланіцца яму да зямлі, то ён падорыць каханне, здароўе і натхніць на творчасць.
ПАЛАЦ У ГАЛЬШАНАХ
Пра рамантычныя разваліны ў Гальшанах ходзіць нямала легенд. Адна з іх — пра князёўну Ганну, якая жыла ў шыкоўным палацы, і яе каханага. У маладога хлопца не было тытула і вялікага стану. Але нягледзячы на гэта ён змог заваяваць каханне дзяўчыны.
Яны сталі сустракацца ўпотай, але пра іх раман даведаўся бацька князёўны, і яму гэта вельмі моцна не спадабалася. Ён загадаў схапіць няшчаснага юнака і замураваць у адной са сцен замка. З таго часу і бачаць людзі прывід Чорнага Манаха (такое імя далі яму гальшанцы), які па начах блукае па разбураных сценах, ахоўваючы замак.
ВОЗЕРА ЛІТОЎКА КАЛЯ НАВАГРУДКА
Навагрудскі князь Літавор схіляўся да ганебнага саюзу з ворагамі свайго народа — тэўтонскімі рыцарамі. Ён не прыслухаўся ні да ўгавораў сябра Рымвіда, ні да ўгавораў жонкі-княгіні Гражыны. Тады ўпотай ад яго Гражына ў шлеме і даспехах вывела войска да возера насустрач тэўтонцам. Князь Літавор кінуўся ў бітву на дапамогу невядомаму рыцару, і наваградчане атрымалі перамогу. Але Гражына была смяротна паранена і загінула. І калі Літавор адкрыў шлем бясстрашнага рыцара, быў здзіўлены і забіты горам, пазнаўшы сваю каханую. У гонар подзвігу Гражыны возера і атрымала сваю назву Літоўка.
Крысціна Ермачонак
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы “Бярозкі”:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры