ШТО НАПІСАНА ПЯРОМ

ШТО НАПІСАНА ПЯРОМ

Першыя выхадныя верасня ўжо даўно сталі перыядам свята: амаль 30 гадоў запар Беларусь адзначае Дзень пісьменнасці — фестываль не толькі літаратараў і выдаўцоў, але і журналістаў. То-бок усіх тых, хто выкарыстоўвае ў сваёй працы слова.

У гэтым годзе сталіцай урачыстасці стаў Добруш. Горад прыметна ператварыўся напярэдадні свята. Справа датычыцца як дабрабыту вуліц, сквераў і стадыёна, так і арганізацыі выставачных прастор.

Важліва, што ў праграму Дня пісьменнасці былі граматна ўплецены ўсе славутасці добрушскай зямлі. На працягу фестывальных дзён для гасцей была адчынена ў тым ліку мясцовая паперня. Нагадаем, яна з’явілася першай на тэрыторыі нашай краіны. Урэшце асноўныя падзеі 29-га Дня пісьменнасці праходзілі на цэнтральнай плошчы горада. Тут ужо а 11 раніцы 3 верасня працавалі літаратурныя павільёны. Усяго іх было 30, і ў кожным можна было на яскравых прыкладах даведацца, якое яно, беларускае слова, і як моцна можа гучаць, якія пачуцці можа выявіць і якія здольна апісаць падзеі.

Важліва не забываць, што без пісьменнага выкарыстання любое слова ператвараецца ў банальны набор гукаў. Таму на свяце асаблівую ўвагу надавалі гасцям: у межах вячэрняй афіцыйнай цырымоніі адкрыцця фестывалю былі ўзнагароджаны пераможцы нацыянальнай літаратурнай прэміі. На сцэну падняліся Алесь Бадак, Анатоль Андрэеў, Андрэй Мукавозчык, Ігар Запруцкі, Аляксандр Жук, Валерыя Сяцко і Мікалай Чаргінец.
На працягу ўсяго дня ў Добрушы было на што паглядзець. Напрыклад, свой праект «Бацькаўшчына» прадставіў Уладзімір Ліхадзееў. Кожны мог убачыць калекцыю паштовак з краявідамі старой Беларусі, а таксама набыць рэпрадукцыю ў выглядзе календара. Вось госці

Добруша падарожнічалі ад аднаго павільёна да наступнага. Гледзячы на колькасць выстаў здавалася, што шлях мог быць бясконцым. Зрэшты спрадвечны беларускі дух можна было сустрэць у горадзе майстроў. Знакамітыя неглюбскія паясы, саломапляценне, разьба па дрэве — ад колькасці кірмашовай прадукцыі разбягаліся вочы. Рамеснікі з усіх раёнаў з’ехаліся ў Добруш, каб чарговым разам распавесці пра старадаўнія традыцыі. Асаблівы ажыятаж у публікі выклікаў рэзчык па дрэве, які стругаў лялек для батлейкі, а таксама ганчар, які завабліваў наведвальнікаў гукам свістулек. Удзел у падрыхтоўцы святочнай праграмы прымала і «Белпошта». У тэматычным павільёне ўсім гасцям і ўдзельнікам фестывалю прапаноўвалі адаслаць паштоўкі сябрам і сваякам. А ўжо ў межах цырымоніі адкрыцця адбылося гашэнне канверта і арыгінальнай маркі, прысвечанай 29-му Дню беларускай пісьменнасці.

Да слова, папярэднічалі цырымоніі адкрыцця і іншыя падзеі. Напрыклад, ваенна-гістарычная рэканструкцыя на беразе ракі Ірпуць, якая была прысвечана партызанскаму супраціву ў гады Вялікай Айчынай вайны. Згодна з гісторыяй, гомельскі край быў акупаваны

19 жніўня 1941. 28 чысла таго ж месяца захопнікі спрабавалі перабрацца праз Ірпуць, але сутыкнуліся з радамі Чырвонай арміі, нічога не змаглі супрацьпаставіць і вырашылі пайсці на подласць. Фашысты сабралі жыхароў Добруша: жанчыны, дзеці і старыя сталі жывым шчытом. З таго моманту пачалося масавае знішчэнне савецкіх людзей на Гомельшчыне. Рэакцыяй на падобныя зверствы стаў развівацца партызанскі рух. Ужо з 1943 года ў вобласці было 13 падпольных брыгад, полк і два атрады агульнай колькасцю 13 000 чалавек. Падчас баявых дзеянняў партызаны знішчылі больш за 180 варожых танкаў, 1 000 эшалонаў, збілі 13 самалётаў.

Пра жахі і трагедыі вайны пісаў у тым ліку Іван Шамякін. 3 верасня класіку адкрылі помнік у скверы на праспекце Міра. Сама скульптура зроблена з бронзы і стаіць на гранітным пастаменце. Агульная вага манумента дасягае 10 тон, таму пры яго усталёўцы выкарыстоўвалі аўтакран. Аўтарства кампазіцыі належыць Канстанціну Касцючэнка і Уладзіміру Папіну. А само рашэнне стварыць помнік было прынята яшчэ ў 2021 годзе, калі Беларусь святкавала 100-годдзе са дня нараджэння Івана Шамякіна.

Пад вечар нягледзячы на халоднае паветра каля сцэны сабралася яшчэ больш людзей, што прыехалі на фестываль. Публіку прыцягнулі гукі канцэрта. Арганізатары пачалі з вытокаў, калі паэтамі і музыкамі быў народ. Артысты выконвалі фальклорныя творы, пасля з’явіліся героі «Калыханкі», якія ўжо 40 гадоў укладваюць спаць маленькіх беларусаў. Любімыя героі падтрымлівалі фіналістаў конкурсу «Жывая класіка».

Канешне, гучала шмат песень на беларускай мове. Як сказаў нехта з гасцей, родная мова будзе жыць, пакуль гучыць з вуснаў моладзі. Так, у межах цырымоніі адкрыцця выступілі ўдзельнікі шоу «Х-Фактар Беларусь», а таксама ўладальнікі Гран-пры «Славянскага базару» розных гадоў. Фінальным акордам стаў выступ Анатоля Ярмоленка і каляровы феерверк. Так і скончыўся першы фестывальны дзень. Ужо ў нядзелю быў аб’яўлены горад, дзе ў наступным годзе пройдзе юбілейны 30-ы Дзень беларускай пісьменнасці.

Эстафету перадалі Гарадку ў Віцебскай вобласці. Гэта радзіма Канстанціна Вераніцына, аўтара паэмы «Тарас на Парнасе».

У рамках цырымоніі закрыцця свята на сцэне выступілі «Сябры» і ўладальнік прэміі прэзідэнта «Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення» Анатоль Ярмоленка. Асновай творчасці калектыву заўсёды былі песні пра любоў да роднай зямлі і сям’і. 4 верасня гэтымі пачуццямі артысты дзяліліся з жыхарамі і гасцямі Добруша.

Важліва сказаць, што 29-ы Дзень пісьменнасці прайшоў пад асаблівым настроем — паўплываў Год гістарычнай памяці. Нагадаем, у 2022 годзе ў Беларусі адзначаюць 140-годдзе са дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, 110-годдзе Максіма Танка, 85-годдзе Мікалая Чаргінца.

За два фестывальныя дні на свяце ў Добрушы пабывала больш за 50 000 чалавек, у тым ліку госці з Расіі.

Паліна Каралева


Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы “Бярозкі”:

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *