Прэзентацыя зборнікаў усенародна любімых твораў Коласа і Маўра адбылася ў Доме кнігі «Светач»

12 студзеня ў сталічнай кнігарні «Светач» адбылася прэзентацыя кніг «Якуб Колас. Выбраныя творы ў 2-х тамах» і «Янка Маўр. Аповесці. Апавяданне».

Зборнікі выйшлі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» да 140-годдзя пісьменнікаў і папоўнілі серыю «Народная бібліятэка». Народная таму, што змест кніг складаюць творы, якія прапанавалі ўключыць самі чытачы.

Серыя была заснавана ў 2020 годзе і распачалася з выдання лепшых твораў Максіма Багдановіча. За тры гады ў серыі «Народная бібліятэка» пабачылі свет, апроч зборнікаў вышэй згаданых знакамітых айчынных майстроў слова, таксама кнігі Янкі Купалы, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Міхася Стральцова і Аляксея Дударава.

У час прэзентацыі, на якой выступілі ўнучка і праўнучка Якуба Коласа і Янкі Маўра Марыя Міцкевіч і Васіліна Міцкевіч, прысутныя маглі не толькі пазнаёміцца з усімі выданнямі серыі «Народная бібліятэка», але і паслухаць расповеды нашчадкаў нашых класікаў пра свой род і пазнаёміцца з творамі, што былі выбараны чытачамі для выданняў.

Прэзентацыю кніг «Якуб Колас. Выбраныя творы ў 2-х тамах» і «Янка Маўр. Аповесці. Апавяданне» вялі намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп і рэдактар выдавецтва Аксана Спрынчан. 

 

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *