Як трапіць у топ беларускага кніжнага продажу?
Хто з дзяцінства ведае, што лепшы падарунак — кніга, той можа ўпэўнівацца ў гэтым і цягам дарослага жыцця. А некаторыя шануюць кнігу таму, што ў ёй схаваны скарб мудрасці розных пакаленняў, яны сочаць за навінкамі ў кнігарнях незалежна ад нагоды. А ёсць і тыя, хто толькі адкрывае для сябе планету кніг. Чытачы цяпер розныя, але трымаць з імі сувязь — асноўная задача тых, хто сёння стварае кнігі на розных узроўнях. Дзеля гэтага ў Беларусі існуе сетка кнігарняў, якая імкнецца наладзіць больш шырокія стасункі з аўдыторыяй. У тым ліку з дапамогай сучасных тэхналогій. Пра гэта ішла гаворка на прэс-канферэнцыі, прысвечанай перспектывам развіцця дзяржаўнай гандлёвай сеткі «Белкніга» і наогул распаўсюджванню беларускай кнігі.
— Сёння мы дастаткова актыўна развіваемся як рознічная сетка, — засведчыў Уладзімір Матусевіч, генеральны дырэктар гандлёвай сеткі «Белкніга». — У нас 86 крамаў, чатыры агульныя гандлёвыя аб’екты. Ёсць нават літаратурная кавярня, якая знаходзіцца ў кнігарні «Светач». Агульная выручка за 2022 год перавысіла 51 мільён. Па папярэдніх дадзеных, вырас тавараабарот у параўнанні з мінулым годам. Таму ёсць перспектывы развіцця прадпрыемства. Галоўнай задачай застаецца рэалізацыя кніжнай прадукцыі. Яна складае больш за 60%. І, вядома, кніга сёння, нягледзячы на імклівае развіццё інфармацыйных тэхналогій, застаецца фактарам фарміравання інфармацыйна-культурнай прасторы, фарміравання грамадскай думкі, ментальнасці людзей. Мы бачым, што цікавасць да чытання ёсць і ў маладых людзей, якія таксама з’яўляюцца наведвальнікамі нашых кнігарняў, купляюць кнігі, чытаюць іх. Таму кніга — гэта не столькі тавар, колькі з’ява ў культурным жыцці краіны.
Аляксандр Карлюкевіч, дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі звярнуў увагу на сумесныя з ААТ «Белкніга» намаганні па прапагандзе чытання:
— Сапраўды, сёння выдавецтвы не могуць існаваць без адраснага кніжнага гандлю. Кніга не стане вядомай, калі яе не прапагандаваць. Таму тыя аўтары, якія з’яўляюцца сябрамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, кнігі якіх выпускае Выдавецкі дом «Звязда», вельмі актыўныя ў супрацы з кнігарнямі «Белкнігі», дзе адбываюцца традыцыйныя аўтограф-сесіі і прэзентацыі. Але трэба сказаць, што ў апошнія гады нетрадыцыйнымі сталі падыходы да арганізацыі прэзентацый і аўтограф-сесій. Мы вельмі ўдзячныя ААТ «Белкніга» і Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь за кнігарню «Светач» — гэта сучасная пляцоўка, дзе можна арганізаваць выступленні, збіраць шырокую аўдыторыю.
Калі гаварыць пра кнігі, выдадзеныя ў «Звяздзе», то нядаўна мы прэзентавалі раман расійскага пісьменніка Мікалая Чаркашына «Брэсцкая брама». Трэба адзначыць, што чытачы праявілі вялікую цікавасць да кнігі, і гэта, безумоўна, уплывае на продаж кнігі. Вельмі часта на пляцоўку «Светачы» і іншых кнігарняў «Белкнігі» прыходзяць дзіцячыя пісьменнікі. Сёння мы назіраем усплеск дзіцячай літаратуры, і таму можна выбраць кнігу на любы густ. Увага да кнігі залежыць і ад таго, як кніга выстаўлена на паліцах кнігарняў. Вельмі прыемна, што супрацоўнікі ААТ «Белкніга» гэта ўлічваюць, падбіраюць кнігі беларускіх выдавецтваў і адзначаюць лепшыя па афармленні кнігі, адрасаваныя юным чытачам. Таму што бацькі прыходзяць у кнігарні з дзецьмі, а маленькіх чытачоў кнігі прыцягваюць часам вокладкай. Высокую актыўнасць праяўляюць такія пісьменнікі, як Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Ірына Карнавухава, Іна Фралова, Алена Стэльмах, Сяргей Трахімёнак.
Ёсць планы праехаць больш шырока па рэгіёнах. Мы збіраемся зрабіць нашы сустрэчы метадычнымі — калі прыйдуць і кнігагандляры, і арганізатары кніжнага гандлю, каб выказаць свае заўвагі і ўяўленні пра тое, якія кнігі павінны быць на паліцах у кнігарнях. Вельмі каштоўна, што ў нашай краіне захоўваецца цэнтралізаваная сетка кнігарняў, таму што ў шэрагу краін на постсавецкай прасторы яшчэ напачатку ХХ стагоддзя гэта сетка цалкам перайшла ў прыватныя рукі альбо наогул развалілася.
Як адзначыў Уладзімір Матусевіч, у кніжным абароце прыкладна 70% займае беларуская кніга, выдадзеная айчыннымі выдавецтвамі. Натуральна, што большую частку складае навучальная і навучальна-метадычная літаратура, якая выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе (гэта больш за 45% у агульным аб’ёме кніжнай прадукцыі). Астатняе прыходзіцца на іншыя сегменты: мастацкую літаратуру, дзіцячую, даведачную, дзелавую… Вельмі шырока ў нашым кнігагандлі прадстаўлена расійская літаратура, таму што ў нас агульная інфармацыйная і моўная прастора. Але і беларускія кнігі прадаюцца за мяжой. Ёсць партнёры з расійскага боку і пэўны экспарт у Расійскую Федэрацыю. Акрамя таго, праходзяць профільныя кніжныя выставы-кірмашы і мерапрыемствы па лініі Саюза пісьменнікаў, калі таксама ажыццяўляецца рэалізацыя беларускай кніжнай прадукцыі. Найбольшую цікавасць з таго, што ідзе па лініі ААТ «Белкніга», выклікае літаратура пра нашу краіну, яе традыцыі, гістарычная, у тым ліку прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне, — тое, што ў цяперашні час актуалізавана ў медыйным полі. Напрыклад, кніга «Генацыд беларускага народа» (выдавецтва «Беларусь») сярод усіх ненавучальных кніг, прададзеных праз прадпрыемства «Белкніга», мела найбольшую рэалізацыю.
— Кнігі ў Беларусі набываюць не толькі асобныя чытачы, але і бібліятэкі. Паводле досведу «Выдавецкага дома «Звязда», гэта адбываецца даволі сістэматызавана. У бюджэце адзначаецца, на якую суму павінны быць запланаваны сродкі на набыццё кніг для школьных бібліятэк і публічных бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры Беларусі (а гэта бібліятэкі і ў раённых цэнтрах, і ў пасёлках гарадскога тыпу, аграгарадках) — гэта сур’ёзныя лічбы, — адзначае дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. — Трэба ўлічваць і той факт, што кнігі сёння нятанныя. Бібліятэкі ў меншай ступені маюць справу з кнігарнямі «Белкнігі», а працуюць непасрэдна з сеткай дзяржаўных выдавецтваў.
— Попыт на беларускую літаратуру насамрэч ёсць, калі паглядзець на топ продажу ААТ «Белкніга», — тлумачыць Уладзімір Матусевіч. — На першых месцах, вядома, навучальная літаратура, бо ёсць запыт з боку навучальнага працэсу. Але сярод кніг мастацкай літаратуры на першых пазіцыях менавіта беларускія аўтары. У абсалютным топе Караткевіч: «Дзікае паляванне караля Стаха» (найбольшая колькасць па продажу за мінулы год), «Каласы пад сярпом тваім», іншыя яго творы. Далей ідуць класікі — Іван Шамякін, Іван Мележ (таксама можна прасачыць сувязь з адукацыйным працэсам), «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра.
— Літаратуру для падлеткаў выдаўцам хацелася б бачыць больш на ўзроўні прапаноў ад аўтараў, — дадаў Алесь Карлюкевіч. — Гаворка пра ўзровень кніг, падобных творам савецкіх пісьменнікаў Альберта Ліханава, Анатоля Алексіна, Анатоля Рыбакова і беларускіх класікаў Янкі Маўра, Міхася Лынькова, Уладзіміра Дубоўкі, вядомых у свой час Івана Сяркова, Міхася Герчыка, Эдуарда Скобелева. У Выдавецкім доме «Звязда» некалькі гадоў працуюць над серыяй «Пераходны ўзрост», якая скіраваная на падлеткаў, пастаянна ідзе пошук аўтараў для гэтай серыі.
Сучасныя тэхналогіі дазваляюць не губляць сувязь з маладой і нават дзіцячай чытацкай аўдыторыяй. Дзеля гэтага ствараўся анлайн-праект «Чытанка», які рэалізуюць сумесна ААТ «Белкніга», Саюз пісьменнікаў Беларусі, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. ААТ «Белкніга» — гэта найперш сетка кнігарняў, арыентаваная на рэалізацыю папяровых выданняў, але анлайн-гандаль дэманструе рост у два разы за мінулы год у параўнанні з папярэднім годам. Гэтая праца будзе ўдасканальвацца ў тым ліку і ў частцы больш хуткай дастаўкі кніг чытачу праз супрацоўніцтва з прадпрыемствам «Белпошта». Уся дзейнасць кнігагандляроў і выдаўцоў так ці інакш скіравана на вырашэнне задачы па прапагандзе чытання. А сучасны пакупнік фарміруе сваю думку і сваё ўяўленне пра кнігу ў вельмі шырокай залежнасці ад інфармацыі пра яе. Напрыклад, нядаўна выйшаў раман Ганны Чыж-Літаш «Сто і адно спатканне», наклад у больш чым 1000 экзэмпляраў разышоўся за тры месяцы. Кніга стала хітом продажу не ў малой ступені з-за таго, што аўтарка вельмі актыўна працуе ў сацыяльных сетках. А калі гэта дае плён, то чаму не карыстацца? Ніхто не адмяняе і традыцыйныя спосабы рэкламы кнігі. Акцыі, прэзентацыі кніг будуць ладзіцца больш сістэмна па розных кірунках: праца з дзецьмі, з моладдзю і г. д. Прадугледжана сістэма зніжак для пэўных катэгорый грамадзян — ад шматдзетных сем’яў да пенсіянераў. Ёсць у ААТ «Белкніга» супрацоўніцтва з партнёрамі, напрыклад, арганізацыямі фізічнай культуры і спорту: чалавек зрабіў пакупку ў кнігарні — можа атрымаць зніжку на наведванне спартыўнай залы. Мэта адна — клопат пра чалавека.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».