«Мурашкі па скуры, бачым ляжанку кабана», або як мы хадзілі ў багну
Мне заўжды хацелася вырвацца з шэрага колеру паўсядзённасці. У нейкі момант мяне перасталі вабіць аднолькавыя гарадскія будні. Ты прачынаешся, ідзеш на вучобу, пасля на англійскую, дадому і так па коле кожны дзень. Жыццё фелістара надакучвае сваёй нязменнасцю. У 19 год яшчэ хочацца дыхаць свежым паветрам, даведвацца пра новае, ствараць неіснуючае. Здаецца, увесь свет перад табою.
Кожны па-рознаму вырашае такую распаўсюджаную сярод падлеткаў праблему. Я спытаў у двух сяброў, і яны сказалі, што таксама хочуць змяніць сваё жыццё.
З мэтай пошуку сябе мы вырашылі праветрыцца. Як пры любой сур’ёзнай справе, спачатку трэба высветліць ідэю. Калі глядзелі чарговы фільм пра Шрэка, яна прыйшла сама па сабе: пойдзем шпацыраваць па дрыгве. Задума супер! Мы не зусім звар’яцелыя, раней у нас быў досвед паходаў і неабходны рыштунак. Тым не менш багна — штосьці незвычайнае і небяспечнае.
Акрамя намёта, заплечніка, турыстычнага дыванка і спальніка мы набылі панчохі-бахілы. Гэта звычайныя галошы, толькі да калена вышынёй — тое, што трэба для багны. Набылі квіткі да Мёраў і адправіліся ў шлях.
Праз усю велізарную балотную мясцовасць праходзіць экатрапа. Але ж на што нам маладосць? Менавіта каб атрымаць адрэналін. Мы вырашылі ісці не па драўляным насціле (а нашто мы бралі намёт?), а напрамкі па багне, ночыць, канешне, на лясных астравах, што будуць трапляцца па дарозе. GPS ловіць слаба, таму нашыя тэлефоны ператвараліся ў цэглу. Узялі з сабою спецыяльны навігатар.
О, магутны Божа, я ніколі так не захапляўся беларускай прыродай, як гэтым разам. Толькі ўявіце: у момант, калі Мінск ляжыць у брудзе без снегу, у балоце Ельня снежныя гурбы па калена. Вось ужо сапраўды: чым далей ад гораду, тым больш прыгожай і чыстай становіцца прырода.
Вытоптваем кіламетры, дзе крок адчуваецца за чатыры. Неабходна высока падымаць ногі, змагаючыся з велізарнымі пластамі снегу. За спіной бутэлька з астылай гарбатай, якая ўчора была беражліва прыгатавана, у руках доўгія галіны, каб намацаць шлях. Вакол неверагодная прыгажосць: сухія ствалы даўно загінулых дрэваў-старажылаў, шэрае бясконцае неба, рэдкія глыбокія сляды лася і поўная няўлоўная цішыня. А знізу зусім іншы мікрасвет: цэлая экасістэма глядзіць на нас адтуль сваімі соннымі зялёнымі вочкамі, нібы мы яе абудзілі. Папрасіўшы прабачэння, рухаемся далей.
Хвіліны змяняюцца гадзінамі, а канца краю не бачна. Спыняемся на перапынак. Смачныя бутэрброды адразу знікаюць, нібы і не было іх. Маленькая цукерка для папаўнення сілаў запіваецца гарбатай. Слухаем цішыню. 15:24 на гадзінніках — хутка будзе змяркацца. Трэба хутчэй знайсці месца для прытулку, інакш прыйдзецца спаць на балоцістых кочках. Наперадзе бачны лясны масіў, крочым туды.
Нас сустракае некрануты чалавекам лес. Вакол шмат паваленых часам дрэваў. А тыя, што змаглі ўцалець, так штурхае вецер, што іх скрып выклікае мурашкі па скуры. Бачым ляжанку кабана. Яна выглядае нядаўна пакінутай. І тут рэзка гук справа — у кустах штосьці зварухнулася і пабегла далей ад нас. Адчуваю: мы тут толькі госці.
Паспеўшы паставіць намёт да змяркання, пачынаем гатаваць ежу. Безумоўна, вогнішча мы не разводзілі, а ўзялі газавыя гарэлкі. Пакуль смачныя макароны з тушняком гатуюцца, мы паступова рыхтуемся да наступнага дня: змяняем бялізну, сушым (наколькі магчыма) шкарпэткі, пераапранаемся ў сухую адзежу, рыхтуем страўнікі да ежы. Дарэчы, цікавы факт: калі шкарпэткі закінуць у спальнік, то вільгаць выйдзе, а цеплыня цела дапаможа ім прасохнуць.
Ноч у такіх вандроўках займае паўнапраўнае месца побач з днём. Спаць проста немагчыма. Расказваем разнастайныя жыццёвыя гісторыі, смяёмся са складанасцяў дня і граем на гітары. І вось дзесьці пад поўнач мне захацелася выйсці. І тут я ледзь не памёр на месцы ад казачнасці цёмнага лесу пасярэдзіне балота. Страшныя сілуэты веліканаў-дрэў рыпелі пагрозліва, нібы казалі:
«Мы можам у любы момант растаптаць цябе, чалавеча». Але якая таемная прыгажосць у гэтым страху. Ты адчуваеш сябе пясчынкай у прыродным каралеўстве. А за табой, як тата за неразумным сынам, сочыць круглатвары месяц — трыгер ваўкалака, гук якога пачуць — ніколі не забыцца.
Аднак, як бы я не апісваў чалавека, заўжды знойдзецца асобны клас людзей, якія не задумваюцца пра свет вакол. Нават тут, за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад жылога раёна, у нявінным лесе мы знаходзім пластмасавую бутэльку. Майму абурэнню няма мяжы. Ну не зверы мы, людзі?
Наступае раніца. Мы збіраемся рухацца далей. І тут нечакана новы цуд: кароўка-багоўка. Так незвычайна сярод ледзяной пустыні сустрэць маленькую жывую істоту. У нейкім родзе ты адчуваеш сябе гэтай маленькай жывой істотай.
Па дарозе змаглі знайсці вышку для адсочвання пералёту птушак. Вышыня ў 4–5 метраў адкрывае неверагодныя прасторы балотнага масіву. Робім некалькі здымкаў і ідзем далей. Мы блукалі так яшчэ дзень. Пад вечар выйшлі ў нейкі пасёлак. Спяшаліся на цягнік у Мёры, змаглі злавіць дальнабоя, які ахвотна нас падвёз. Пабольш бы такіх добрых людзей!
Вось такі атрымаўся трып па беларускай дрыгве. Выйшла крыху экстрэмальна, я нават у адным месцы праваліўся па пояс, затое ўражанняў хопіць на жыццё.
Напрыканцы мне хочацца вас папрасіць: калі і ў вашых жылах цячэ кроў вандроўніка і вы таксама даследуеце нашыя беларускія краявіды, беражыце іх! Там, дзе магчыма, дапамагайце іх зберагчы. Інакш нашыя дзеці і ўнукі проста не змогуць пабачыць і адчуць тое, што бачым і адчуваем мы зараз.
Міхаіл Мурза
Фатаграфіі аўтара
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры