Легенда пра Камароўку
Рынак можа быць папулярным месцам не толькі сярод старэйшага пакалення. Яскравым прыкладам з’яўляецца Камароўскі рынак, які знаходзіцца ў цэнтры Мінска. Ён славіцца сваімі маштабамі і велізарным выбарам прадуктаў. Нават маладыя выбіраюць каларытную Камароўку ў якасці лакацыі для памятнай здымкі. Ды і за мяжой наш рынак славіцца. Яшчэ не бачылі гучныя загалоўкі ў мясцовых выданнях «Пра мінскую Камароўку ведае нават Стывен Спілберг»?
Уся справа ў амерыканскім мульціку пра мышэй Стывена Спілберга An American Tail («Амерыканскі хвост»). Дзеянне адбываецца на ўскраіне Расійскай імперыі ў канцы ХIХ стагоддзя. На сям’ю мышэй Мышкавічаў пастаянна нападаюць бязлітасныя каты. Тата Мышкавіч даведаўся пра Амерыку, дзе, па аповедах, катоў зусім няма, а тратуары пакрытыя тоўстым пластом сыру. Сям’я мышэй вырашае перасяліцца ў такую прывабную краіну. Але па прыбыцці ў Амерыку яны разумеюць: ніякіх сырных тратуараў там няма, а катоў не менш, чым дома. І тады глава сямейства распавядае гісторыю пра велізарную мыш з Мінска, якая жыве на Камароўцы і абараняе ўсіх прыніжаных. Хвост у яе большы за мілю, а пашча такая велізарная, што праглынуць яна можа некалькі катоў за раз.
Усе аргументы на карысць «за», каб назваць Камароўку легендарнай. Акрамя таго, паданняў пра з’яўленне яе назвы сапраўды нямала, а гісторый ад першых асоб — яшчэ больш.
Але, каб даведацца пра гісторыю Камароўкі, не варта зацыклівацца на адным канкрэтным адрасе Харужай, 8, бо гэтую назву раней насіў не толькі рынак, але і цэлая плошча!
Так, калісьці плошча Якуба Коласа называлася не ў гонар паэта. І можна было б нават падумаць, што ў гонар камароў, бо адна з цэнтральных вуліц Мінска літаральна кішэла імі! Ды і не толькі камары бянтэжылі мясцовых: квартал лічыўся нішчынскім і нават небяспечным. «Мінскі лісток» у 1907-м годзе вяшчаў: «Цяжка сабе ўявіць што-небудзь больш жудаснае, чым наша Захар’еўская вуліца, якая носіць за Залатой Горкай назву Камароўкі… Гэтая вуліца ўяўляе сабой ліпкае суцэльнае балота, перайсці праз яго ніякім чынам немагчыма…»
Гэта, дарэчы, толькі за нейкія сто гадоў да таго, як Камароўка стала «фотагенічным» рынкам. Час ідзе — месца змяняецца! Яшчэ ў XIX стагоддзі на гэтым месцы стаяла вёска, якая належала самім Радзівілам. Але пасля вайны з Напалеонам вёска Камароўка ад Радзівілаў перайшла да Ваньковічаў, а да яе прыкладалася забалочаная нізіна.
Пазней на яе месцы адкрылі спецыяльную навуковую ўстанову — Балотную станцыю, дзе вывучалі балоты Расійскай імперыі і іх карысць. У гады вайны тут дзейнічала падпольная група, так што ў Камароўкі багатая гісторыя, у якой знайшлося месца нават для навукі і подзвігаў. А ўжо ў 1950-х пачалі зносіць драўляныя дамы і пусцілі тралейбус. І, мабыць, самая значная дата ў гісторыі Камароўкі — 20 мая 1980 года: афіцыйнае адкрыццё рынку.
Але гэта ўсё факты, хай і вельмі цікавыя. Наперадзе самае смачнае — легенда. А яна звязана хай і не з гандлем, затое з грашыма.
Справа адбывалася недзе ў сярэдзіне XV стагоддзя ля дзвярэй Мікалаеўскага храма. Галоўным героем з’яўляецца Федзька Камар — юродзівы, які не зарабляў ніякім чынам, калі толькі не лічыць за працу клянчанне. Дык вось, Федзьку-гультаю нешта і перападала, бо прасіў ён міласціну ў вернікаў паблізу царквы, а людзі там праходзілі міласэрныя і добрыя.
Але вось наступіў дзень X, які стаў фатальным у жыцці героя. Каля могілак праходзіў чалавек, які ўпаў на вачах Федзькі, і выпусціў з рук брудны і, мяркуючы па ўдары аб зямлю, цяжкі мех. Акрамя юродзівага гэтага ніхто не заўважыў, таму ён паспяшаўся да незнаёмца, каб даведацца, у чым справа. Чым бліжэй ён падыходзіў, тым ясней станавілася, што чалавек не падае прыкмет жыцця.
І тут у галаву прагнага Федзькі закралася ідэя: а што, калі праверыць пажыткі, якія так старанна цягнуў на сабе незнаёмы. І вось удача! Апынуўся не кот у мяшку, а золата! Шчасцю Федзькі Камара не было меж. Ён схапіў мяшок, ускінуў яго на спіну і з усіх сіл пабег, хаваючы твар ад людскіх вачэй. Так ён апынуўся ў бліжэйшым лесе. Але здавалася, што бяда ўсё роўна побач, і, каб знойдзенае багацце хто-небудзь не адабраў, юродзівы працягваў бегчы ўглыб нетраў, пакуль не апынуўся пасярод балота. Яно стала цягнуць Федзьку з яго цяжкім мехам на самае дно. Тут прагнасць Федзьку Камара і згубіла: трэба было толькі скінуць груз убок і выбрацца вонкі, але ж ён не змог развітацца з багаццем. Так балота паглынула яго, а разам з ім і багацце. З тых часоў гэта месца пачалі называць Камароўкай.
Вось такая захапляльная гісторыя ў звычайнага гарадскога рынку. А колькі яшчэ цікавых легенд пра знаёмыя месцы Беларусі! Часам варта толькі ўключыць фантазію і прымяніць веды, каб апынуцца ў эпіцэнтры легендарных падзей. А мы вам з гэтым абавязкова дапаможам!
Крысціна Ермачонак
Cтань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы “Бярозкі”:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры