Табе мусіць быць сорамна
Штодзень мы сутыкаемся з шэрагам стэрэатыпаў, якія так ці інакш уплываюць на жыццё. Некаторыя — станоўча, але выключная большасць — адмоўна. Вам, напэўна ж, вядома: мы думаем стэрэатыпамі, каб не перагружаць мозг. І гэта спрашчае без таго не самае простае наша існаванне. Але ж стэрэатыпы высмейваюць пэўныя паводзіны, ганьбяць людзей, што прытрымліваюцца пэўнага ладу жыцця — прызвычайваюць нас звяртаць увагу толькі на знешні бок праблемы. Наўрад ці гэта можа паспрыяць крытычнаму мысленню. І тым больш унутранай свабодзе кожнага з нас.
Адзін са стэрэатыпаў, з якім апошнім часам сустракаюся ўсё часцей, — сорамна быць спажыўцом масавага мастацтва. Калі вучылася ў школе, разам з аднакласнікамі глядзела падлеткавыя серыялы, слухала папулярную музыку і жыла прыпяваючы. Калі паступіла на факультэт журналістыкі, даведалася, што гэта сорамна.
Сорамна слухаць Макса Каржа і Ціму Беларускіх. Чаму? Яны ж спяваюць папсу! У іх тэкстах няма ні глыбіні, ні высокай мастацкай вартасці. Яшчэ і лаянка часам сустракаецца. Думаеце, хаця б на сяброўскіх вечарынах ніхто не папікне? Дарэмна. Нават сябры будуць ганьбіць такую безгустоўшчыну. Захапляецеся Майлі Сайрус і Білі Айліш, Вольгай Бузавай ці Мэры Гу? Гэта ж наогул ганебна. Акрамя тых жа хіб, што ў Макса і Цімы, гэтыя спявачкі яшчэ і надта мілыя песенькі пра каханне выконваюць. А вы ж сур’ёзны чалавек, інтэлектуал. То мусіце слухаць выключна музыку з надзвычай глыбокім сэнсам.
Вы фанат серыялаў «Клініка» і «Офіс»? Як?! Там жа столькі дурных, абсалютна бязглуздых жартаў. Персанажы паводзяць сябе надта дзіўна, часам нават нізка. Няўжо вам прыемна ўспрымаць гэты натуралізм чалавечых стасункаў і іх пошласць? Мабыць, вы сябе не паважаеце?
А можа вы любіце Marvel і DC? Раскажыце-ка за што. Там жа тыповыя сюжэты з фільма ў фільм, закручаныя так, каб вас немагчыма было адарваць ад экрана. Ведаеце гэта? І ўсё адно глядзіце? Ну то мы вас разумець адмаўляемся. Мы-та глядзім выключна аўтарскае кіно — вось дзе квінтэсенцыя сэнсаў, сімвалаў і загадак.
А што гэта за кніжка ў вас у руках? «Галодныя гульні»? Што вы ў ёй знайшлі? Банальны сюжэт, стыль — тыповая антыўтопія, адаптаваная пад сучаснасць. Лепш бы тады Замяціна з Оруэлам пачыталі — гэта хаця б класіка. А, вы ўжо чыталі? То мусіце ж заўважыць розніцу і кінуць чытаць гэту «графаманію» як мага хутчэй.
Гэта далёка не ўсё, што чула на працягу апошніх гадоў. Натуральна, згаджалася з аўтарытэтнымі, сталымі, разумнымі людзьмі. З часам такіх забарон станавілася ўсё больш і больш. На чацвёртым курсе журфака, паводле меркавання асабліва кампетэнтных людзей, сорамна стала захапляцца нават «Лалітай» Набокава. Маўляў, папулярнасць твора зусім не сведчыць пра яго якасць. Якраз наадварот. А ва Уладзіміра Уладзіміравіча ёсць значна лепшыя творы — іх і чытайце.
У пэўны момант нешта ў галаве «шчоўкнула». Задумалася: навошта я ўвогуле спажываю мастацтва? Даведацца нешта новае, выхаваць у сабе чалавека, выгадаваць густ і, вядома, каб было што абмеркаваць з інтэлектауламі. Не, калі быць шчырай з сабой і з вамі, зусім не для гэтага. Я спажываю мастацтва, каб адпачыць. Каб пераключыць свае думкі з вучобы, працы, гаспадарчых клопатаў на нейкі іншы свет. Часам «класічнае» мастацтва дапамагае. А часам галава настолькі перагружаная, што нешта «высокае» проста не ўспрымаецца. Іншым часам бывае такі кепскі настрой, што дурныя жарты жыццёва неабходныя. А часам проста хочацца «адарвацца» пад вясёлыя, няхай і бязглуздыя песні. Бо я чалавек, а не робат. Бо я неідэальная. Бо ў мяне ёсць свае жаданні.
Хтось кажа, што ў мяне проста няма густу. Ці што мне — зноў-такі — мусіць быць сорамна за мой густ. Не згаджуся. Не лічу, што густ увогуле неяк можна вымяраць і ацэньваць. Не лічу, што нехта можа вырашаць за мяне, што я мушу адчуваць, бо «табе павінна быць сорамна» — якраз пра гэта.
Моцна выбачаюся: я сама здольная зразумець, што я адчуваю, а што не. І сораму за актыўнае спажыванне масавага мастацтва ўва мне ані граму. Дэні Дзідро сказаў, што «мастацтва заключаецца ў тым, каб знайсці незвычайнае ў звычайным і звычайнае ў незвычайным». І пакуль я знаходжу незвычайны супакой у «звычайным» мастацтве, я буду яго спажываць. Што, уласна, і вам раю рабіць без усялякіх ваганняў. Асабліва калі вы гэтага хочаце.
Паліна Забела
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы “Бярозкі”:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры