Народжаны з трох вёсак
Мабыць, Беларусь невялікая па памерах краіна. Тым не менш, ёсць у Сінявокай мясціны, пра якія ведаюць, здаецца, толькі мясцовыя жыхары. На ўскраіне Гомельскай вобласці знаходзіцца пасёлак Акцябрскі, часцей за ўсё пра яго кажуць наступнае: «Адзін з самых аддаленых куткоў беларускай зямлі». Раней тут знаходзіліся тры вёскі: Карпілаўка, Рудабелка і Рудня. Іх зліццё азнаменавала нараджэнне Акцябрскага ў 1954 годзе. Варта сказаць, з тых часоў гісторыя прырасла падрабязнасцямі. Як заведзена, пачнем з гераічных старонак.
У часы Вялікай Айчыннай тры вёскі былі цэнтрам Акцябрска-Любанскай партызанскай зоны. Сіламі мясцовых жыхароў тут да апошняга захоўвалася савецкая ўлада, таксама працягвалі працу электрастанцыя, школа і нават майстэрні. Падпольны атрад, які з’явіўся ў першыя дні вайны, пазней перарос у знішчальны батальён «Чырвоны Кастрычнік». Але ціхім месцам будучы пасёлак нельга было назваць. У 1942 цёмную пляму ў гісторыі пакінулі фашысты: у ходзе карнай аперацыі цалкам была спалена Рудня, часткова агарнула полымем і астатнія вёскі. 2 500 мясцовых жыхароў выпрабавалі тое, што толькі чакала жыхароў сумна вядомай Хатыні ў 1943-м. Тэрыторыя будучага Акцябрскага была вызвалена ў выніку правядзення аперацыі «Баграціён». Сёння памяць пра цяжкае мінулае трох вёсак захоўваецца ў мемарыяльным комплексе «Партызанскія зямлянкі», праз які пралягае турыстычны маршрут «Музей пад адкрытым небам».
Варта сказаць, што колькасць насельніцтва ў пасёлку пасля вайны павялічылася не дзякуючы, а насуперак. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС паспрыяла перасяленню жыхароў забруджаных тэрыторый, якія ў будучыні аселі ў Акцябрскім раёне. Тут будавалі таннае жытло, пракладалі новыя вуліцы. Адна з іх атрымала назву Калыбанская — кватэры занялі сем’і з вёскі Калыбань Брагінскага раёна. У ліку перасяленцаў апынулася сям’я Гармель. Муж, жонка і тры дачкі зноўку ўладкоўвалі побыт, але ў памяці былі свежыя ўспаміны пра мінулае. Бацькі працавалі пры брыгадзе паляводаў, дочкi наведвалі школу. Першапачаткова хацелi вярнуцца, на атручаную зямлю, але пазней прызвычаіліся з новымі суседзямі. Аднак адказаць на пытанне «Дзе наша малая радзіма?» да гэтага часу цяжка. Урэшце пасёлак Акцябрскі — гэта, хутчэй, гасцінны куток, дзе ўдалося знайсці другі дом. А вось родная вёска захоўвае ўспаміны продкаў.
Гісторыя пасёлка падобная на…
Працяг чытайце на старонках другога нумара «Бярозкі»!
Дар’я Стукава
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны