ПРА ПАЧУЦЦІ НЕ МАЎЧАЦЬ
Пра пачуцці не маўчаць. Так лічыць адзінаццацікласніца з Маладзечна Яна Акімава, якая нядаўна прэзентавала свой першы творчы зборнік з аднайменнай назвай. У жыцці сямнаццацігадовай дзяўчыны было мноства эмоцый, падзей і перажыванняў, якія яна раней трымала ў сабе: — У такія моманты выгаварыцца дапамагала папера. Я пісала разважанні, эсэ, вельмі шмат вершаў, якія пасля доўгай працы сабраліся ў poketbook. Дзякуючы гэтаму зборніку я стала адкрыта гаварыць пра свае пачуцці.
Раскажыце пра гэту падзею шасцігадовай Яне, яна б ніколі не паверыла. Дзяўчынка заўсёды хацела дапамагаць людзям, разам з імі перажываць боль і палягчаць пакуты, таму марыла стаць урачом. Пры гэтым малая часта брала ў рукі кнігі з хатняй бібліятэкі, у якой больш за 360 асобнікаў. Тады і пачала пісаць свае першыя вершы. Гэты талент заўважыла не толькі класны кіраўнік, якая прарочыла Яне прафесію журналіста, але і бацькі. Мама прапанавала стварыць імянны друк.

Слова «стварыць» хутка вымаўляецца, але працэс выдання кнігі зусім не такі імклівы. Аўтар працавала два гады, доўга дамаўлялася з выдавецтвамі: зрывалася карэктура, вёрстка. Юная паэтка прызнаецца, што плакала амаль кожны вечар, але, прыняўшы параду сяброўкі, даверылася моманту. Праз некаторы час дзяўчына атрымала запаветнае паведамленне ад выдавецтва.
На такую велічэзную працу спатрэбілася не менш гіганцкая доза натхнення. Наша гераіня адчувала душэўны ўздым пасля прачытання свайго любімага рамана Эмілі Бронтэ «Навальнічны перавал», захаплялася творчасцю Маякоўскага, Ясеніна, Оскара Уайльда і іншых класікаў. І, вядома, яе натхняла само жыццё.
З дзяцінства жаданні Яны Акімавай не змяніліся, яна ўсё гэтак жа хоча дапамагаць людзям перажываць душэўныя пакуты, але зараз ужо з дапамогай сваёй творчасці. Майстар пяра жадае данесці сваёй кнігай думку пра тое, што жыццё — гэта рэч кароткая, за якую трэба паспець перажыць і злосць, і здраду, і сум, і радасць, і шчасце, і каханне. Дзяўчына марыць пра пераклад сваіх твораў на ўсе мовы свету, каб знаходзіцца побач з кожным жыхаром планеты, які чытае. І ўжо рыхтуе наступныя дзве кнігі з цыкла.
Паліна Шынкевіч,
навучэнка гуртка «Школа журналістыкі»
г. Маладзечна
