Плач! Сумуй! Жыві сваё лепшае жыццё!

Савецкае мінулае нашых бацькоў пакінула на іх жыццях вялікі адбітак, у тым ліку псіхалагічны. Здаецца, многія з нас заўважалі, што дарослым бывае цяжка прызнацца, што яны дрэнна сябе адчуваюць, стаміліся і ім сумна. Ці заўважалі, як яны пераносяць сваю пачуццёвую стрыманасць на нас і гавораць нешта накшталт: «Не плач, не выказвайся, трывай, іншым усё роўна на твае пачуцці!». Але наколькі гэта рабочы варыянт? Нешта такія дарослыя не выглядаюць надта шчаслівымі. Дык што ж рабіць і каго слухаць?..

Чалавек не можа жыць толькі пазітывам. Жыццё куды больш складанае, і ў ім ёсць месца для шэрагу пачуццяў, ад якіх не трэба адмаўляцца. Гэта чалавек прыдумаў, што дрэнныя пачуцці насамрэч дрэнныя, прырода зрабіла ўсё, што мы адчуваем, роўным па вартасці! Не можа быць так, каб натуральныя чалавечыя рысы адмаўляліся самім чалавекам. Гучыць неяк дзіўна і нездарова.

Мая сяброўка-псіхалагіня неяк сказала мне, што «дрэнныя» эмоцыі ў чалавеку праходзяць пэўны жыццёвы цыкл, які не трэба спыняць: спачатку ў чалавека нараджаецца гэтая эмоцыя, яна расце, потым чалавек яе вылівае, і цяжкі момант сканчваецца, як і жыццёвы цыкл эмоцыі. Яна проста знікае, і мы адчуваем сябе лепей, бо гэта натуральны прыродны механізм. Калі мы самі сябе стрымліваем, мы парушаем лагічнае развіццё нашай эмоцыі: яна застаецца неперажытым грузам унутры і потым яшчэ горш уплывае на наш стан. Мы адчуваем сябе дрэнна даўжэй, эмоцыі копяцца ў вялікі ком ужо аўтаматычна і потым выліваюцца ў нешта зусім жахлівае і ненатуральнае. Нам такога не трэба.

Калі я была маленькай, мае бацькі вельмі злаваліся з-за майго дрэннага настрою. Іх раздражняла, калі я плакала ці сумавала, бо яны не ведалі, што з гэтым рабіць, і працягвалі рабіць тое, што рабілі іх бацькі, — стрымліваць. Я навучылася не плакаць і не сумаваць у іх прысутнасці, а потым і наогул. З цягам часу плакаць ад болю і суму станавілася ўсё цяжэй і цяжэй і дайшло да таго, што я проста развучылася гэта рабіць. Мозг зразумеў каманду «не плач» літаральна, але ўсё не так проста, бо сум і боль, вядома, нікуды не падзеліся. Выразіць гэта ўжо не атрымліваецца, бо жыццёвы цыкл эмоцый парушаны. І што ж мне рабіць?

Ну, я дакладна не ведаю, але інтуітыўна спрабую вось такія штукі:

  1. Дазваляю сабе адчуваць сябедрэнна.

Каб не быць самой сабе аб’юзіўнымі бацькамі, я ў першую чаргу дазваляю сабе сумаваць колькі заўгодна і казаць пра гэта, каму захачу. Гэта крыху перапраграмоўвае мозг, каб ён калі-небудзь усё ж зразумеў, што я адчуваю нешта натуральнае, і не спрабаваў гэта спыніць. Нават калі я не магу нармальна выразіць свае пачуцці, проста пражыць іх ужо бывае добрым варыянтам.

  1. Шкадую сябе ва ўсіх сэнсах.

Ведаеце, як кажуць: «Калі сам сябе не пахваліш, ніхто не пахваліць». Дык вось, калі сам не пачнеш шкадаваць і суперажываць сабе, ніхто не пачне. Трэба ведаць свае ўласныя ліміты, разумець, што вам можа быць цяжка і дрэнна ад некаторых рэчаў, і берагчы сябе ад таксічных штук. Трэба рабіць так, каб не пагоршыць свой унутраны стан. Напрыклад, больш адпачываць, не перапрацоўваць, спрабаваць звесці кантакты з непрыемнымі людзьмі да мінімуму і больш часу прысвячаць сваім хобі. Гучыць, канешне, вельмі проста, але насамрэч вельмі цяжка бывае паставіць свае пачуцці вышэй за інтарэсы іншых.

  1. Спрабую адчуць сваю тугу глыбей і зразумець яе карані.

Я спрабую не бегчы ад непрыемных пачуццяў, а паглыбіцца ў іх, зайсці з галавой. Негатыўныя эмоцыі не вечныя, яны могуць сканчвацца, але спачатку да іх трэба неяк дайсці, бо збягаць ад негатыву мы ўсе здольныя. Трэба «пазнаёміцца са сваімі дэманамі»: часам так бывае, што пры бліжэйшым знаёмстве яны апынаюцца не такімі ўжо і жахлівымі. Самога сябе не трэба баяцца, з сабой трэба вучыцца сябраваць!

  1. Не перепрацоўваю і даю сабе адпачыць, калі адчуваю, што трэба.

Гэта вялікі дадатак да другога пункта! Трэба прыслухоўвацца да свайго цела і адпачываць, калі яно стамілася. Наогул сачыць за ўсім, што адчуваеце духам і целам, каб разумець натуральнасць і важнасць усяго гэтага. Чалавек — гэта вялікі механізм, за якім патрэбна сачыць, каб ён добра працаваў, пра якога трэба клапаціцца.

Спадзяюся, што гэта можа дапамагчы яшчэ камусьці ў падобнай сітуацыі! Трэба пераадольваць постсавецкія бацькоўскія звычкі, каб жыццё было больш камфортным, а псіхалагічны стан больш здаровым.

Плакаць і сумаваць больш чым нармальна і здарова!

Не стрымлівайцеся і жывіце сваё лепшае жыццё!

Антаніна Бабіна

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *