НАРОДЖАНЫ З ТРОХ ВЁСАК
НАРОДЖАНЫ З ТРОХ ВЁСАК

Мабыць, Беларусь невялікая па памерах краіна. Тым не менш, ёсць у Сінявокай мясціны, пра якія ведаюць, здаецца, толькі мясцовыя жыхары. На ўскраіне Гомельскай вобласці знаходзіцца пасёлак Акцябрскі, часцей за ўсё пра яго кажуць наступнае: «Адзін з самых аддаленых куткоў беларускай зямлі». Раней тут знаходзіліся тры вёскі: Карпілаўка, Рудабелка і Рудня. Іх зліццё азнаменавала нараджэнне Акцябрскага ў 1954 годзе. Варта сказаць, з тых часоў гісторыя прырасла падрабязнасцямі. Як заведзена, пачнем з гераічных старонак.
У часы Вялікай Айчыннай тры вёскі былі цэнтрам Акцябрска-Любанскай партызанскай зоны. Сіламі мясцовых жыхароў тут да апошняга захоўвалася савецкая ўлада, таксама працягвалі працу электрастанцыя, школа і нават майстэрні. Падпольны атрад, які з’явіўся ў першыя дні вайны, пазней перарос у знішчальны батальён «Чырвоны Кастрычнік». Але ціхім месцам будучы пасёлак нельга было назваць. У 1942 цёмную пляму ў гісторыі пакінулі фашысты: у ходзе карнай аперацыі цалкам была спалена Рудня, часткова агарнула полымем і астатнія вёскі. 2 500 мясцовых жыхароў выпрабавалі тое, што толькі чакала жыхароў сумна вядомай Хатыні ў 1943-м. Тэрыторыя будучага Акцябрскага была вызвалена ў выніку правядзення аперацыі «Баграціён».
Сёння памяць пра цяжкае мінулае трох вёсак захоўваецца ў мемарыяльным комплексе «Партызанскія зямлянкі», праз які пралягае турыстычны маршрут «Музей пад адкрытым небам».
Варта сказаць, што колькасць насельніцтва ў пасёлку пасля вайны павялічылася не дзякуючы, а насуперак. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС паспрыяла перасяленню жыхароў забруджаных тэрыторый, якія ў будучыні аселі ў Акцябрскім раёне. Тут будавалі таннае жытло, пракладалі новыя вуліцы. Адна з іх атрымала назву Калыбанская — кватэры занялі сем’і з вёскі Калыбань Брагінскага раёна. У ліку перасяленцаў апынулася сям’я Гармель. Муж, жонка і тры дачкі зноўку ўладкоўвалі побыт, але ў памяці былі свежыя ўспаміны пра мінулае. Бацькі працавалі пры брыгадзе паляводаў, дочкi наведвалі школу. Першапачаткова хацелi вярнуцца, на атручаную зямлю, але пазней прызвычаіліся з новымі суседзямі. Аднак адказаць на пытанне «Дзе наша малая радзіма?» да гэтага часу цяжка. Урэшце пасёлак Акцябрскі — гэта, хутчэй, гасцінны куток, дзе ўдалося знайсці другі дом. А вось родная вёска захоўвае ўспаміны продкаў.
Гісторыя пасёлка падобная на хроніку іншых беларускіх вёсак. Тым не менш жыццё тут віруе. З 1998 раз на два гады ў Акцябрскiм праходзіць рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня». Форум збірае аматараў народных песень і танца, а кірмашовыя налёты знаёмяць з работамі майстроў-рамеснікаў. Некаторыя з іх з’яўляюцца нашчадкамі тых, хто займаўся рукадзеллем яшчэ ў даваенны час, калі існавалі тры вёскі: Карпілаўка, Рудабелка і Рудня.
Адзін з самых яскравых успамінаў творчага жыцця пасёлка звязаны з імем Леаніда Дробава. Менавіта ў Акцябрскім пачаўся лёс скульптара. Сёння на малой радзіме дойліда знаходзіцца карцінная галерэя. Адначасова яна з’яўляецца музеем, які захоўвае асабістыя рэчы, навуковыя даследаванні і серыю графікі беларускага творцы.
Зрэшты не толькі рамесніцтвам і мастацтвам сытыя мясцовыя жыхары. Працоўныя месцы жыхарам не даводзіцца шукаць у суседніх раёнах — патрэбы закрываюць прамысловыя прадпрыемствы: комплекс па вытворчасці сухога абястлушчанага малака і хлебзавод. Рабочыя рукі патрэбныя ў тым ліку ў мясцовым заапарку, дзе пражываюць жывёлы, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.
За сваю гісторыю пасёлак Акцябрскі быў сведкам трагедый і шчаслівых гісторый, прытуліў абяздоленых і стварыў вялікія лёсы. Праўда, гэта куток, пра які ведаюць толькі мясцовыя жыхары? Можа, памятаць гісторыю трох вёсак варта кожнаму беларусу?
Дар’я Стукава
