МАСТАЦТВА ПАТРАБУЕ ЧАСУ

Быць мастаком — прызванне. Даносіць свае думкі да «чытача» праз пэндзаль, фарбы, аркуш — непараўнальнае майстэрства. Больш за тое, мастак — гэта стан душы. Ніхто не мае права быць мастаком, калі ён сам у душы не мастак. А калі творца не проста піша, а яшчэ і перадае свой талент усім, хто жадае рэалізаваць сябе ў творчасці, выкласці свае пачуцці, уражанні на холст — гэта выдатна. Гераіня артыкула — мастачка Соф’я Пятровік. Напярэдадні новага года выстава яе прац упрыгожыла Дом прэсы. Паразмаўляць з Соф’яй было справай гонару і жаданнем са свайго боку данесці да чытача, што такое сапраўднае сучаснае мастацтва. А для гэтага нумара рэдакцыя часопіса зрабіла падборку прац таленавітай мастачкі. Атрымайма эстэтычную асалоду!

— ЖАДАННЕ СТАЦЬ МАСТАКОМ З’ЯВІЛАСЯ РАПТОЎНА?

— Маляваць я пачала з юных гадоў. Яшчэ ў дзіцячым садку напісала партрэт мамы. Сваякам спадабалася, і бацькі сталі развіваць мой талент у гэтым кірунку. Далей было некалькі стадый адукацыі: мастацкая школа і МДМК імя Глебава, дзе ў мяне заклалі асновы і падарылі любоў да малявання. Таму стаць мастаком не было раптоўным рашэннем.

— ГЭТЫ ТАЛЕНТ СТАЎ НАБЫТКАМ ЦІ ПЕРАДАЎСЯ ПРАЗ ПАПЯРЭДНІКАЎ?

— Кожны нараджаецца з наборам нейкіх талентаў. Проста многія па-рознаму да яго ставяцца. У маёй сям’і ўмее маляваць бацька. Мяркую, што талент перадаўся ад яго, і я раблю ўсё, каб яго развіваць і памнажаць.

— АДКУЛЬ З’ЯВІЛАСЯ ВЫСТАВА З МАЛЮНКАМІ ЖЫВЁЛ?

— За перыяд творчасці было напісана шмат карцін у розных жанрах: пейзаж, нацюрморт, партрэт, а вось менавіта жывёл не было. Яны сталі новым складнікам маёй творчасці. Калі прапанавалі выставіць працы ў Доме прэсы, я не задумвалася ні на хвіліну. Для мяне гэта гонар. Тым больш, што экспазіцыю пабачылі сотні творчых людзей, журналістаў.

— ІСНУЮЦЬ ЛЮДЗІ, ЯКІЯ ПІШУЦЬ АД ДУШЫ. А ЁСЦЬ ТАКІЯ, ХТО ЗАЙМАЕЦЦА МАСТАЦТВАМ ПРАФЕСІЙНА. ВЫ АМАТАР ЦІ ПРАФЕССІЯНАЛ?

— Я стараюся сумяшчаць. Ствараючы карціну, імкнуся максімальна ўкласці ў яе душу, эмоцыі, пачуцці. Але калі знойдуцца аднадумцы, якім стануць цікавымі мае працы, я гатова пісаць пад замову.

— ДЛЯ ВАС ЦІКАВА ПІСАЦЬ ЖЫВАПІС, НАЦЮРМОРТ, ІНШЫЯ ЖАНРЫ?

— Мне як творчай асобе цікава працаваць ва ўсіх жанрах. Галоўнае, каб было натхненне. Спадабалася надвор’е — пішаш пейзаж, спадабаліся кветкі — пішаш нацюрморт. Бачыце, на выставе былі прадстаўлены каты і сабакі. У пэўны адрэзак часу мяне зацікавіла гэтая тэма.

— ВЫ ПАКІДАЕЦЕ САБЕ ЧАС ДЛЯ ТВОРЧАГА ЭКСПЕРЫМЕНТА? КАБ АДПРАЦАВАЦЬ «У СТОЛ»?

— Існуе шмат карцін, замалёвак, якія стварала для сябе, родных. Неабавязкова ўсё прадаваць або дарыць, хочацца пакінуць як нешта сакральнае, парадаваць сябе.

— ЯК КАЖУЦЬ, ПАД ЗАМОВУ ВЫ ЗДОЛЬНЫЯ НАПІСАЦЬ ПАРТРЭТ ЧАЛАВЕКА, ЖЫВЁЛЫ?

— Вядома, бываюць замовы ў розных жанрах. У гэтым выпадку я ўпэўнена, што карціна можа быць выдатным падарункам ці проста упрыгожваннем інтэр’еру. Таму я лічу, што заказныя працы маюць месца быць. Але для кожнай з іх таксама патрэбна натхненне.

Аляксандр Канановіч

Працяг чытаце ў 3 нумары часопіса. 

0

One thought on “МАСТАЦТВА ПАТРАБУЕ ЧАСУ

  • 14.05.2023 в 12:09
    Permalink

    Невероятно талантливая девушка с очень красивыми картинами и чудесным талантом. Только успехов!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *