NEVIKA ПРА СВОЙ ТВОРЧЫ ШЛЯХ
NEVIKA ПРА СВОЙ ТВОРЧЫ ШЛЯХ

Беларуская мова — адна з самых мілагучных ва ўсім свеце. Мы ведаем гэта дзякуючы даследаванню ЮНЕСКА. Асабліва яскрава гэтая мілагучнасць адчуваецца ў беларускамоўных песнях. Мы пагутарылі са спявачкай, большасці вядомай пад псеўданімам Nevika. Вікторыя Валатовіч падзялілася з рэдакцыяй гісторыяй станаўлення сваёй кар’еры, распавяла пра псеўданім і беларускі шоў-бізнес. Прыемнага чытання!
— Калі і чаму прыйшло рашэнне звязаць жыццё з музыкай, зрабіць гэта прафесійным заняткам?
— Рашэнне прыйшло яшчэ ў дзяцінстве, калі я збірала вакол сябе сваіх бабуль і спявала ім частушкі, якім яны ж мяне і навучылі. Пытанне пра тое, каб пайсці ў музычную школу, нават не стаяла. Памятаю, як я прыбегла дадому і не магла нават адсапцiся ад шчасця, што я прайшла праслухоўванне і мяне бяруць на клас фартэпіяна. Прафесійным заняткам гэта стала не так даўно, бо ў музычны каледж я не паступала і трэба было спачатку скончыць навучанне ў вышэйшай адукацыйнай установе.
— Кажучы пра музычную наслуханасць: што гучала ў хаце ў дзіцячыя гады? Ці былі ў Вас тады куміры?
— Кумірамі былі мае бабуля i маці. Бабуля ў свой час магла са сваім талентам паехаць у Маскву і спяваць у вядомым на той час хоры, але гэта былі пасляваенныя гады і яе не пусцілі бацькі: трэба было гадаваць меншых братоў і сясцёр. Мая маці таксама мае добрыя вакальныя дадзеныя. Што датычыцца музыкі, якая гучала ў хаце, тут ужо адназначна паўплываў мой бацька. На той час мы слухалі гурты «Nautilus Pompilius», «Чорная кава», «Кіно» і Юрыя Антонава.
— Раней у Вас былі рускамоўныя тэксты. Калі і чаму Вы пачалі пісаць песні менавіта па-беларуску?
— Ідэя спяваць на беларускай мове была ў мяне даўно. Больш за тое, мне гэта было блізка: у школьныя гады амаль усе песні ў маім рэпертуары былі на беларускай мове. У сакавіку 2022 года я адчувала, што хачу напісаць меладычную песню пра каханне. І калі я пачала складаць тэкст па-беларуску, зразумела, што лепш гэта песня гучаць і не магла.
— Як Вы ставілі голас? Магчыма, спрабавалі экстрэмальныя віды вакалу?
— З самага пачатку голас мне ставілі ў маёй звычайнай школе на ўроках музыкі. Але ў старэйшых класах я кінула заняткі вакалам, бо наш калектыў расфарміравалі, і пачала самастойна разбіраць новыя песні. Аднойчы я паспрабавала заспяваць народную песню «Барыня», пасля чаго заняла з ёй першае месца на раённым конкурсе талентаў. Народныя спевы — самы экстрэмальны вакал, які я спрабавала.
— У Вашым творчым шляху быў доўгі перапынак. З чым гэта звязана? І чаму вырашылі вярнуцца да музыкі?
— Трэба было паступаць ва ўніверсітэт. Я была залатой медалісткай, бацькі бачылі мяне дзяўчынай з «сур’ёзнай» прафесіяй ў будучыні. Чатыры гады вучылася ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларуь, потым год магістратуры. Па сваёй натуры я вельмі адказны чалавек, таму ў гэты час я аддавалася вучобе і сапраўды думала, што мая цяга да музыкі засталася ў мінулым. Але неяк на мой дзень нараджэння сябры сабралі грошы і падарылі сінтэзатар. Гэта быў другі курс акадэміі, я начамі пісала песні і спрабавала пісаць аранжыроўкі. Пісаць ара жыроўкі — працэс вельмі складаны, дарэчы. Толькі ў 2018 годзе я пачала разбірацца ў праграме для напісання музыкі, а яшчэ праз два гады напісала песню, якая гучала сапраўды выдатна.
Працяг чытайце ў 3 нумары часопіса.
Аліна Пасавец
